Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Алеся Шута


Алесь Шут

Падзеі 5 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1581 — у горадзе Астрогу выйшаў каляндар Івана Фёдарава. Да кожнага месяца былі надрукаваныя вершы беларускага паэта Андрэя Рымшы.

1891 — у Нью-Ёрку адчынілася канцэртная заля Карнэгі-хол, дырыжорам першага канцэрту быў Пётар Чайкоўскі.

1945 — пачалося антынацысцкае паўстаньне ў Празе.

1978 — адкрыўся Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы

2011 — у Менску пачаўся працэс «Някляева — Рымашэўскага» — двух экс-кандыдатаў на прэзыдэнта, якіх абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку. Разам зь імі ў справе праходзілі таксама члены ініцыятыўных груп.

У гэты дзень нарадзіліся

1818Карл Маркс, нямецкі эканаміст і філёзаф.

1819Станіслаў Манюшка, польскі і беларускі кампазытар. Ён лічыцца стваральнікам беларускай клясычнай опэры.

Бюст Станіслава Манюшкі ў «Музычнай гасьцёўні» Сьмілавічаў
Бюст Станіслава Манюшкі ў «Музычнай гасьцёўні» Сьмілавічаў

1831Уладзіслаў Борзабагаты, паўстанцкі камісар Наваградзкага павету падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1846Генрык Сянкевіч, пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1917Юры Багушэвіч, беларускі пісьменьнік, перакладчык.

1921 Рыгор Булацкі, беларускі пэдагог і гісторык, першы дэкан факультэту журналістыкі БДУ.

1934Аляксей Гардзіцкі, беларускі літаратуразнаўца.

1936Васіль Якавенка, беларускі празаік, публіцыст, грамадзкі дзеяч.

1952 Алесь Шут, мэдык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. XXI ст., дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.

Вы, магчыма, памятаеце: у дні жнівеньскага путчу 1991 году ў адным з вокнаў Дому ўраду вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Ён рабіў дужэйшымі моцныя сэрцы і вяртаў надзею слабым. Сьцяг прынёс з плошчы, дзе ішоў няспынны мітынг, і вывесіў з вакна 363-га пакою, дзе працавала апазыцыя БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савету з Лагойску Алесь Шут, прафэсіяй хірург, а паводле перакананьняў — непахісны незалежнік.

Той сьцяг лунаў над плошчай і ўсе дні, пакуль доўжылася гістарычная Сэсія незалежнасьці. Пазьней яго фатаздымак аздобіў вокладку першага выданьня кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» (ёю распачаўся сапраўдны летапіс найноўшай беларускай гісторыі).

Сьцяг Алеся Шута ў Доме ўраду, вокны Апазыцыі БНФ. Фота Ул. Кармілкіна
Сьцяг Алеся Шута ў Доме ўраду, вокны Апазыцыі БНФ. Фота Ул. Кармілкіна

Алесь Шут — сярод 35 дэпутатаў, якія паставілі ў 1990-м подпісы пад праектам Дэклярацыі аб дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Праект стаўся асноваю Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, што 25 жніўня 1991 году набыла статус канстытуцыйнага закону. Лагойскі дэпутат удзельнічаў у распрацоўваньні канцэпцыі пераходу краіны да рынкавай эканомікі і адпаведнага блёку законапраектаў.

Усе шэсьць гадоў дэпутацтва Алесь, сын рэпрэсаванага «кулака», пасьлядоўна змагаўся за права прыватнай уласнасьці на зямлю.

Яшчэ да незалежнасьці ён раскрыў з трыбуны сэсіі злачынны загад рэспубліканскага Саўміну аб закупцы мяса без уліку яго радыяактыўнай забруджанасьці і назваў гарады, куды гэтае мяса паступала на перапрацоўку, — Гомель, Магілёў, Горадня, Бабруйск, Барысаў, Слуцак, Мёры, Бяроза, Крычаў... Агучаны быў і выдадзены тады пад грыфам «сакрэтна» загад Міністэрства аховы здароўя СССР: пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы (каб схаваць іх рэальную колькасьць) ставіць у бальнічным лісьце хлусьлівы дыягназ «вэгета-судзінная дыстанія». Зрабіць закіды ў непрафэсіяналізьме намесьніку галоўнага доктара бальніцы ніхто не адважыўся.

У векапомнае 25 жніўня Алесь Шут быў у ліку тых дэпутатаў, хто сагнаў з трыбуны А. Малафеева — чальца зусім нядаўна ўсёмагутнага палітбюро ЦК КПСС і першага сакратара ЦК КПБ.

Алесь Шут пасьля зьбіцьця ў часе галадоўкі, 12 красавіка 1995.
Алесь Шут пасьля зьбіцьця ў часе галадоўкі, 12 красавіка 1995.

У красавіку 1995-га пра Алеся зноў загаварыла ўся краіна.

Пасьля зьбіцьця дэпутатаў ад апазыцыі, што ў Авальнай залі Дому ўраду галадоўкаю пратэставалі супроць нелегітымнага рэфэрэндуму, кіраўнік дзяржавы цынічна заявіў: «Ніхто іх ня біў». Адказваючы на падман, Шут перад удзельнікамі сэсіі падняў кашулю і паказаў на сьпіне велізарны крывападцёк. Яго білі двойчы — у Авальнай залі і потым — міліцэйскімі дручкамі, калі апазыцыянэраў развозілі і выкідалі з варанкоў.

Да апошніх месяцаў невылечна хворы доктар Шут працягваў рабіць апэрацыі.

За тры дні да разьвітаньня з жыцьцём яму — «за заслугі ў здабыцьці незалежнасьці Беларусі» — уручылі мэдаль Рады БНР «100 гадоў Беларускай Народнай Рэспублікі».

А той гістарычны жнівеньскі сьцяг Алесь падараваў унуку Кастусю.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 750–751

1960Юрась Беленькі, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з кіраўнікоў КХП-БНФ.

У памяці

1821 — на востраве Сьвятой Алены памёр Напалеон I Банапарт, францускі імпэратар.

1977 — памёр Людвіг Эрхард, нямецкі палітык і эканаміст, «бацька» пасьляваеннага нямецкага «эканамічнага цуду», канцлер Нямеччыны ў 1963–1966 гадах.

2016Аляксандар Талерчык, інжынэр, краязнаўца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Аляксандар Талерчык ля помніка кампазытару Антону Валынчыку
Аляксандар Талерчык ля помніка кампазытару Антону Валынчыку

Чытаю кнігу Аляксандра Талерчыка «Парэчча», ахвяраваную яго роднай вёсцы, і думаю: калі б такія кнігі выйшлі пра кожныя нашыя мястэчка ці вёску, мы маглі б жыць у іншай Беларусі.

На 150 старонках зь любасьцю і гонарам, часам з гневам (гісторыя павінна быць злапамятлівай) узнаўляецца мінулае старадаўняга паселішча, пачынаючы з вусных аповедаў пра яго заснавальнікаў. Магутны беларускі род уладальнікаў вёскі Валовічаў. Прыход расейскіх калянізатараў. Вясковыя сьвятары і настаўнікі. Першая і Другая ўсясьветныя войны. Новы прыгон — калгасная няволя.

Асаблівае месца ў кнізе займаюць разьдзелы пра вызвольнае паўстаньне 1831 году і ўдзел у ім Міхала Валовіча, аднаго з герояў «Імёнаў Свабоды». Аўтар стварае яскравы вобраз патрыёта-інсургента, які вярнуўся з эміграцыі на радзіму, каб працягваць збройную барацьбу, і побач зь ім — выразны, запамінальны партрэт тагачаснага горадзенскага губэрнатара, колішняга дзекабрыста, а затым вернага царскага сатрапа і ката паўстанцаў Міхаіла Мураўёва, што застаўся ў памяці беларусаў як Мураўёў-Вешальнік.

Ушанаваньне памяці Міхала Валовіча было сярод найважнейшых клопатаў спадара Аляксандра. У Парэччы, дзе ягоная кніга, кажуць, ёсьць у кожным доме, Талерчык з аднадумцамі ўсталяваў мэмарыяльны знак і крыж герою-земляку ды ягоным паплечнікам. Штогод там адбываюцца патрыятычныя імпрэзы.

Ён дамогся ад абласнога начальства і мэмарыяльнай шыльды з надмагільным помнікам пахаванаму ў Горадні кампазытару Антону Валынчыку, якога ня надта шанавала савецкае чынавенства.

Паводле адукацыі Талерчык быў інжынэрам, аднак яго глыбока паважалі прафэсійныя слугі Кліё.

У памяці гарадзенцаў ён застанецца таксама адным з заснавальнікаў гістарычна-культурнага таварыства «Паходня». Зь сярэдзіны 1980-х гадоў яно ладзіла Купальлі і Дзяды, сустрэчы з вучонымі, пісьменьнікамі і мастакамі, літаратурныя вечарыны і краязнаўчыя канфэрэнцыі да 400-годзьдзя Статуту Вялікага Княства Літоўскага, 125-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага... Пры таварыстве дзейнічала скаўцкая суполка і хор «Бацькаўшчына».

Аляксандар Талерчык меў дачыненьне да ўсіх гэтых справаў. На паседжаньнях «Паходні» ён прачытаў дзясяткі лекцыяў. Ня ўсе ведаюць: частку заробку ён штомесяц выдзяляў «на беларушчыну». А вось ягоныя словы, што ператварыліся ў аўтограф мне ў кнізе «Парэчча»: «Ідзём мы па сьвеце не адны. Побач з намі тыя, хто крочыў па гэтай зямлі на стагодзьдзі раней, хто бараніў яе дзеля нашчадкаў і незалежнасьці, якую нікому не аддамо».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 690–691

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG