Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці паэта Сыса


Каля магілы Анатоля Сыса ў Гарошкаве

Падзеі 4 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

4 траўня аматары культавай фантастычнай сагі Джорджа Лукаса адзначаюць Дзень «Зорных войнаў». Гэтая дата выбраная паводле папулярнай фразы, якая часта гучыць у фільме — «May the Force be with you» (Хай будзе з табой сіла), якую аматары фільму інтэрпрэтуюць як «May the fourth be with you» (Хай будзе з табой 4 траўня).

Дзень у гісторыі

1750 — адкрылася Нясьвіская друкарня, заснаваная Радзівіламі.

1838 — дзеячы культуры выкупілі з прыгоннай няволі ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнку.

1878 — у будынку опэрнага тэатру Томас Эдысан упершыню прадэманстраваў вынайдзены ім фанограф.

1975 — заснаваны Менскі інстытут культуры. Ад 1993 году — Беларускі ўнівэрсытэт культуры.

1979 — Маргарэт Тэтчар стала першай жанчынай на пасадзе прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі

1990 — Вярхоўны савет Латвійскай ССР прыняў дэклярацыю аб аднаўленьні незалежнасьці Латвійскай Рэспублікі

2015 — Нямеччына ўпершыню афіцыйна выбачылася перад беларусамі за злачынствы нацыстаў. Гэта зрабіў упаўнаважаны ў пытаньнях супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятываў МЗС Нямеччыны Гернат Эрлер. Публічныя прабачэньні нямецкі чыноўнік прынёс ад імя фэдэральнага ўраду ў Менску ў прысутнасьці каля 200 удзельнікаў мэмарыяльнай паездкі «Памятаем дзеля эўрапейскай будучыні».

У гэты дзень нарадзіліся

1879 — у Магілёве нарадзіўся фізык Леанід Мандэльштам, адзін з заснавальнікаў савецкай школы радыёфізыкі.

1932 — Мікола Прашковіч, беларускі літаратуразнавец, крытык, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1970-х.

...У 1973 годзе КГБ шчыльна заняўся так званым «акадэмічным асяродкам» — групай навукоўцаў дэмакратычных перакананьняў, да якой належаў і Прашковіч. Разам зь Зянонам Пазьняком, Міхасём Чарняўскім ды іншымі асабліва небясьпечнымі нацыяналістамі (якія, апрача ўсіх астатніх грахоў, яшчэ нібыта меліся адабраць у Расеі Смаленшчыну й Браншчыну) Міколу звольнілі з працы. Віжы не адставалі ад падапечных ні на крок — нават станавіліся сьледам у чаргу ў гастраноме.

Праз свой характар асабліва цяжка з паплечнікаў- «акадэмікаў» перажываў такі стан Прашковіч: доўга быў беспрацоўным, потым працаваў грузчыкам і нарэшце здолеў уладкавацца карэктарам. Здаралася, каб пад’есьці, ён прыходзіў да Караткевіча.

Жыцьцёвы фінал Прашковіча стаўся трагічна вусьцішным.

Душэўны надлом прывёў да паралюшу ног, і Мікола згарэў у бацькоўскай хаце, ня здолеўшы выбрацца з агню падчас пажару.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4​-е выданьне. С. 345.

У памяці

1863 — памёр Людвік Нарбут, вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гадоў.

1980 — памёр Ёсіп Броз Ціта, кіраўнік Югаславіі.

2005 — памёр Анатоль Сыс, беларускі паэт.

...Ён быў непрадказальны і таленавіты ўва ўсім.

Міталягізаваў родную вёску Гарошкаў. У 1990-м з крыкам «Акупанты, прэч!» спыніў разам зь сябрамі на сталічным праспэкце калёну бронетэхнікі, што рыхтавалася да кастрычніцкага параду. Анатоль падаваў менскім жабракам (а аднаго прывёў у кавярню Дому літаратара і нагадавáў, выдаючы за свайго бацьку), пакуль сам вонкава не ператварыўся амаль што ў аднаго зь іх.

Я папрасіў некалькіх знаёмых даць асобе Сыса ацэнку ў адным слове. Адказы можна вышыхтаваць так: Мужчына. Беларус. Паэт. Клясык. Геній. Яго пяро насамрэч да апошніх дзён магло нараджаць вершы залатой пробы. Такія, як вось гэты, «Пчаліная матка»:

Начаваў я ў вульлі
Пад крылом у пчалінае маткі
Пчолы казкі гулі
Трутні ноч Казыталі мне пяткі...

Ён паміраў пакутліва, адзін: ня мог, а мо і не хацеў нікога клікаць на дапамогу. Але ён верыў, што застанецца ў вершах, і не памыляўся. Гэта засьведчылі Анатолевы пасьмяротныя кнігі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4​-е выданьне. С. 540–541.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG