Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішусьцін прыехаў дзеля «прымушэньня да інтэграцыі»


Міхаіл Мішусьцін, Раман Галоўчанка і Аляксандар Лукашэнка. менск 16 красавіка

Візыт прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна ў Беларусь варта лічыць знакавым. Ён азначае вяртаньне Расеі да стратэгіі «прымушэньня да інтэграцыі».

Сьцісла:

  • Расея гатовая працягваць эканамічныя субсыдыі Беларусі толькі ў абмен на інтэграцыю.
  • Масква разьлічвае скарыстацца пэўнай уразьлівасьцю Лукашэнкі, каб рэалізаваць стратэгію «прымушэньня да інтэграцыі».
  • Лёгіка Крамля: чым менш рэжым легітымны, тым больш ён будзе залежны ад Расеі.
  • Мішусьцін прыехаў у Менск узгадняць найбольш важныя цяпер «мапы» аб уніфікацыі падатковага і мытнага заканадаўства.
  • Уніфікацыя заканадаўства і эканамічнай палітыкі будзе ісьці ў асноўным па расейскіх правілах.

Новая стратэгія Крамля адносна Беларусі была абвешчаная ў сьнежні 2018 году. Яна палягае ў тым, што Расея гатовая працягваць эканамічныя субсыдыі Беларусі толькі ў абмен на гатоўнасьць апошняй пагадзіцца на ўніфікацыю макраэканамічнай палітыкі і эканамічнага заканадаўства.

Тады Лукашэнка нібыта пагадзіўся, аднак пачаў спускаць гэты праект на тармазах. Увесь 2019 год ішло абмеркаваньне так званых «дарожных мап» інтэграцыі. Аднак усё гэта нічым ня скончылася. Бо было зразумела, што любы новы крок на шляху інтэграцыі азначае крок па скарачэньні беларускага сувэрэнітэту.

Цяпер Расея вырашыла вярнуцца да гэтай тэмы. Масква разьлічвае скарыстацца пэўнай уразьлівасьцю Лукашэнкі, каб рэалізаваць стратэгію «прымушэньня да інтэграцыі». У Крамлі правільна разьлічылі, што палітычны землятрус мінулага году ў Беларусі зрабіў Лукашэнку слабейшым, ён цяпер мацней залежыць ад расейскай палітычнай падтрымкі. Дый эканамічная сытуацыя ў краіне пагоршылася, Менску моцна патрэбныя новыя крэдыты. І іх цяпер ніхто ня можа даць, акрамя Масквы.

Выглядае, усе развагі пра тое, што Лукашэнка стаў для Масквы таксычнай фігурай, што зь ім ніхто ня хоча падпісваць важныя дамовы, бо ён, маўляў, нелегітымны, — гэта ўсё размовы для бедных. Пуцін вытрымаў паўгадавую паўзу, убачыў, што беларускі рэжым узяў сытуацыю пад кантроль, і пачынае новы раўнд інтэграцыйнай гульні.

Справа ў тым, што, паводле палітычнай філязофіі Пуціна, дэмакратычная легітымнасьць — гэта нейкая заходняя хімэра, дэкаратыўная цацка. Галоўнае, каб валадар дзяржавы меў сілу ўтрымаць уладу. Палітычныя рэжымы ў Сырыі ці М’янме яшчэ менш легітымныя, чым у Беларусі. Аднак Масква іх падтрымлівае. Лёгіка Крамля іншая. Чым менш рэжым легітымны, тым больш ён будзе залежны ад Расеі.

Таму падчас перамоваў у Сочы 22 лютага, гледзячы па ўсім, Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, што 3 млрд даляраў Беларусь атрымае толькі пасьля падпісаньня ўсіх «дарожных мапаў». Прэм’ер Мішусьцін прыехаў у Менск узгадняць найбольш важныя на цяперашні момант «мапы» аб уніфікацыі падатковага і мытнага заканадаўства.

Усё пытаньне ў тым, на што гатовы пайсьці Лукашэнка дзеля атрыманьня расейскай палітычнай падтрымкі і грошай. Бо ў працэсе рэалізацыі ідэі ўніфікацыі эканамічнай палітыкі і заканадаўства непазьбежна ўзьнікнуць сур’ёзныя праблемы. Таму што ў Беларусі і Расеі вельмі розныя эканамічныя сыстэмы, з розным маштабам, структурай, мадэльлю гаспадараньня. Іх цяжка, нават шкодна падводзіць пад адну роўніцу. Напрыклад, у Беларусі і Расеі розныя крыніцы напаўненьня бюджэту. І ўніфікацыя падатковага, мытнага заканадаўства адразу створыць праблемы, прычым перш за ўсё Беларусі — як значна меншай краіне.

Пры гэтым варта разумець, што ўніфікацыя заканадаўства і эканамічнай палітыкі будзе ісьці ў асноўным па расейскіх правілах. Цяжка ўявіць, што Расея будзе падстройвацца пад Беларусь. А пасьля такой уніфікацыі паўстане пытаньне аб стварэньні наднацыянальных органаў, напрыклад, агульнага мытнага камітэту ці падатковага міністэрства. З усімі наступствамі для сувэрэнітэту краіны, якія адсюль вынікаюць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG