Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шупа

серада 12 травень 2021

Архіў
травень 2021
пан аўт сер чац пят суб няд
26 27 28 29 30 1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31 1 2 3 4 5 6

Сёлета ў студзені ў менскім выдавецтве «Кнігазбор» стараньнем гарадзенскіх гісторыкаў Андрэя Бучы і Аляксандра Горнага выйшла кніга «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том ІІ. Кніга 1». Чым яна зьдзівіла, уразіла, зацікавіла?

Новая кніга сталася працягам сэрыі, запачаткаванай у 1998 годзе выданьнем І-га тому Архіваў БНР у дзьвюх кнігах (разам 1726 старонак), у які ўвайшлі матэрыялы часткі Архіваў, што захоўваюцца ў Вільні. Укладальнікам гэтага выданьня быў я, праца ў віленскіх і менскіх архівах і бібліятэках заняла шэсьць гадоў.

Паводле першапачатковай задумы, у наступны том сэрыі меліся ўвайсьці дакумэнты зь Нацыянальнага архіву РБ у Менску — збор прыблізна такога самага велізарнага аб’ёму, што і віленскі. Аднак з розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын гэтае выданьне на нейкі час затрымалася, і наперад вырвалася навуковая моладзь з Горадні, а другі том выйдзе трэцім.

«Віленская» і «менская» часткі Архіваў складаюць разам адзінае цэлае, каля 8 тысячаў дакумэнтаў, аднак там няма самых важных актаў — пратаколаў пасяджэньняў Рады БНР (зачатку парлямэнту) і Народнага сакратарыяту (ураду) за 1918 год, калі беларуская палітыка рабілася на беларускай зямлі.

Знайшлася «сякера пад лавай»

Сьлед гэтых дакумэнтаў губляўся ў паваенных часах, калі яны разам з матэрыяламі Расейскага замежнага архіву ў Празе былі перададзеныя ў Маскву. Калі ў сярэдзіне 1990-х рыхтавалася выданьне першага тома, я даверыўся інфармацыі вядучых беларускіх спэцыялістаў архіўнай справы, якія сьцьвярджалі, што гэтыя дакумэнты ня знойдзеныя. Так, у грунтоўным артыкуле 1993 году пра лёс Архіваў БНР паважаная архівістка Ганна Сурмач пісала: «Успомненых вышэй пратаколаў Рады і Сакратарыята няма. І дзе знаходзяцца — невядома».

І вось першая сэнсацыя: дакумэнты ня толькі што знайшліся ў Расейскім дзяржаўным архіве — яны, як выявілася, былі там выкладзеныя ў адкрыты фонд ужо ў 1988 годзе! У 2018 годзе, напярэдадні 100-годзьдзя БНР, дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Горны падчас навуковай стажыроўкі ў Маскве зьвярнуў увагу на гэтыя дакумэнты і разам з калегам Андрэем Бучам яны вырашылі выдаць іх друкам. Яны ўклалі том, падрыхтавалі тэксты да друку, напісалі прадмову і камэнтары і ў студзені 2021-га публікацыя пабачыла сьвет. У яе ўвайшлі пратаколы пасяджэньняў Народнага Сакратарыяту БНР за пэрыяд ад 21 лютага да 26 лістапада 1918 году.

Не хапае пратаколаў Рады БНР

Разглядаць пратаколы НС асобна, у адрыве ад астатняга масіву Архіваў — справа бясплённая. Пасяджэньні адбываліся нерэгулярна, ёсьць істотныя правалы ў часе, высьвятленьня якіх трэба шукаць у іншых гістарычных крыніцах. Найбольш засмучае, што тут жа пад рукой няма пратаколаў пасяджэньняў Рады БНР, якія ўкладальнікі вырашылі выдаць у 2-й кнізе 2-га тома — яны б істотна дапоўнілі карціну. Ну нічога, чакалі доўга — пачакаем яшчэ трошкі.

Цяпер пра тое важнае або проста цікавае, што вычыталася ў гэтай кнізе.

У 1918 і назад. Пару дарожных нататак

  • Ужо ў пратаколе № 1 за 21 лютага прагучала тэма беларускай шматмоўнасьці: была прынятая пастанова надрукаваць Устаўную грамату на 4 мясцовых мовах. Праз 10 гадоў гэтыя 4 мовы — беларускую, ідыш, расейскую і польскую — зацьвердзіць у якасьці афіцыйных Канстытуцыя БССР.
  • Крыху кур’ёзны артэфакт — пратакол № 3 за 23 сакавіка, які напісаны на блянку «Журнала заседаний Совета Народных Комиссаров Западной Области и фронта». «Комиссаров Западной Области и фронта» закрэсьлена і паверх надпісана «Секретарей». Чаго блянкам прападаць. У гэтым самым пратаколе — пра рашэньне наконт адмены дэкрэтаў СНК: «Пока отложить». Эээ... што?
  • Паміж 25 лютага, калі немцы выселілі Народны Сакратарыят з дому з бальконам на Пляцы Волі, і 20 сакавіка, калі беларускі ўрад пераняў памяшканьне над будучай «Чабурэчнай» (Валадарскага, 9, а тады — Захараўская, 43), у дзейнасьці НС паўза.
  • На пасяджэньні НС 24 сакавіка — ні слова пра пасяджэньне Рады БНР увечары таго дня. Мабыць, мала хто чакаў, чым тое пасяджэньне скончыцца пад раніцу наступнага дня.
  • Для будучых гістарычных бэлетрыстаў — справа Язэпа Мамонькі, якога ў канцы сакавіка арыштавалі нібыта за ўдзел у «грабяжы». Больш пра гэтую справу нічога не вядома. Народны Сакратарыят прапаноўваў прасіць вызваленьня Мамонькі пад «узяцьце на парукі». Хто ведае — чаму Мамонька (разам з Шылам і Грыбам) трапіў у прыпеўку, якую сьпявае Мікіта Зносак у Купалавых «Тутэйшых»... Гістарычны факт: Язэп Мамонька пасьпеў пасядзець у турме падчас усіх уладаў, якія зьмяніліся ў Беларусі ў 1910-20 гадах.
  • Важная дата: 30 сакавіка пастановай Народнага Сакратарыяту БНР беларуская мова абвяшчаецца Дзяржаўнай мовай БНР, мовы нацменшасьцяў — нараўне зь дзяржаўнай. Раней гэтая дата падавалася паводле публікацыі пастановы ў друку — 3 красавіка.
  • Абвяшчэньне Незалежнасьці на месцах часам выклікала шок: «Койданаўская Беларуская Рада надта перапужалася аб’яўленьня незалежнасьці і спыніла пакуль што сваю работу, пакуль ня будзе выясьнена ўсё тое, што заставіла Раду БНР аб’явіць незалежнасьць», дакладае НС старшыня Койданаўскай Рады. Вырашана: паслаць Тамаша Грыба ў Койданава, каб правёў там растлумачальную работу.
  • Нямецкія акупанты завялі на тэрыторыі Беларусі сярэднеэўрапейскі, бэрлінскі час, таму дамаўляючыся пра час, трэба было ўдакладняць: «пасядзэньня Сэкрэтарыяту назначэна на 8 гадзін па-нямецку», «в 6 ч. вечера по белорусскому времени», «у 6-8 гадзін па эўрапейскаму часу».
  • Яшчэ адна рэакцыя на абвяшчэньне Незалежнасьці — ужо станоўчая, але ацаніце настрой, «вочы баяцца, рукі робяць»: «31 сакавіка адбылося пасяджэньне Магілёўскай Беларускай Рады, на каторым былі галасы нават (!) за Заходнюю арыентацыю, за ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і за аб’яўленьне яе нават (!) незалежнай» (выдзяленьні і выклічнікі мае — СШ).
  • І яшчэ да ўвагі бэлетрыстаў: 3 траўня кіраўнік НС Язэп Варонка дакладае: «У Менск нібы прыехала партыя Беларускіх тэрарыстаў (Зялёны Дуб) пастанавіўшая зьнішчыць усіх тых, у каго зьявілася думка аб пасылцы тэлеграмы імпэратару Вільгельму». Пастаноўлена: Прасіць камэндатуру купіць зброю для сяброў як НС, так і Рады, але паводле рэкамэндацыі НС.
  • Важная дата: 23 красавіка пастаноўлена замест пячаткі НС з снапом, касой і граблямі зацьвердзіць пячатку з «Пагоняй».
  • Гісторыя рэчаў: Аўтамабіль «Студэбэкер». Высланая ў Кіеў Надзвычайная дэлегацыя для міжнародных перамоваў на чале з Аляксандрам Цьвікевічам дзеля саліднасьці купіла для патрэбаў Народнага Сакратарыяту аўтамабіль памянёнай маркі за 8000 рублёў, капітальны рамонт каштаваў яшчэ 4459 рублёў 40 капеек. Але выявілася, што ўтрыманьне аўтамабіля каштуе занадта дорага — за час эксплюатацыі гэтыя выдаткі склалі яшчэ 6540 рублёў. Пры куплі было абяцана пры першай магчымасьці перадаць машыну ў Менск. Праходзіць яшчэ некалькі месяцаў, машына так і ня выехала з Кіева, і НС пастанаўляе: прадаць. Канец гісторыі невядомы.
  • І проста так. З дакладу консула ў Маскве Алеся Бурбіса, 23 ліпеня: «У бальшавікоў увайшло ў моду пасылаць сваіх людзей, каб падымаць паўстаньне на Беларусі, Украіне і інш. на што даюць вялікія грошы але гэтыя агітатары, пабраўшы авансы, не даяжджаюць да мейсца».

Першы том Архіваў БНР выйшаў пад 25 сакавіка 1998 году, першая кніга другога — добры падарунак на 25 сакавіка 2021-га. Віншую Аляксандра Горнага і Андрэя Бучу з гэтым выданьнем, з Днём Волі, жадаю кожны год сустракаць гэты дзень новай кнігай.

Ну і апошняе і ня менш важнае: Тыраж кнігі — 200 асобнікаў. Так што сьпяшайцеся, калі ня хочаце спазьніцца! Кніга прадаецца на сайце кампаніі «Тэхналёгія» і ў інтэрнэт-крамах knihi.by і kniganosha.by.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

Чытач нашай фэйсбучнай суполкі «Толькі пра мову» задаўся такім пытаньнем:

А як тутэйшы гісторыка-лінгвістычна-палітычна абазнаны люд ставіцца да таго, што краіну — нашую суседку з паўночнага-захаду, на Радыё Свабодзе (нават!!!) называюць скарочанай назвай нашай некалі існаваўшай агульнай дзяржавы, якая даўно знікла? Чаму б не выкарыстоўваць транслітарацыю ейнае саманазвы на ейнае мове — «Летува»? Каб не блыталася.

Адказваем за Радыё Свабода.

Што такое Літва

Літва — наша старажытнае слова: Литъва і балцкае Lietuva — дакладныя этымалягічныя адпаведнікі. То бо мы тую назву спрадвеку маем па-свойму. Словы Літва, літвін, літоўскі ў старабеларускай мове ад пачатку азначалі балцкае аб’яднаньне плямёнаў, яго прадстаўнікоў ды іхную мову, а потым, у эпоху ВКЛ, займелі некалькі значэньняў — і названае, і якое стасавалася агульнай дзяржаўнай прыналежнасьці людзей ды іхных моваў, у тым ліку беларускай, і якое апісвала адпаведны рэгіён ВКЛ.

З пачаткам мадэрнага беларускага нацыянальнага руху ў XIX ст. гэтымі словамі зноў пачалі называць перадусім суседні балцкі народ і яго мову. У Каліноўскага («Ліст з-пад шыбеніцы»), а пазьней пасьлядоўна ў Каруся Каганца бачым слова «літоўцы»; у мове «Нашай Нівы», ува ўсім спэктры беларускага грамадзкага і палітычнага жыцьця пачатку ХХ стагодзьдзя, у БНРаўскай дзяржаўнай палітыцы і г.д. так ужываюць увесь набор словаў. Яны зафіксаваныя ў тагачасных нарматыўных слоўніках, падручніках, даведніках.

З дыскусіяў вакол тэрмінаў Літва і Летува, «Наша Ніва», Вільня, 1992
З дыскусіяў вакол тэрмінаў Літва і Летува, «Наша Ніва», Вільня, 1992

Усе беларускія дзеячы, ня менш сьвядомыя за нас цяперашніх, спакойна давалі сабе рады зразумець, пра каторую Літву ідзецца — этнічную ці гістарычную. Ім гэтая аманімія не перашкаджала весьці адраджэнскую, асьветніцкую і дзяржаватворчую працу. Мовазнаўцы, якія зьберагалі міжваенную клясычную традыцыю, не сумняваліся, што Літвою завецца і суседняя дзяржава, гл. напр. Ангельска-беларускі слоўнік Валянтыны Пашкевіч (2005 г.).

А назва «Летува» непрымальная ня толькі таму, што мы ўжо маем гістарычную, утвораную паводле фанэтычных законаў назву. Яна пярэчыць прыродзе беларускай мовы, бо ад яе немагчыма карэктна ўтварыць неабходныя словы — прыметнік, назвы прадстаўнікоў народу мужчынскага і жаночага роду. У выдуманых словах-калеках накшталт «летувіскі» канчаткі сьмела робяць суфіксамі. Адэпты ўвядзеньня слова «Летува» і падобных у беларускую мову ставяць у іх націск па-рознаму, пацьвярджаючы, што гэта імправізацыя, некампэтэнтная зь лінгвістычнага гледзішча.

Галоўнае — гістарычная адукацыя

Дый з нацыятворчага гледзішча — таксама збыткоўная імправізацыя. Для сучасных беларусаў Літва — назва сёньняшняй суседняй краіны. І корань праблемы ў правалах нашай гістарычнай адукацыі. Кожны беларус мусіў бы ведаць, што Літва — гэта і яго старадаўняя краіна. Калі такое з маленства ўкласьці ў галовы — ніхто ня будзе блытаць Літву-1 і Літву-2.

Прыклад таго, што ўсе ўсё разумеюць, — Польшча. Для (многіх) палякаў Літва («наша») — нешта значна больш роднае і бліжэйшае, чым (на жаль!) для беларусаў. Кожны паляк працытуе «Litwo, Ojczyzno moja!..», ведаючы, што гэта ягонае. І ніводнаму паляку яшчэ ня стрэльнула ў галаву пераймяноўваць сёньняшнюю Літву — каб нейкія гопнікі ня блыталі яе зь Літвой Міцкевіча.

Тут ідзецца пра сьпеласьць нацыі. Палякі — сьпелая нацыя, ім назва сёньняшняй Літвы нічым не замінае. А ў некаторых беларусаў яшчэ застаецца комплекс непаўнавартасьці, ім здаецца, што назва сёньняшняй Літвы страшна замінае росту самасьвядомасьці беларусаў, у іх «крадуць» сваю, гістарычную Літву... Дык пара ўжо ад гэтых дзіцячых комплексаў вызваляцца.

Галоўнае ў навязваньні грамадзтву словаў-монстрыкаў накшталт «Лету́ва» нават ня іх беспадстаўнасьць і неэстэтычнасьць, а тое, што ўсё адно трэба будзе тлумачыць, што была наша, гістарычная Літва. (Праўда, падазраем, што «летувісты» лічаць інакш: маўляў, досыць толькі зьмяніць назву — і ўсё разьвяжацца само сабой. Але ж гэта аблуда.)

Пазбавіцца комплексу

Дык вось, гістарычнай адукацыяй давядзецца займацца ў кожным разе. І калі ўдасца навучыць людзей — што такое наша гістарычная Літва і як яна нам дарагая — нашто тады наагул будуць тыя лінгвістычныя выбрыкі зь «Лету́вай» і «летувíсамі»? І хто сказаў, што навучыць масы новай назьве будзе лягчэй, чым растлумачыць, што Літва — гэта найперш наша гісторыя (прычым супольная зь сёньняшнімі літоўцамі — ад гэтага ніхто не памрэ)? Комплекс зьнікне — і непатрэбныя будуць такія сумнеўныя «лекі». А праблемы з гістарычнымі назвамі маюць і ўкраінцы (Русь), і грэкі (Македонія), ёсьць іншыя прыклады блуканьня назваў, як тая самая Альбанія ці Брытанія.

Саміх «летувíсаў» гэтыя тэрміны ў беларускай мове нямала напружваюць. На пачатку 1990-х адбылася спрэчка паміж віленскімі беларускімі і літоўскімі інтэлектуаламі, пасьля якой і пастаноўлена было перастаць ужываць такія словы ў беларускіх выданьнях. Усякая канфрантацыя паміж беларусамі і літоўцамі (а гэтыя тэрміны яе ствараюць) — на руку вядома каму.

Карацей, адчуйма сябе прадстаўнікамі сьпелай эўрапейскай нацыі, сьвядомай сваёй гісторыі, пазбаўленай дзіцячых комплексаў.

Сяргей Шупа і Вінцук Вячорка ў двары разьбяра Апалінара Пупко зь ягонымі творамі ў руках. Івенец, лета 1983 году
Сяргей Шупа і Вінцук Вячорка ў двары разьбяра Апалінара Пупко зь ягонымі творамі ў руках. Івенец, лета 1983 году

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG