Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высланы зь Беларусі расеец вярнуўся і парэзаў дваіх міліцыянтаў. Як яго пакаралі


Ілюстрацыйная выява

Берасьцейскі абласны суд вынес прысуд у дачыненьні да грамадзяніна Расеі. Яго абвінавацілі ў спробе забойства двух міліцыянтаў. Пакаралі 18 гадамі пазбаўленьня волі.

Як паведамляе Берасьцейскі абласны суд, расеец 1966 году нараджэньня быў высланы зь Беларусі ў прымусовым парадку. Яму забаранілі ўезд на 5 гадоў. У ліпені 2020 году расеец вярнуўся ў Беларусь — незаконна.

3 верасьня яго затрымлівалі супрацоўнікі Янаўскага РАУС за незаконнае знаходжаньне ў Беларусі. «Знаходзячыся ў службовым аўтамабілі, расеец непрыкметна дастаў нож і наўмысна параніў аднаго зь міліцыянтаў у шыю і грудную клетку. Другому нанёс удары нажом у напрамку галавы і шыі. Пасьля спыненьня аўтамабіля абвінавачаны нанёс міліцыянтам удары нажом у тулава, твар і ўкусіў аднаго зь іх», — паведамляе суд.

Міліцыянты засталіся жывыя, ім аказалі мэдычную дапамогу. Расейца судзілі па шэрагу артыкулаў, у тым ліку за незаконнае знаходжаньне ў Беларусі і спробу забойства міліцыянтаў.

Апроч 18 гадоў зьняволеньня, абвінавачаны мусіць сплаціць 1500 рублёў штрафу, 19 500 — кампэнсацыі маральнай шкоды аднаму зь міліцыянтаў і 15 000 — другому.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG