Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Нямеччыне: дрэнныя пэрспэктывы для Лукашэнкі і Пуціна


Сьвятлана Ціханоўская і Анналена Бэрбак у сядзібе партыі "Зялёныя" у Бэрліне

26 верасьня павінны адбыцца выбары ў нямецкі Бундэстаг. Пасьля 16 гадоў на пасадзе фэдэральнага канцлера Ангела Мэркэль пакідае палітыку. Пра неспрыяльны для Менску і Масквы расклад сілаў у нямецкай палітыцы піша гісторык Аляксандар Фрыдман.

На гэтым тыдні кіроўныя хрысьціянскія дэмакраты (ХДС) і іх галоўныя канкурэнты з партыі «Саюз 90 / Зялёныя» вызначыліся з кандыдатамі на пасаду кіраўніка ўраду гэтай ключавой краіны Эўразьвязу.

ХДС урэшце аддаў перавагу лідэру партыі і прэм'ер-міністру фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія Арміну Ляшэту. Шасьцідзесяцігадовы юрыст і журналіст з Ахэна на мяжы з Бэльгіяй і Галяндыяй — кампрамісная фігура. Гэта асьцярожны і разважлівы палітык, а таксама прыхільнік моцнага Эўразьвязу і шчыльнага супрацоўніцтва з ЗША. Адначасова ён пазьбягае рэзкай крытыкі Расеі і выступае за дыялёг з Масквой, а Ўсходняй Эўропай і тым больш Беларусьсю ніколі не цікавіўся.

Анналена Бэрбак
Анналена Бэрбак

«Зялёныя» жадаюць бачыць на пасадзе канцлера саракагадовую Анналену Бэрбак. У адрозьненьне ад Ляшэта, ураджэнка Гановэра Бэрбак ня толькі юрыстка, але і палітоляг па адукацыі. Яна выдатна разумее становішча ў Беларусі, асабіста сустракалася са Сьвятланай Ціханоўскай і ўдзельнічала ў акцыях салідарнасьці з Марыяй Калесьнікавай. «Зялёныя» — прыхільнікі жорсткіх мераў у дачыненьні да Лукашэнкі, радыкальныя крытыкі Крэмля і, у прыватнасьці, прынцыповыя праціўнікі расейскага праекту «Паўночны паток – 2».

Хто пераможа? Паводле апошніх апытаньняў, ХДС гатовыя падтрымаць каля 20% выбарнікаў, і трэнд нэгатыўны. У «Зялёных» каля 30%, яны пасьлядоўна ўмацоўваюць свае пазыцыі і карыстаюцца значнай падтрымкай сярод моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Іх шанцы перамагчы на выбарах у верасьні ацэньваюцца як вельмі добрыя. Але нават калі ХДС Ляшэта і здолее атрымаць перамогу, то новы канцлер вымушаны будзе запрасіць «Зялёных» у свой кааліцыйны ўрад і зрабіць Бэрбак віцэ-канцлеркай. Менавіта асоба на гэтай пасадзе ў Нямеччыне звычайна адказвае за замежную палітыку.

Віцэ-канцлерка Бэрбак, ня кажучы ўжо пра канцлерку Бэрбак — вельмі дрэнная пэрспэктыва як для Пуціна, так і для Лукашэнкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG