Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Старым замку Горадні пачалі другі этап рэканструкцыі. Што ня так? 4 галоўныя пункты


Стары замак, 29 красавіка 2021 году

У Горадні пачалі аднаўляць каралеўскі палац — гэта частка комплексу Старога замка і ўжо другі этап працаў. Навукоўцы лічаць, што яго могуць адбудаваць з сур’ёзнымі памылкамі. Тлумачым, у чым праблемы.

Як прайшоў першы этап рэканструкцыі?

Стары замак у Горадні аднаўляюць з 2014 году. Тады ў адной з заляў музэю правалілася падлога. Праект, на які абапіраюцца пры рэканструкцыі, распрацаваў 30 гадоў таму Ўладзімер Бачкоў. Ён, у сваю чаргу, арыентаваўся на працы Яраслава Вайцяхоўскага 1930-х гадоў, у якіх пазьней навукоўцы знайшлі шэраг памылак.

Навуковы кіраўнік Уладзімер Бачкоў, архіўнае фота
Навуковы кіраўнік Уладзімер Бачкоў, архіўнае фота

Летась скончылася першая чарга рэканструкцыі: гэта ўваходная брама і сьцяна зь вежай над Нёманам (левая частка комплексу, калі стаяць тварам да ўваходу ў замак). Сёлета ўлетку новая экспазыцыя музэю мае адкрыцца ў адным з будынкаў пасьля рэканструкцыі — так званай «камяніцы».

Першая чарга рэканструкцыі
Першая чарга рэканструкцыі
Уваходная брама
Уваходная брама
Від на ўваходную браму з боку двара
Від на ўваходную браму з боку двара
Упрыгожаньні на браме
Упрыгожаньні на браме
Упрыгожаньні на браме
Упрыгожаньні на браме

Пабудова «камяніцы» — вялікага будынку на некалькі паверхаў, якога ня бачыў ніхто з сучасьнікаў — стала адным з самых спрэчных момантаў першай чаргі. Дасьледчык Старога замка гісторык Мікола Волкаў аспрэчваў яе, кажучы, што на гэтым месцы была толькі невялікая зьнешняя лесьвіца. Археолягі не знайшлі падмуркаў «камяніцы». Навуковы кіраўнік Уладзімер Бачкоў абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што на гравюры Макоўскага 1600 году, якая схематычна паказвае від цэнтру гораду, «камяніца» ўсё ж відаць, а падмуркаў не знайшлі, бо яна была драўляная.

Вежа над Нёманам і «камяніца» пры ёй зьлева
Вежа над Нёманам і «камяніца» пры ёй зьлева
Від на браму, вежу і «камяніцу» з боку двара
Від на браму, вежу і «камяніцу» з боку двара

Што з другой чаргой?

У жніўні 2020 году пачалося праектаваньне другой чаргі рэканструкцыі Старога замка — каралеўскага палаца. Будаўнічых працаў яшчэ не вядуць. Цяпер гэта адносна добра захаваны двухпавярховы будынак, да 2014 году музэй месьціўся якраз тут.

Так выглядае каралеўскі палац з боку двара
Так выглядае каралеўскі палац з боку двара
Так выглядае каралеўскі палац звонку (палац справа)
Так выглядае каралеўскі палац звонку (палац справа)
Двор Старога замка на ілюстрацыі Паўла Татарнікава. Палац зьлева
Двор Старога замка на ілюстрацыі Паўла Татарнікава. Палац зьлева

Каб не дапусьціць у другой чарзе рэканструкцыі такіх памылак, як з «камяніцай», групе гісторыкаў і археолягаў (сярод якіх Андрэй Вашкевіч, Натальля Кізюкевіч, Алесь Хацько, Яўген Махнач) замовілі комплекснае дасьледаваньне палаца. Тыя склалі даведку ў сямі тамах, якая абвяргае асноўныя тэзісы праекта Бачкова. У публічным доступе даведкі няма, бо, па словах начальніцы ўпраўленьня культуры горадзенскага аблвыканкаму Алены Клімовіч, яна «вельмі вялікая, каб яе вывесіць».

«Гэтыя дасьледаваньні цягнуцца цэлае стагодзьдзе. Таго, што здавалася дастатковым і зразумелым у 1930-я гады нашым папярэднікам „за польскім часам“, для нас у 1980-я гады было замала. Тое, што было зроблена ў 1980–90-х, таксама на сёньня выглядае недастатковым», — адзначыў дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю, што ў Старым замку, Юры Кітурка.

Ён заўважыў, што ў інтэрпрэтацыях ранейшых матэрыялаў сустракаюцца памылкі, а ў Беларусі не хапае кваліфікаваных спэцыялістаў.

29 красавіка ў Горадні прайшла навуковая канфэрэнцыя па праблемах аднаўленьня Старога замка. На ёй навукоўцы назвалі пункты, па якіх яны не згаджаюцца з праектам рэканструкцыі.

Прысутнічалі дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка, начальніца ўпраўленьня культуры горадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч, навуковы кіраўнік рэканструкцыі Ўладзімер Бачкоў, галоўны архітэктар праекту з «Гроднаграмадзянпраекту» Алег Шымбарэцкі, кіраўніца археалягічных працаў Натальля Кізюкевіч, гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Яўген Махнач, менскі архітэктар Андрэй Шулаеў, іншыя архітэктары, гісторыкі, экскурсаводы, жыхары гораду. Не было прадстаўнікоў Міністэрства культуры.

Што ня так з аднаўленьнем палаца?

1. Рызаліт, або яшчэ адна прыбудова замест лесьвіцы

«Рызаліт» азначае прыбудову, якая выступае за асноўную лінію фасада, звычайна пасярэдзіне будынка, ва ўсю яго вышыню. Цяпер у палацы рызаліта няма. Афіцыйныя рэканструктары Бачкоў і Шымбарэцкі плянуюць яго прыбудаваць. Іхнія апанэнты (гісторыкі, архітэктары, археолягі) настойваюць, што рызаліта не было ніколі, на гэтым месцы існавала толькі адносна невялікая зьнешняя лесьвіца. Супраць рызаліта сьведчаць археалягічныя дасьледаваньні, інвэнтары і пляны замка 1650–1760-х гадоў.

Археоляг Натальля Кізюкевіч, якая займаецца дасьледаваньнем зямлі каля Старога замка з пачатку рэканструкцыі, заявіла, што яны знайшлі ў гэтым месцы толькі тры масівы часоў Баторыя, якія маглі быць асновай аднамаршавай лесьвіцы звонку будынка. Доказаў існаваньня рызаліта, кажа яна, археолягі ня выявілі.

Археоляг Натальля Кізюкевіч
Археоляг Натальля Кізюкевіч
Раскоп каля каралеўскага палаца
Раскоп каля каралеўскага палаца

Натальля Кізюкевіч прапаноўвала адправіць фрагмэнты цэглы, знойдзеныя на розных участках, на аналіз у Польшчу — там могуць вызначыць час вырабу цэглы з дакладнасьцю да году. Такія дадзеныя здымуць сумневы наконт пэрыядаў пабудовы таго ці іншага ўчастка будынку.

Архітэктар зь Менску, дасьледчык некалькіх беларускіх замкаў (Крэўскага, Гальшанскага, Смалянскага, Любчанскага) Андрэй Шулаеў паказаў, як прыкладна выглядала гэтая лесьвіца.

Архітэктар Андрэй Шулаеў
Архітэктар Андрэй Шулаеў
Галоўны архітэктар праекту Алег Шымбарэцкі
Галоўны архітэктар праекту Алег Шымбарэцкі

Галоўны архітэктар праекту Алег Шымбарэцкі даводзіў, што лесьвіцы быць не магло, бо яна б закрывала адно з вокнаў. Шулаеў адказаў, што лесьвіцы не канечне павінны былі шчыльна судакранацца з будынкам. Іх часта будавалі ў самым канцы працаў, і тады яны закрывалі частку вокнаў, але ў эўрапейскіх краінах у гэтым ня бачылі перашкоды.

Пасярэдзіне палаца можа зьявіцца прыбудова — рызаліт
Пасярэдзіне палаца можа зьявіцца прыбудова — рызаліт
Так выглядае рызаліт на эскізным макеце
Так выглядае рызаліт на эскізным макеце
Так архітэктар Андрэй Шулаеў схематычна прадставіў, якой была зьнешняя лесьвіца ў палацы
Так архітэктар Андрэй Шулаеў схематычна прадставіў, якой была зьнешняя лесьвіца ў палацы

Гісторыкі Яўген Махнач і Алесь Хацько прааналізавалі ўсе інвэнтары Старога замку, якія захаваліся ад 1650-га да 1760-х гадоў. Яны прасачылі, як зьмяняліся памяшканьні замку і ўваходы ў яго. І вызначылі, што лесьвіца існавала яшчэ ў часы Баторыя, да 1650 году. Гэтым яны аспрэчылі думку Шымбарэцкага, што расейцы, калі прыйшлі ў Горадню ў 1655 годзе, зьнішчылі рызаліт, а пазьней на гэтым месцы зьявілася лесьвіца.

Гісторык Яўген Махнач
Гісторык Яўген Махнач

Дзеля пабудовы рызаліту трэба будзе закладаць новыя фундамэнты і нішчыць археалягічныя слаі, якія захаваліся да сёньня.

«Рызаліт» можа паўтарыць лёс вялізнай «камяніцы», якой, як сьцьвярджаюць гісторыкі, не было, але якая зьявілася ў апошнія 5 гадоў.

2. Тэраса

На дадатак да рызаліта плянуюць пабудаваць адкрытую тэрасу ў чатыры мэтры шырынёй на ўзроўні першага паверху ўздоўж усяго замку. Бачкоў зноў абапіраецца тут на гравюру Макоўскага. Гісторыкі, якія рыхтавалі комплекснае дасьледаваньне палаца, заяўляюць, што доказаў існаваньня тэрасы няма.

3. Атык, або трэці паверх замест дэкору

Паводле плянаў, у палацы зьявіцца атык. Атык — гэта дэкаратыўная сьценка на самым версе будынка. Аднак рэканструктары Бачкоў і Шымбарэцкі назвалі атыкам высокі трэці паверх, якога цяпер няма і які яны плянуюць дабудаваць.

Так выглядае атык каралеўскага палаца на эскізным праекце
Так выглядае атык каралеўскага палаца на эскізным праекце

Архітэктар Шулаеў аспрэчыў існаваньне атыка на палацы ў любым выглядзе. Ён расказаў, што атыкі зьявіліся ў старажытным Рыме. Іх будавалі на будынках зь нізкім дахам. Яны прызначаліся для збору ападкаў у засушлівых мясьцінах, дзе былі праблемы з вадой. Дажджавая вада зьбіралася на даху, а потым яна праз адмысловую сыстэму зьлівалася ў басэйн (імплювіюм). Італьянцы ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў распаўсюдзілі гэты звычай на Польшчу, Вугоршчыну і нават Маскоўскую дзяржаву.

Як зазначыў у сваім выступе гісторык Андрэй Вашкевіч, пра атык на палацы ў сваіх працах згадваў Вайцяхоўскі ў 1930-х гадах. Ён дапускаў, што ў палацы быў нізкі дах. Аднак пазьней адкрылі гравюру Макоўскага, на якой відаць, што дах у палаца быў высокі, двускатны. Такія дахі больш характэрныя для нашых мясьцінаў, дзе няма патрэбы зьбіраць ваду, наадварот — неабходна адводзіць ад будынка празьмерную вільгаць у выглядзе дажджу і сьнегу. Атык па сваім прызначэньні ня можа спалучацца з высокім дахам.

Гісторык Андрэй Вашкевіч
Гісторык Андрэй Вашкевіч

Гісторыкі Яўген Махнач і Алесь Хацько падчас дасьледаваньня не знайшлі дакумэнтальных доказаў існаваньня атыка.

У інвэнтарах апіваецца «заля з 12 вокнамі». Бачкоў мяркуе, што гаворка ідзе пра той трэці паверх, які ён называе атыкам. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што гэта невялікі пакой над паўночнай вежай (яна месьцілася ў дальнім правым куце замкавага комплексу), якая сёньня захавалася толькі часткова. Толькі над гэтай вежай, па апісаньнях, хутчэй за ўсё быў атык — «miejsce, balasami toczone» («месца, якое атачалі балясіны»). У верхнім памяшканьні вежы, на думку гісторыкаў, і месьцілася заля з 12 вокнамі. Адтуль зялёныя дзьверы («drzwi zielone malowane») вялі на паддашша («górę wszystkich pokojów»). То бок трэцяга паверху не было.

Не дасьледаванае пытаньне, ці вытрымаюць старыя сьцены палаца новы трэці паверх, якога раней не было.

4. Аднаўленьне на пэрыяд Баторыя зьнішчыць наступныя эпохі

Стары замак вырашылі аднаўляць на пэрыяд караля Стэфана Баторыя, гэта канец XVI стагодзьдзя. Значыць, усё, што было надбудавана пасьля, павінна быць зьнішчана. Гісторыкі мяркуюць, што ў замку ёсьць каштоўныя рэчы пазьнейшых часоў, якія варта захаваць. На кожным участку варта вырашаць гэтае пытаньне асобна.

Так, у каралеўскім палацы ўнутры будынка ёсьць лесьвіца саксонскіх часоў (XVIII стагодзьдзе). Падчас другой чаргі яе могуць зьнішчыць.

Калі ішло аднаўленьне першай чаргі, пад пагрозай аказаўся другі паверх брамы, датаваны XVII–XVIII стагодзьдзямі. Аднак пасьля выступленьняў гісторыка Міколы Волкава яго вырашылі захаваць, нягледзячы на папярэднія пляны яго зьнесьці.

Падчас археалягічных дасьледаваньняў у двары Старога замка знайшлі туалет XIX стагодзьдзя. Пакуль невядома, ці захаваюць яго

«Тое, што цяпер робіцца са Старым замкам, магчыма, самы важны архітэктурны аб’ект, самая важная праца ў нашым жыцьці, і ў вашым. Давайце падыдзем да яе вельмі сур’ёзна і вельмі адказна», — зьвярнуўся да праектантаў і архітэктараў Андрэй Вашкевіч у канцы свайго выступу.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG