Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Баку Лукашэнка мог прывезьці нешта больш каштоўнае, чым грошы


Магіла Гейдара Аліева ў Баку

Летам 1992 году разам з дэпутатам Віктарам Кучынскім (тым самым, які потым праславіцца заявай, што гатовы «абараняць Лукашэнку з гранатамётам») мне давялося пабыць у Азэрбайджане — у якасьці назіральніка на першых прэзыдэнцкіх выбарах.

А канкрэтна — у Нахічэванскай аўтаномнай рэспубліцы.

І нас запрасіў да сябе старшыня Вярхоўнага Савету Нахічэвані Гейдар Аліеў. Ён жыў у трохпакаёвай кватэры разам зь сям'ёй сястры, а «офіс» месьціўся ў будынку, які нічым не адрозьніваўся ад райвыканкаму дзе-небудзь у Паставах ці ў Глуску.

З той розьніцай, што ні ў Паставах, ні ў Глуску я ня бачыў, каб перад райвыканкамамі бегалі куры.

Але цяпер я не пра больш чым сьціплыя ўмовы — хоць, прызнаюся, яны ўспрымаліся кантрастам зь іміджам колішняга члена яшчэ брэжнеўскага Палітбюро, першага сакратара ЦК кампартыі Азэрбайджану і першага віцэ-прэм’ера СССР.

Гутарылі мы з Аліевым шмат пра што, але вось што мяне тады ўразіла: за ўвесь час ён ні словам ня выказаў шкадаваньня пра распад СССР. У Азэрбайджане былі баявыя дзеяньні, умовы жыцьця набліжаліся да жабрацкіх, а Аліеў казаў, што азэрбайджанскі народ выбірае свой шлях, і шлях гэты будзе вельмі няпросты. Але гэта — шлях незалежнасьці.

У той самы час у Беларусі былыя камуністычныя лідэры, якія даўно ачунялі ад постпутчаўскага шоку (як цяпер бы сказалі — псыхічнай траўмы), пракліналі БНФ і Шушкевіча за незалежнасьць і патрабавалі «адрадзіць Саюз».

На пытаньне, ці бачыць ён сябе на пасадзе большай, чым сьпікер парлямэнту маленькай аўтаноміі, Аліеў усьміхнуўся і адказаў, што ён падпарадкоўваецца волі народу. Народ сам вызначыць, у якой ступені ён, Аліеў, патрэбен яму. Усё ў руках народу.

Ці сам народ ужо ў наступным, 1993-м, прыняў рашэньне выбраць Аліева прэзыдэнтам, ці народу падказалі (Аліеў — кадравы чэкіст і ў 60-я ўзначальваў КДБ Азэрбайджанскай ССР), але факт застаецца фактам.

Як бясспрэчна і тое, што Аліеў адразу пасьля спыненьня баявых дзеяньняў пачаў рэфармаваньне эканомікі, у тым ліку і з такімі радыкальнымі крокамі, як увядзеньне права прыватнай уласнасьці на зямлю. У 1994-м ён падпісаў «Кантракт стагодзьдзя» на распрацоўку радовішчаў нафты найбуйнейшымі заходнімі кампаніямі.

І хоць пры ім Азэрбайджан далучыўся да СНД, Аліеў нідзе і ніколі не выказваў ніякага жаданьня «цеснай інтэграцыі» з Расеяй ці, скажам, уніфікацыі заканадаўства. Ці — стварэньня сумесных вайсковых груповак. Гэтак і з Турэччынай — пры шчыльных сувязях з Анкарой ён не зьбіраўся ўтвараць з Турэччынай «саюзную дзяржаву».

Гэткую палітыку праводзіць і сын Аліева, які з 2003 году ўзначальвае Азэрбайджан.

Я ня тое што далёкі ад ідэалізацыі клану Аліевых, але лічу, што іх мэтады ва ўнутранай палітыцы ня могуць і не павінны быць хоць у нечым для кагосьці прыкладам. У краіне — карупцыя, сямейнасьць (жонка Ільхама Аліева — віцэ-прэзыдэнт), з 1993-га ў краіне не было выбараў, якія былі б прызнаныя свабоднымі і справядлівымі, апазыцыйныя і грамадзкія дзеячы гвалтоўна зьнікаюць, іх забіваюць, б'юць, у краіне дзясяткі палітвязьняў.

У гэтым сэнсе Аліеў-малодшы і Лукашэнка падобныя.

Ёсьць толькі адно, чым Аліеў адрозьніваецца ад свайго нядаўняга візаві: ён не прывёў сваю краіну на мяжу страты незалежнасьці, бо, як і ягоны бацька, бачыць у незалежнасьці каштоўнасьць.

Гэта тое, чаму Лукашэнка мог бы павучыцца ў абодвух Аліевых. Праўда, цяпер ужо позна. Хіба што каб ацаніць бяздарна страчаныя магчымасьці, якія ён меў у 1994-м — найвыгаднейшае геапалітычнае становішча, працавіты народ, якому трэба было нарэшце дазволіць валодаць зямлёй, мір і спакой.

Міру і спакою асабліва шкада.

Дарэчы, падчас напісаньня гэтага тэксту мне трэба было ўдакладніць адну дэталь, я зазірнуў у вікіпэдыю і зь вялікім зьдзіўленьнем убачыў, што Гейдар Аліеў быў узнагароджаны ордэнам Андрэя Першазваннага — самай высокай узнагародай Расеі. Нягледзячы на тое, што на пасадзе прэзыдэнта ніколі не прыніжаўся перад Масквой.

Такі ж ордэн мае і Назарбаеў.

А вось Лукашэнку ім не ўзнагародзілі.

Выслужваўся, але не заслужыў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG