Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карычневая шыльда на дзьвярах камэры, нашыўка на робе. Як за кратамі пазначаюць «палітычных»


Праваабаронцы толькі пачынаюць зьбіраць інфармацыю пра стаўленьне адміністрацыі калёній да палітзьняволеных.

Па стане на 29 красавіка ў Беларусі праваабаронцы налічваюць 360 палітычных зьняволеных. Частка зь іх яшчэ чакае суду ў СІЗА альбо ў сьледчай турме № 8 Жодзіна. Некаторыя ўжо адбываюць пакараньне ў калёніях альбо на «хіміі». Колькасьць палітзьняволеных у Беларусі зь цягам часу можа значна павялічыцца. Паводле Сьледчага камітэту, у Беларусі пасьля пачатку актыўных пратэстаў было распачата каля 1000 крымінальных спраў. Агульная колькасьць абвінавачаных па палітычна матываваных справах невядомая нават «Вясьне».

Яшчэ на пачатку 2021 году ў інтэрнэт трапіў аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу Мікалая Карпянкова (раней — кіраўнік ГУБАЗіК, цяпер — намесьнік міністра ўнутраных спраў), расказвае пра пляны стварэньня ў Беларусі адмысловага лягера для ўтрыманьня «палітычных». Праваабаронца Алесь Бяляцкі тады ж выказваў думку, што такой «палітычнай» калёніяй можа стаць Івацэвіцкая, дзе трымаюць асуджаных па 328-м «наркатычным» артыкуле. Аднак пакуль інфармацыя пра канцэнтрацыю палітычных зьняволеных у адным месцы не пацьвярджаецца. Затое зьяўляюцца зьвесткі, што для «палітычных» у калёніях і турмах ствараюць асаблівыя ўмовы.

«Мусіць знаходзіцца ў канкрэтным месцы ў камэры»

«Кацярыну прызналі схільнай да экстрэмізму ў сьледчай турме Жодзіна, гэта адбылося амаль адразу пасьля этапаваньня з „Валадаркі“, — расказвае муж Кацярыны Бахвалавай Ігар Ільяш. — Была нейкая камісія, куды ўваходзілі прадстаўнікі адміністрацыі калёніі. Дакладна зьмест гэтай размовы я ня ведаю, але ў яе пыталіся, ці прызнае яна сваю віну. Кацярына адказала, што не прызнае. Як разумею, гэта было ключавое пытаньне, бо пасьля гэтага яе залічылі ў схільныя да экстрэмізму»

Празь некалькі дзён тое самае адбылося і з Дар’яй Чульцовай. Ігар лічыць, што схільнымі да экстрэмізму журналістак прызналі з палітычных матываў. Ён нагадвае, што прыкладна ў адзін час тое самае адбылося таксама з Андрэем Аляксандравым і Ірынай Злобінай.

«Пакуль гэтая „пазнака“ адносна сымбалічная, — кажа Ігар. — На дзьвярах камэры Кацярыны павесілі карычневую картку. Гэта значыць, што тут утрымліваецца чалавек, схільны да экстрэмізму. І калі наглядчык заходзіць у такую камэру, Каця павінна знаходзіцца ў адпаведным, прызначаным для яе, месцы. А калі яна дзяжурная па камэры, то павінна нагадваць пра свой статус кожны раз, калі рапартуе для аховы».

Ігар таксама кажа, што статус «схільны да экстрэмізму» прадугледжвае для вязьня рэгулярныя так званыя прафіляктычныя гутаркі з прадстаўнікамі адміністрацыі. Яго жонка Кацярына пакуль такіх гутарак ня мела. Істотна на яе стан у сьледчай турме Жодзіна статус «схільная да экстрэмізму», па словах мужа, пакуль не паўплываў.

Кацярыну Бахвалаву пакуль не этапавалі з Жодзіна ў жаночую калёнію Гомля, дзе яна будзе адбываць пакараньне. Па словах Ігара Ільяша, этап можа адбыцца пакручастым шляхам з прыпынкам на некалькі дзён у Магілёве. Ужо па прыбыцьці ў гомельскую калёнію журналісткі павінны будуць адбыць 14-дзённы карантын.

Біркі чырвонага колеру

Пра тое, што як мінімум некаторых палітвязьняў у калёніях пазначаюць чырвонымі біркамі, паведамляе выданьне «Наша Ніва» са спасылкай на родных саміх зьняволеных, якія пажадалі захаваць ананімнасьць. У Беларусі кожны асуджаны павінен мець на сваёй вопратцы бірку белага колеру з пазначаным імем і прозьвішчам. Некалькі гадоў таму асуджаных па «наркатычных» артыкулах у Беларусі пачалі пазначаць зялёнымі біркамі, аднак гэтую практыку спынілі пасьля ўмяшаньня ААН.

«Павесілі бірку чырвонага колеру, — цытуе „Наша Ніва“ сваячку аднаго з асуджаных. — Гэта значыць, ён схільны да экстрэмізму. Што стала падставай, ён ні праз тэлефон, ні ў лісьце сказаць ня можа — такія тэмы забаронена абмяркоўваць. Але такі статус ён атрымаў амаль адразу, як апынуўся ў лягеры. Як нам патлумачылі, гэта можа паўплываць на скарачэньне перадач і спатканьняў з роднымі».

Вядома, што ў розных калёніях чырвоныя біркі ў «экстрэмістаў» могуць мець розны выгляд. Альбо прозьвішча вязьня пазначана чорнымі літарамі на чырвоным фоне, альбо чырвонымі на белым.

Пра каляровыя «бэйджы» ў палітвязьняў Свабодзе расказвала таксама жанчына, якая лістуецца з Паўлам Пясковым. Ён быў асуджаны за супраціў міліцыянту ў Маладэчне, пакараньне адбывае цяпер у Бабруйскай калёніі

Пяць гадоў таму бірку чырвонага колеру абавязала насіць палітвязьня Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калёніі ў Горках, дзе ён тады адбываў пакараньне. Для яго гэта аўтаматычна азначала большую колькасьць праверак, чым у звычайных вязьняў.

«Спаць можна толькі на другім ярусе»

Пра тое, якім чынам абмяжоўваюцца правы «палітычных» на так званай «хіміі», паведамляе сайт «Магілёў online».

«Ёсьць тры біркі, — цытуе выданьне словы роднага аднаго з палітычных „хімікаў“. — Чырвоная — зусім дрэнна, яе даюць схільным да нападу на супрацоўнікаў. Жоўтыя, іх больш, — схільныя да экстрэмізму і гэтак далей. Гэта называецца „профучёт“. Такіх людзей адзначаюць кожную гадзіну. З 9 да 18 гадзіны выхад у горад забаронены, толькі даюць паўтары гадзіны, каб дабрацца на працу. Па прыходзе майстар павінен адзваніцца ў камэндатуру, што чалавек прыбыў на працу».

Таксама вядома, што пазначаных чырвонымі і жоўтымі біркамі «хімікаў» у інтэрнатах расьсяляюць толькі на разьмешчаныя на другім ярусе месцы. Гэта робіцца нават тады, калі спальныя месцы на «першым паверсе» застаюцца вольнымі. Абмяжоўваюць «палітычным» на «хіміі» і сустрэчы з роднымі. Такія сустрэчы дазволеныя толькі на тэрыторыі пражываньня людзей з абмежаваньнем волі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» Свабодзе пацьвердзілі, што праваабаронцы зьбіраюць інфармацыю аб стаўленьні да палітзьняволеных на тэрыторыі калёній і месцаў пражываньня тых, хто адбывае «хімію». Пакуль яе ня вельмі шмат. Асуджаныя часта з розных прычын ня хочуць паведамляць родным пра тое, што зь імі адбываецца ў месцы пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG