Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія адвакаты ад імя 10 рэпрэсаваных беларусаў патрабуюць прызнаць Лукашэнку і ягоны рэжым «тэрарыстычнымі»


Аляксандар Лукашэнка, 16 жніўня 2020 году.

Адвакаты ад імя дзесяці беларусаў зьвярнуліся ў Фэдэральную пракуратуру Нямеччыны, заявіўшы аб учыненьні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Група нямецкіх адвакатаў на чале з прызнаным спэцыялістам у абароне ахвяраў тэрору Анурам Озатам (Onur Özata) падала 5 траўня заяву фэдэральнаму пракурору ў Карлсруэ. Акрамя яго заяву падпісалі юрысты Марк Лупшыц (Mark Lupschitz), Роланд Краўзэ (Roland Krause) і Бэнэдыкт Люкс (Benedikt Lux).

Тэкст дакумэнту Свабода атрымала з адвакацкага офісу Анура Озата.

У ім адвакаты прад'яўляюць абвінавачваньні Аляксандру Лукашэнку і іншым дзяржаўным чыноўнікам Беларусі ў злачынствах супраць чалавечнасьці паводле міжнароднага крымінальнага кодэксу.

Перадумовай заявы зьяўляюцца шматлікія выпадкі катаваньняў, празь якія прайшлі ахвяры, а таксам факты тэрору Лукашэнкі супраць уласнага народу. Адвакаты ў працэсе будуць прадстаўляць ахвяраў і сьведак — грамадзян як Беларусі, так і іншых краінаў.

Цяпер адвакатам вядомыя больш чым 100 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў з маўклівай згоды вышэйшага Беларусі. Дзесяць ахвяраў даручылі падпісантам падаць ад імя іх крымінальныя абвінавачваньні супраць сыстэматычных катаваньняў, каб дамагчыся расьсьледаваньня пад юрысдыкцыяй Нямеччыны.

Беларускі актывіст зь Нямеччыны, публічны каардынатар групы адвакатаў Антон Малкін паведаміў Свабодзе, што насамрэч у іх зафіксавана больш за 100 выпадкаў катаваньняў у Беларусі, а ёсьць яшчэ і неаформленыя.

«Гэтыя дзесяць выпадкаў абраныя дзеля таго, каб працэс пайшоў максымальна хутка і эфэктыўна. Мы ня ставім задачай усё расьсьледаваць і ўсіх пакараць. Мы зносім рэжым», — адзначыў суразмоўца.

Нямеччына ўжо прадэманстравала ў выпадку з Сырыяй, што падобныя злачынствы супраць чалавечнасьці могуць перасьледвацца і карацца. Некалькі тыдняў таму Эйяд А., былы супрацоўнік сакрэтнай службы сырыйскага рэжыму, паўстаў перад Вышэйшым рэгіянальным судом Кобленцу паводле абвінавачваньня ў катаваньнях і пазбаўленьня свабоды і быў асуджаны на 4,5 гады турэмнага зьняволеньня.Паводле ініцыятараў, мэтай працэсу зьяўляецца рашэньне Вярхоўнага суду Нямеччыны, якое паслужыць асновай для падачы заяўкі ў групу COMET у Брусэлі.

У такім выпадку, абапіраючыся на Агульную пазыцыю Рады Бясьпекі 2001/931/ CFSP у справе тэрарызму, зьявіцца падстава ўнесьці Лукашэнку і ягоных памагатых у сьпісы міжнародных тэрарыстаў, мяркуюць аўтары заявы.

Па словах нямецкіх юрыстаў, унівэрсальная юрысдыкцыя прадугледжвае магчымасьць прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам і ўчыненыя ў іншых дзяржавах. У той жа час у Беларусі ні Лукашэнку, ні супрацоўнікам ягоных сілавых ведамстваў не пагражаюць прававыя наступствы празьмернага прымяненьня сілы і катаваньняў.

Па словах юрыстаў, іх кліенты паскардзіліся на цялесныя катаваньні, катаваньні пазбаўленьнем ежы і сну, абразы і зьнявагі, з прычыны чаго здароўю ўсіх іх была нанесеная сур’ёзная шкода. У прыватнасьці, яны паведамілі пра тое, што ім даводзілася цягам многіх гадзін стаяць на каленях са зьвязанымі рукамі. «У цэлым дзеяньні ўладаў можна назваць толькі зьверскімі», — адзначылі адвакаты.

Падчас пратэстаў у Беларусі былі арыштаваныя і затрыманыя амаль 35 тысяч чалавек, сотні пацярпелі, некалькі чалавек загінулі.

Ціханоўская: «Беспакаранасьці ў Беларусі ўжо ніколі ня будзе»

Так Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала навіну пра запуск у Нямеччыне расьсьледаваньня супраць злачынстваў беларускага рэжыму.

Ціханоўская паведаміла, што 17 чалавек ужо падалі ў Літве дакумэнты на расьсьледаваньне катаваньняў супраць іх з боку беларускіх сілавікоў. На чарзе яшчэ 30 заяў, якія пададуць у Літве, Польшчы і Чэхіі.

У сьнежні літоўская пракуратура завяла справу паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі за зьбіцьцё Максіма Харошына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG