Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба настройвацца, што два тыдні ня будзем працаваць». Актывісты «Рабочага руху» — пра агульнанацыянальны страйк


19 жніўня 2020. "Гродна Азот".

Якія мэты ў ініцыятывы «Рабочы рух»? Як падрыхтавацца да пасьпяховага агульнанацыянальнага страйку, улічваючы досьвед лета і восені? Якая роля дыяспары ў падтрымцы «Рабочага руху»? Абмяркоўваюць актывіст руху, былы работнік «Хімвалакна» Дзьмітрый Ціт і актывістка беларускай дыяспары ЗША Ўлада Чалей.

Глядзіце дыскусію на відэа цалкам.

Сьцісла

Дзьмітрый Ціт:

  • Рашэньне пра страйк павіны прыняць працоўныя, калі яны будуць падрыхтаваныя. Няма пакуль што прывязкі да пэўнай даты ці да пэўнага часу. Але людзі павінны настройвацца на тое, што два тыдні мы ня будзем працаваць.
  • Людзям пагражаюць, не працягваюць кантракты, звальняюць, робяцца эканамічныя захады ўзьдзеяньня. І людзі сыходзяць у партызаны. Трэба заяўляць пра сябе, але схавана.


Улада Чалей:

  • Нашы стасункі з працоўнымі трывалыя, не стыхійныя, як было летась, калі падтрымка ішла ў фонды як рэакцыя на падзеі. Рэжым можа не спадзявацца, што калі падзей няма, то і падтрымкі дыяспары няма. Наша падтрымка будзе працягвацца да перамогі.
  • Мы, канкрэтныя людзі, якія жывуць, напрыклад, у Бостане, выбіраем групу людзей, актывістаў, якія працягваюць барацьбу ўнутры краіны. Гэта ня проста рэпрэсаваныя людзі, гэта актывісты, якія працягваюць дзейнасьць, і мы дапамагаем гэтай дзейнасьці.


Што такое «Рабочы рух» і якія яго мэты

Дзьмітрый Ціт
Дзьмітрый Ціт

Дзьмітрый Ціт: «Рабочы рух» зьявіўся не спантанна, гэта вынік аналітычнай працы па вывучэньні ўсіх фактаў і падзеяў апошніх месяцаў. Пасьля вялікага абмеркаваньня прадстаўнікоў многіх заводаў, арганізацый, проста актывістаў прыйшлі да высновы, што цяпер асноўная праблема ў тым, што нам трэба аб’яднацца, а нам гэтага не даюць зрабіць. Менавіта дзеля бясьпечнага абʼяднаньня ўсіх працаўнікоў і стварылі такую плятформу, такі рух.

Ня трэба падзяляць — рабочы заводу ці індывідуальны прадпрымальнік, доктар ці настаўнік, супрацоўнік транспартнай кампаніі ці прыватнага бізнэсу. Усіх працоўных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь абʼядноўваем у адно цэлае, у адну сілу. Мы запусьціліся 15 красавіка, з таго часу на нашай онлайн-плятформе ўжо больш за 13 тысяч чалавек. Гэта і працаўнікі розных прадпрыемстваў, вельмі добра падтрымаў «Рабочы рух» прыватны бізнэс, ёсьць бюджэтнікі. Людзі далучаюцца.

«Рабочы рух» — гэта найперш людзі, а наш інструмэнт — онлайн-плятформа. Абʼяднаўшыся, мы зможам абараняць свае правы і выстаўляць свае патрабаваньні. Мы ўсе разумеем, што адбываецца — пагаршэньне эканамічных умоваў, беззаконьне ў краіне. І заклікаем усіх абʼяднацца, каб абараніць свае працы ўсеагульным страйкам. Мы не заклікаем людзей на пэўную дату, мы супраць пазыцыі людзей, якія заклікаюць да пэўных датаў. Не патрэбныя пабочныя рупары. Рашэньне пра страйк павіны прыняць людзі, якія працуюць, калі яны будуць падрыхтаваныя.

Нельга на пстрычку пальцаў сказаць: «Я сыходжу, я буду страйкаваць». Мы ўжо сутыкнуліся з гэтым, калі было мала часу. Найперш мы хочам падрыхтаваць людзей, абʼяднаць іх. І калі мы зразумеем, што людзі гатовыя, і людзі нам пра гэта скажуць, тады будзе сумесны выхад у агульнанацыянальны страйк і выстаўленьне нашых патрабаваньняў. На сайце ёсьць наша праграма, там асноўныя патрабаваньні. Мы не аднадзёнкі. Калі кожны працоўны грамадзянін Беларусі знаходзіць хоць адзін з пунктаў, якія яго задавальняюць, ён можа і проста абавязаны далучыцца да плятформы «Рабочы рух» для сумесных далейшых дзеяньняў.

Якая роля дыяспары ў падтрымцы «Рабочага руху»

Улада Чалей
Улада Чалей

Улада Чалей: Хачу падкрэсьліць адрозьненьне ў дзеяньнях дыяспары летась і тым, што мы робім цяпер. Наша падтрымка, у тым ліку страйкамаў і «Рабочага руху», усебаковая, арганізаваная, трывалая і ўстойлівая. Усебаковая — азначае ў тым ліку і «не фінансавая», «не матэрыяльная». У дыяспары шмат прафэсіяналаў рознага кшталту, што вельмі важна для падтрымкі ініцыятывы і дзейнасьці рабочых. Гэта і распаўсюд інфармацыі ў Беларусі і за яе межамі пра тое, што працоўныя ня «сьпяць» і што мы іх падтрымліваем. Гэта і міжнародныя стасункі, у тым ліку і міжнародны ціск на партнэраў беларускіх прадпрыемстваў на Захадзе, якія супрацоўнічаюць з рэжымам. Гэта стасункі з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, напрыклад, зь Міжнароднай арганізацыяй працы.

Гэта псыхалягічная дапамога і падтрымка, што немалаважна. Для нашых працоўных, для нашых актывістаў вельмі важна ведаць, што людзі з дыяспары, людзі ва ўсім сьвеце неабыякавыя да таго, што адбываецца ў Беларусі, што іх падтрымліваюць, што мы разам зь імі ня толькі на словах, але і на справе.

Цяпер беларускія дыяспары вельмі моцна абʼяднаныя і каардынаваныя. Мы працуем у камандзе. Наша дыяспара ў Бостане зьбіраецца на мітынгі ўжо 37-ы тыдзень запар, мы ў кантакце ў межах гораду, дзе жывём, у межах штату, і нават на ўзроўні саміх ЗША і ўраду ЗША. Нашы стасункі з працоўнымі трывалыя, не стыхійныя, як было летась, калі падтрымка ішла стыхійна ў фонды як рэакцыя на нейкія падзеі. Цяпер працоўныя, якіх мы падтрымліваем, — гэта не чужыя нам людзі, мы плянуем надалей зь імі заставацца. Рэжым можа не спадзявацца, што гэта разавая рэакцыя на нейкія падзеі і што калі падзей няма, то і падтрымкі няма. Наша падтрымка будзе працягвацца да перамогі.

Чаму летась пратэсты рабочых ня сталі такімі масавымі, каб дасягнуць перамогі


Дзьмітрый Ціт: Мы былі не падрыхтаваныя. Сутыкнуліся з гэтым упершыню. Я ў той час сядзеў у турме, і менавіта дзякуючы пратэстам аказаўся на свабодзе. За кратамі я чуў, як людзі крычалі ля сьценаў турмы. Калі б тады рабочыя ня выйшлі, сёньня б я ня змог з вамі размаўляць. Працоўныя — вялізарная сіла. Ня трэба забываць, што супраць нас працавала цэлая каманда, аддзелы падрыхтаваных спэцыялістаў — мэтадычкі, лекцыі, яны ўсё рабілі паводле напрацовак. Мы як простыя людзі не чакалі такога.

Ёсьць два спосабы — «падзяляй і ўладар», што ў іх не атрымалася ў жніўні, тады яны перайшлі да наступнага спосабу — «Калі ня можаш нешта перамагчы, узначаль гэта». Яны сказалі, што гатовыя ісьці на перамовы, пачалі заклікаць людзей у актавыя залі, каб прыбіраць усіх з вуліцы. Гэта была асноўная праблема. Нельга было ісьці на перамовы. У нас былі дакладна сфармуляваныя патрабаваньні, трэба было заставацца да таго часу, пакуль іх бы ня выканалі. Потым улады пачалі запалохваць людзей і прыбіраць лідэраў. Таму так усё і адбылося.

Калі вярнуцца ў восень, то тады ўсё было спантанна, нешта пачалі спрабаваць — і ўжо не атрымалі такой вялікай падтрымкі, людзі не былі ўпэўненыя ў сваіх сілах, і рэпрэсіўная машына зрабіла сваю працу. Страх перамог людзей. Нам трэба змагацца з гэтым страхам, забыцца на ўсе пагрозы і ўспомніць жнівень. Калі вы адчуваеце, што за вамі не адно, два ці тры плячы, а дзясяткі аднадумцаў, вам ужо ня страшна.

Як працуе адрасная дапамога дыяспары працоўным

Улада Чалей: Я ня буду прыводзіць прыклады канкрэтнай адраснай дапамогі, раскажу агулам, што гэта значыць. Мы, канкрэтныя людзі, якія жывуць побач, ведаюць адзін аднаго, напрыклад, у Бостане, выбіраем групу людзей, актывістаў, якія працягваюць барацьбу ўнутры краіны. Гэта ня проста рэпрэсаваныя людзі, гэта актывісты, якія працягваюць дзейнасьць, і мы дапамагаем гэтай дзейнасьці. Мы ведаем адзін аднаго ўжо вельмі добра, мы разам ужо 6 месяцаў. Ведаем семʼі, сябруем і аказваем усю магчымую дапамогу. Мы вельмі згуртаваліся як дыяспара менавіта вакол гэтай падтрымкі. Гэта надае сэнс нашаму існаваньню, каб працягваць і не апускаць рукі.

Чаму рабочыя вымушаныя партызаніць

Дзьмітрый Ціт: Найвялікшая праблема, што на прадпрыемствах «прыбіраюць» людзей, якія дазволілі сабе выказаць сваю думку. Пры гэтым ёсьць вельмі шмат людзей, якія гучна сваю думку ня выказалі, але гэтая думка ў іх засталася. Не хачу рабіць акцэнт толькі на заводах, гэта адбываецца ва ўсіх арганізацыях. Я пераглядаў відэа, як у жніўні кіраўнікі розных арганізацый размаўлялі з працоўнымі. Яны былі шоўкавыя, пакладзістыя, казалі «так, вы маеце права на сваю думку». А сёньня людзям паступаюць прамыя пагрозы, не працягваюць кантракты, ідуць звальненьні, вымовы, заўвагі, эканамічныя захады ўзьдзеяньня.

Цяжка, і людзі сыходзяць у партызаны, назавем гэта так. Астатнім калегам падаецца, што побач нікога няма. А трэба заяўляць пра сябе, толькі схавана. Калі людзі бачаць, што яны не адны, паляпшаецца настрой і зьяўляюцца добрыя навіны. Людзей яшчэ не загналі ў яму, яны не замаўчалі, а проста чакаюць і працягваюць кантактаваць, але не на поўны голас. Вярнуцца да таго, што было раней, практычна немагчыма, але ёсьць пэўны працэнт людзей, якія вярнуліся да стану абыякавасьці. А ёсьць людзі, якія «пераабуліся». У асноўным гэта тычыцца кіраўнікоў. Я кантактаваў ня толькі на сваім прадпрыемстве з кіраўнікамі, і я бачу, як яны сябе паводзяць. Ці гэта абарончая рэакцыя, ці сапраўды «пераабуліся» — незразумела.

Чаму ўлады баяцца рабочага руху

Улада Чалей: Па-першае, рабочых у нашай краіне большасьць, калі мець на ўвазе ўсіх людзей, якія працуюць на нейкага наймальніка. Я мяркую, што баяцца ня толькі гэтай большасьці, найперш улады баяцца салідарных, арганізаваных калектываў з бачаньнем будучыні, з разуменьнем, якімі сродкамі і як дзейнічаць. Рабочыя, з чыёй маўклівай падтрымкі гэты рэжым існаваў столькі гадоў, больш ня хочуць маўчаць. Але «не хацець» не азначае аўтаматычна «магчы». Таму важна, каб працоўныя адчувалі, што яны не адны на сваім прадпрыемстве, у сваім раёне, вобласьці, краіне, каб яны адчувалі падтрымку.

Калі людзі бачаць, што іх называюць сілай, падтрымліваюць, то яны адчуваюць у сабе гэтую сілу. І «Рабочы рух» у гэтым сэнсе вельмі важны. Праграма «Рабочага руху» — гэта ня проста «давайце зрынем уладу», гэта пэўнае бачаньне будучыні, якую краіну мы хочам пабудаваць. Каб рабочыя адчулі, што менавіта яны стваральнікі багацьцяў гэтай краіны, што зь іхнай працы ўлады пабудавалі свае палацы і рэзыдэнцыі, што трэба і можна такім чынам усё разьмеркаваць, каб гэтая праца ішла на дабрабыт іх семʼяў, іх саміх і іх будучыню.

Колькі мае працягвацца нацыянальны страйк, каб дасягнуць выніку

Дзьмітрый Ціт: Мы ў «Рабочым руху» тлумачым людзям, што ніхто нікога не заваблівае нейкімі абяцаньнямі матэрыяльных дабротаў, што ніхто за вас ня зробіць тое, што мы павінны зрабіць. Нам трэба падрыхтавацца самастойна і не чакаць нейкіх фондаў дапамогі, бо гэта ўжо было, і гэта няправільна. Адкладзіце нейкі запас прадуктаў, запас грошай. Проста пераразьмяркуйце і схадзіце ў краму на два тыдні наперад. Калі гэта адбудзецца, людзі ўсьвядомяць, што маюць нейкі запас, ні на кога не спадзяюцца, ведаюць, што змогуць усё самі.

Мы зробім апытаньне, даведаемся думкі людзей. Будзем разглядаць сытуацыю ўсебакова. Няма пакуль што прывязкі да пэўнай даты ці да пэўнага часу. Але людзі павінны настройвацца на тое, што два тыдні мы ня будзем працаваць.

Наколькі эфэктыўныя эканамічныя санкцыі


Улада Чалей: Санкцыі паскараюць эканамічны каляпс, які і так ужо не за гарамі. Эканамічная сытуацыя складалася на працягу гадоў. Бачна і па прадпрыемствах-гігантах, і па невялікіх прадпрыемствах, што яны закрэдытаваныя, працуюць у мінус, што там скарачаюць работнікаў і заробкі. Санкцыі паскараюць гэты працэс і адразаюць крыніцы фінансаваньня рэжыму, які бярэ валюту з прадпрыемстваў і перанакіроўвае на свае карныя апэрацыі. Мы мяркуем, што санкцыі паскораць аслабленьне рэжыму і паўплываюць на настроі працоўных, і ў выніку да «Рабочага руху» далучыцца больш людзей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG