Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдуманы палкоўнік КДБ і здымкі, знойдзеныя каля ЧАЭС. Чаму варта паглядзець міжнародную выставу пра Чарнобыль


У Менску праходзіць выстава, прысьвечаная аварыі ў Чарнобылі. «Эфэкт сьпячага». Яна адносіць нас у мінулае і адкрывае мастацкі погляд на трагедыю, якой сёлета спаўняецца 35 гадоў.

Пагаварылі з куратаркай і творцам пра тое, чаму неабходна памятаць пра кожнага чалавека, які «дакрануўся» да зоны адчужэньня і пацярпеў, а таксама нагадваць кожнаму пра адказнасьць за свае ўчынкі.

Архіўныя матэрыялы і сучаснае пераасэнсаваньне

У выставе ўдзельнічаюць 13 аўтараў зь Беларусі, Расеі/Украіны, Японіі.

«Мы ўжо не адзін раз супрацоўнічалі з архівам кінафотафонадакумэнтаў у Дзяржынску, якому сёлета спаўняецца 80 гадоў. І яны прыйшлі да нас з прапановай рабіць нейкі сумесны праект. Адна з прапаноў была якраз пра Чарнобыль, 35 гадоў з катастрофы. Я выбрала гэтую тэму, вырашыла, што мне было б цікава зь ёю папрацаваць», — кажа аўтарка ідэі і куратарка выставы Дзіна Даніловіч.

Аўтапартрэт. Дзіна Даніловіч. Фота з уласнага архіву
Аўтапартрэт. Дзіна Даніловіч. Фота з уласнага архіву

Выстава пачынаецца з архіўнай часткі, у якой каля ста фатаздымкаў, а таксама аўдыё- і відэадакумэнты.

«Калі ішоў адбор гэтай часткі, з аднаго боку, былі важныя тэмы, якія трэба асьвятліць, зь іншага — я ўжо думала, як архіў будзе працаваць з сучаснымі аўтарамі. Акрамя сьвежых праектаў, ёсьць і вельмі знакавыя: Сяргея Кажамякіна і Ігара Саўчанкі, якія былі ўдзельнікамі выставы „Рэха маўчаньня“ ў 1996 годзе, праз 10 гадоў пасьля катастрофы. Сяргей Кажамякін езьдзіў тады ў Зону, па выніках паездкі тут прадстаўленыя тры праекты. І адзін зь іх, „Лесьвіца ў нябёсы“, — пераздымка тэлевізійных кадраў, як ліквідатары лезуць на рэактар».

Таксама ёсьць асобны праект Сяргея Кажамякіна пра фантомныя адчуваньні. Частка яго зьнятая ў самім Чарнобылі. У экспазыцыі выкарыстоўваецца музыка мастака Зьмітра Ладзеса (праект AORTHA).

«Ёсьць ролік „Чужога болю не бывае“ з тэлечасопіса „Советская Белоруссия“. Гэта 1986 год, „агітка“, дзе вельмі бадзёра расказваюць, што ўсё добра, як усіх перасяляюць, як даюць дамы, як усёй Беларусьсю вырашаюць гэтую праблему. Усё ў такім аптымістычным ключы. Гэтае відэа ў такім кантрасьце, асабліва калі ты ў залі і чуеш толькі гук, тэкст пра тое, што пытаньне вырашана. Усё гэта ўступае ў нейкі дыялёг і канфрантацыю зь іншымі матэрыяламі ў залі».

У праекце Анатоля Клешчука, які шмат езьдзіў у Чарнобыльскую зону, паказаны абрад памінаньня памерлых — Радуніца ў Зоне адчужэньня.

«Мы сьціраем межы»

На выставе прадстаўлены і праект Дзіны Даніловіч у суаўтарстве з фатографам Андрэем Кузьмянком «Архіў палкоўніка Сьнегавога».

«Калі я адбірала архівы, зразумела, што сярод іх шмат пастановачных фота, вельмі шмат няпраўды. Андрэй да мяне прыйшоў і сказаў, што хоча зрабіць мок’юмэнтары-праект пра Чарнобыль, ён там быў разоў шэсьць, і ў яго ёсьць рэальныя фота адтуль. Я прапанавала зрабіць абсалютна фіктыўны праект. Мы прыдумалі, што ёсьць нейкі герой, Андрэй даў яму імя „палкоўнік КДБ Сьнегавы“, ён сядзіць у Чарнобылі ў бункеры, і яго задача — фіксаваць усё паранармальнае, што адбываецца ў Зоне».

Дзіна кажа, што вакол месца з такой гісторыяй шмат усялякіх чутак у жоўтай прэсе, у інтэрнэце: Чарнобыль узарвалі іншаплянэтнікі; канібалізм; зьніклыя людзі; можна вылечыць рак, калі паехаць у «руды» лес; дзеці Індыга, і шмат чаго яшчэ.

«Я сабе магла ні ў чым не адмаўляць у гэтай хлусьні, у абсалютнай фальсыфікацыі, фантасмагорыі, містыфікацыі гэтай тэмы. Я прыдумала, што ёсьць у Чарнобыльскай зоне месца, якое знайшоў Сьнегавы, дзе існуе левітацыя, ці, напрыклад, пакой, у якім аб’ект зьнікае, але адлюстраваньне яго застаецца. Мы гледачам у такім парадку прапануем здымкі. Але калі б мы памянялі месцамі, магчыма, гэта было б не мінулае, а наадварот, будучыня — магчыма, люстэрка паказвае тое, што будзе ў гэтым пакоі празь нейкі час».

Да ўсіх экспанатаў праекту Дзіны і Андрэя можна дакранацца.

«Сьнегавы мэтадычна праводзіць вопыты: спачатку ён зьмяшчае ў пакой абʼект, потым жывую істоту, а потым, вядома, самога сябе, бо толькі ён у сябе ёсьць і ён сам ставіць на сабе гэтыя экспэрымэнты. Ёсьць месца, дзе ад чалавека застаецца толькі цень. Ёсьць пакой, дзе адбываецца флюарэсцэнцыя. Вельмі важна, што ўсё зьнята не ў Чарнобылі».

Архівам Сьнегавога цяжка не паверыць. Аўтары вельмі рэалістычна стварылі штучныя дакумэнты.

«Ёсьць дакумэнт, дзе зьнікла 13 чалавек, дакладная запіска са сьпісам усіх людзей. Напярэдадні таго, як аўтобус зьнік, была зафіксавана дзіўная ўспышка. І вось Сьнегавы едзе, з дапамогай дрона шукае месца зьнікненьня людзей, ад якіх засталося толькі адзеньне. Ёсьць і плашч, які левітаваў, рабочая вопратка палкоўніка і каардынаты, у якіх адбываюцца паранармальныя рэчы. Яго справаздачы, якія мы пакідаем для гледача недаступнымі: падпісаныя месяцы, але незразумела, які гэта год. Мы сьціраем межы».

«Чарнобыль па-ранейшаму існуе»

Дзіна кажа, што ёй заўжды цікава працаваць з тэмай вялікай трагедыі. Асабліва той, за якую адказнасьць нясе чалавек.

«Любая трагедыя з часам ператвараецца ў масавай культуры ў нейкую забаву, экскурсіі робяць у Чарнобыль. Чарнобыль цяпер — такі Дыснэйлэнд. Мы проста адлічваем гады, ведаем, колькі адсоткаў тэрыторый аднесена, колькі людзей пераселена, і ўсё гэта ператвараецца ў статыстыку. І тады сыходзіць вельмі важны асабісты момант — лёсы канкрэтных людзей, — тлумачыць куратарка. — Чым далей, тым больш цішыні, вакуўму вакол гэтай тэмы, і зь цягам часу яна становіцца менш актуальнай, хоць праблема ня вырашаная. Чарнобыль па-ранейшаму існуе, і ўсе праблемы, якія былі пасьля аварыі, існуюць да гэтага часу».

Куратарка лічыць, што любы напамін аб трагедыі — гэта добра, толькі калі гэта не эксплюатацыя. А вось да турызму ў чарнобыльскай зоне дзяўчына ставіцца неадназначна.

«За 35 гадоў рыторыка вакол тэмы Чарнобыля стала іншай, і раптам зьявілася адчуваньне, што там бясьпечна. Я вось не зусім разумею, як можа быць так, што вось тут вось няма радыяцыі, а ты робіш тры крокі ўбок — і яна ёсьць. Я ведаю, што для Андрэя Кузьмянка — гэта месца, дзе яму добра, таму што там няма людзей, такія ўцёкі ад цывілізацыі. Гэта таксама цікава, што месца, прасякнутае болем, зь цягам часу для кагосьці ператвараецца ў нешта зусім іншае».

Дзіна кажа, што сама ніколі не хацела паехаць у Чарнобыль, хоць і разумее гэты інтарэс у іншых людзей.

«Фатографаў туды, вядома, цягне і дзеля самой тэмы, і дзеля фактуры, — закінутыя дамы, басэйны, школы, тое, як час з гэтым працуе, як прырода перамагае. Сярод маіх знаёмых шмат хто езьдзіў з розных прычын, пачынаючы ад цікаўнасьці і заканчваючы жаданьнем зрабіць праект. Для некаторых важна ўсё зафіксаваць, задакумэнтаваць».

Арганізатары выставы вырашылі зладзіць дыскусію на тэму турызму ў зоне адчужэньня. Выступяць на ёй сталкер, экалягічная актывістка, прадстаўнік турфірмы, якая возіць людзей у Чарнобыль.

«Усё, што вы знайшлі ў „зоне“, павінна заставацца там»

На выставе прадстаўлены праект «Цені зоркі «Палын» украінскага фатографа Артура Бондара, які шмат разоў наведваў чарнобыльскую зону.

«Упершыню я трапіў туды ў 2017 годзе. Фотаагенцтва, у якім я тады працаваў, паслала мяне здымаць адкрыцьцё чарговай шыльды чарговым народным дэпутатам Украіны. Здымка доўжылася пару хвілін, але мы там правялі цэлы дзень. Я адразу адчуў, што мне камфортна ў гэтым месцы. За цэлы дзень я не зрабіў больш кадраў, а проста гуляў, слухаў, глядзеў і ўбіраў у сябе атмасфэру гэтага месца», — кажа фатограф Артур Бондар.

Артур Бондар. Фота з уласнага архіву
Артур Бондар. Фота з уласнага архіву

Фатограф кажа, што не было нейкага дакладнага імгненьня, калі прыйшла ідэя праекту.

«Многія людзі, якія жывуць у Чарнобыльскай зоне, — вернікі. І частка зь іх верыць, што прадвесьце аб чарнобыльскай трагедыі было яшчэ ў Бібліі:

«Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі». (Біблія. Адкр. 8:10-11)

«Вось гэты вобраз зоркі Палын, што падае на зямлю, мне здаўся вельмі моцным. І я назваў праект «Цені зоркі Палын».

Артур кажа, што працягваў езьдзіць у зону адчужэньня, бо хацеў больш даведацца пра зямлю і людзей, якія на ёй жывуць. Прызнаецца, што спачатку было страшна.

«Страшна не бывае толькі дурным людзям. Наогул, страх — гэта нармальна, гэта базавая абарона любога арганізма. Але страх перш за ўсё зьяўляецца там, дзе няма ведаў або вопыту. Чым больш я езьдзіў, тым больш даведваўся пра радыяцыю, пра небясьпечныя месцы, пра элемэнтарныя правілы паводзінаў у зоне. Напрыклад, не выносіць нічога з зоны. Усё, што вы знайшлі ў зоне, павінна заставацца там. І вось калі ты ідзеш, паважаеш і разумееш гэтую тэрыторыю, страх адступае».

У «Ценях зоркі Палын» уражвае мастацкае рашэньне экспазыцыі.

«Я шмат даведаўся пра зону ад людзей, якія там жывуць або якія жылі і былі эвакуаваныя. Кожны зь іх казаў, наколькі важная была зямля, на якой яны жылі, і як балюча і траўматычна было зьяжджаць не па сваёй волі, бо яны нават зь ёй разьвітацца не маглі па-чалавечы. Таму мне прыйшла ў галаву ідэя з дрэвам як мэтафарай аднаго вялікага сямейнага дрэва чарнобыльскай зоны, на галінах якога віселі б партрэты людзей, якія зьяўляюцца часткай гэтага дрэва. Ведаеце, так часта малююць схематычна сямейнае генэалягічнае дрэва».

Артур кажа, што даўно хацеў рэалізаваць гэтую ідэю ў выглядзе выставы з фатаздымкамі, зьнятымі за ўсе гады паездак у Зону. І куратарка Дзіна Даніловіч на гэта пагадзілася.

«Я намаляваў ёй схематычна плян разьвескі і архітэктуру выставы, — расказвае Артур. — Але калі яна мне даслала фота, што яны не паставілі дрэва ў цэнтры пакоя, як я думаў, а падвесілі яго, то я папрасіў так і пакінуць. Таму што гэта была ідэальная мэтафара дрэва, вырванага зь зямлі, якое страціла свае карані, як і людзі, якіх эвакуавалі пасьля трагедыі».

Артур Бондар кажа, што чарнобыльская трагедыя і пандэмія, як і любыя глябальныя катастрофы, салідарызуюць і яднаюць грамадзтва.

«Возьмем, напрыклад, лясныя пажары ў Расеі, Майдан ва Ўкраіне ці пратэсты ў Беларусі. Зьяўляюцца самаарганізацыі, валянтэрскія рухі, бо кожны разумее, што разам мы можам зьмяніць сьвет да лепшага. Часам, вядома, цана гэтых зьмен — многія чалавечыя жыцьці, як і жыцьці ліквідатараў у Чарнобылі».

«Гэта пра наступствы ліквідацыі памяці пра Чарнобыль»

Праект журналісткі Сьвятланы Станкевіч працягвае тэму адмысловага, усьвядомленага сьціраньня памяці пра Чарнобыль, кажа Дзіна Даніловіч.

«Сьвятлана працавала канкрэтна з гэтай тэмай. Пачыналася з таго, што яна хацела знайсьці жывых ліквідатараў і расказаць асабістыя гісторыі канкрэтных людзей або іх сваякоў, паказаць іх лёсы, тое, што зь імі адбываецца цяпер. Але потым праект стаў нашмат большым, і мне здаецца, што ён пра наступствы ліквідацыі памяці пра Чарнобыль».

У асобнай залі — праект Вольгі Бубіч «Больш, чым я». Яго фатографка рабіла падчас працы валянтэрам у дабрачыннай арганізацыі. Яна суправаджала групы на аздараўленьне «чарнобыльскіх дзяцей». Вось як Вольга апісвае свой праект:

«На маіх вачах сталелі і мяняліся ад спалоханых малых да ўпэўненых у сабе, мэтанакіраваных падлеткаў дзясяткі дзяцей. Але, назіраючы гэтыя перамены, я, як і прымаючыя семʼі, неаднаразова задавалася пытаньнямі: што адчувалі дзеці падчас першых паездак, зь якім настроем вярталіся потым з эўрапейскага парадызу ў родныя вёскі? Ці не выхоўвала грамадзтва спажываньня чужыя для іх каштоўнасьці, ці не ламаў звыклы ўклад гэты гвалтоўны „выкід“ з зоны камфорту, ці не занадта дзіўным і велізарным аказаўся для дзяцей новы сьвет, куды за дзьве гадзіны іх дастаўляла пачвара-самалёт?»

У яго ўвайшлі архіўныя здымкі, малюнкі дзяцей, пашпартныя здымкі і ўспаміны ўдзельнікаў паездак.

На выставе прадстаўлены і вялікі праект «Еxposure» японскага фотажурналіста Кадзумы Абары.

«Мы не перакладалі назву, таму што там важныя ўсе існуючыя значэньні, пачынаючы ад фатаграфічнага тэрміна „экспазыцыя“ і заканчваючы „ўзьдзеяньнем“ сьвятла, радыяцыі, а таксама „выкрыцьцё“. Ён [Казума. — РС] прыехаў у Чарнобыль і рабіў матэрыял пра жанчыну Марыю, якая нарадзілася празь пяць месяцаў пасьля аварыі. Калі яна вырасла, у яе былі наступствы гэтага ўсяго, ёй выразалі шчытападобную залозу», — апавядае Дзіна Даніловіч.

У праект увайшлі таксама здымкі са стужкі, якую фотажурналіст знайшоў у Прыпяці, за кілямэтар ад Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

«Забываючыся на гэтыя падзеі, мы выракаем сябе на іх паўтарэньне»

«Важна памятаць трагічныя падзеі — такія, як Чарнобыльская катастрофа або Другая сусьветная вайна, таму што гэта становіцца ня толькі чорнай старонкай у нашай агульнай гісторыі, але перш за ўсё гэта становіцца нашым культурным кодам, — тлумачыць Артур Бондар. — Гэтыя падзеі зрабілі нас такімі, якія мы ёсьць. І забываючыся на гэтыя падзеі, мы выракаем сябе на іх паўтарэньне, і ня факт, што пакаленьне, якое сутыкнецца з гэтымі падзеямі ў будучыні, будзе гатова іх годна сустрэць, як нашы дзядулі і бабулі, мамы і таты».

«Гэты праект, вядома, пра Чарнобыль, але і пра іншыя рэчы таксама: пра тое, як важна памятаць кожнага чалавека, які пацярпеў. Але перш за ўсё гэта пра адказнасьць чалавека за свае дзеяньні перад іншымі людзьмі, перад самім сабой, перад прыродай, плянэтай. Важна гаварыць пра гэта», — дадае куратарка Дзіна Даніловіч.

На выставе «Чарнобыль. Эфэкт сьпячага» можна пабачыць ня толькі ўнікальныя архіўныя матэрыялы і сучасныя мастацкія праекты, але і паглядзець кіно, паўдзельнічаць у дыскусіях. Падрабязнасьці шукайце на сайце і ў сацыяльных сетках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG