Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я Пісальнікаў, журналістаў і актывістаў Саюзу палякаў, зьехала зь Беларусі праз пагрозу перасьледу


Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік. Архіўнае фота

Горадзенскія журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік зьехалі ў Польшчу.

Пра гэта паведаміў партал незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.

Муж і жонка Пісальнікі праходзілі ў якасьці сьведак па «польскай справе». 14 красавіка да іх дадому прыйшлі зь ператрусам. Пасьля іх забралі на допыт у Сьледчы камітэт у Менск. Дома ў гэты час адзін застаўся іхны 11-гадовы сын Марцін. Бабуля прыехала да яго праз гадзіну зь іншага канца гораду.

Як расказаў Анджэй Пісальнік, ім на допыце паведамілі, што яны ўбачацца са сьледчымі яшчэ раз і, магчыма, ужо ня ў якасьці сьведак. У той жа дзень увечары Пісальнікаў адпусьцілі з допыту і адвезьлі дадому ў Горадню.

Напярэдадні Пісальніка выклікалі ў пракуратуру. Яму далі папярэджаньне за ягоныя інтэрвію польскім мэдыя. Прыкметы злачынства ўгледзелі ў ягоных словах, што «беларускія дзяржаўныя мэдыя разгарнулі шырокамаштабны прапагандысцкі напад на Польшчу і палякаў».

Пісальнік адзначыў, што пракурору таксама не спадабалася ягонае параўнаньне перасьледу сябраў незарэгістраванага СПБ са сталінскімі рэпрэсіямі. Сярод закідаў Пісальніку прад’явілі ягоныя словы, што пракуратура запужвае студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы, зьбіраючы іхныя асабістыя дадзеныя.

«Пракурор Клішын цягам 30 хвілін спрабаваў пераканаць мяне, што калі я кажу публічна пра тое, што белае гэта белае, а чорнае гэта чорнае, я прыношу шкоду дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, за што мяне могуць прыцягнуць да адказнасьці паводле артыкула 130 КК», — паведаміў Пісальнік.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку, генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG