Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Украіна здабыла незалежнасьць ад Масквы ў пытаньнях газу


Андрэй Кобалеў, кіраўнік «Нафтагазу»

Андрэй Кобалеў ужо сем гадоў узначальвае самую буйную нацыянальную кампанію Ўкраіны — «Нафтагаз». За гэты час Кіеў адмовіўся ад прамых закупак газу ў Расеі. Пра гэта Кобалеў расказвае ў інтэрвію карэспандэнтцы «Настоящего времени» Ірыне Рамалійскай.

Аб «Паўночным патоку — 2»

— Будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» працягваецца, нягледзячы на санкцыі з боку ЗША, якія здаюцца вельмі балючымі. Ваш прагноз: ці будзе яно скончана?

— Гэта будзе залежаць у першую чаргу ад таго, наколькі новая адміністрацыя ЗША будзе пасьлядоўная і, я б нават сказаў, жорсткая ў прымяненьні санкцый, якія ўжо былі ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў і Сэнатам ЗША. Калі гэтыя санкцыі будуць пашыраныя, я думаю, што праект завершаны ня будзе.

— Вы нядаўна сказалі, што ведзяце перамовы з ЗША пра ўзмацненьне санкцый. Як менавіта?

— Усіх нюансаў перамоваў раскрываць я дакладна ня буду, гэтая інфармацыя канфідэнцыйная і закрытая, але мы сапраўды маем зносіны. Гэта ня столькі перамовы, колькі тлумачальная праца: праца ў Кангрэсе, праца ў Сэнаце. Мы тлумачым, у чым сэнс праекту, як ён можа паўплываць на Ўкраіну, на бясьпеку Эўропы, на ўвесь рэгіён.

— Як?

— Вельмі нэгатыўна. Пачынаючы ад узмацненьня дамінуючага становішча «Газпрому» на эўрапейскім рынку газу, заканчваючы ваеннымі пагрозамі для Ўкраіны, і, адпаведна, і для ўсходніх краін Эўразьвязу. Мы лічым, што транзыт расейскага газу па тэрыторыі Ўкраіны стварае для нас як для краіны пэўную падушку бясьпекі ў ваенным пляне.

Гэта значыць, паўнавартасная або маштабная ваенная апэрацыя супраць Украіны для расейскага боку ў дадзены момант — проста вельмі дарагая прыемнасьць. Гэта паўплывае на аб’ёмы транзыту, адпаведна, ударыць па выручцы «Газпраму», і, адпаведна, Расійскай Фэдэрацыі, гэта парушэньне вялікай колькасьці міжнародных дамоваў, падпісаных Расеяй.

Перавод транзыту расейскага газу з тэрыторыі Ўкраіны на іншыя газаправоды або на іншыя маршруты азначае, што гэтая падушка проста зьнікне. Адпаведна, гэта кардынальна павышае нашы рызыкі, у першую чаргу ў ваенным пляне. А ўжо эканамічныя, фінансавыя рызыкі ў гэтай сытуацыі, з нашага пункту гледжаньня, другасныя.

Пра адмову ад расейскага газу

— За час, што вы на чале «Нафтагазу», Украіна адмовілася ад прамых паставак расейскага газу. І так жыве ўжо шэсьць гадоў. Гэта, бадай, адно з ключавых вашых рашэньняў. Якія нэгатыўныя і якія пазытыўныя наступствы такой адмовы?

— Давайце мы ў вашым пытаньні прыбярэм слова «прамыя», яно тут відавочна лішняе. Можна сказаць проста: «Адмовілася ад расейскага газу». Ні прамых, ні крывых, ні нейкіх іншых паставак расейскага газу ў нас няма. Мы купляем газ у эўрапейскіх кампаній.

Што тычыцца нэгатыўных бакоў, для «Нафтагазу» такіх няма. У нас не было такога, каб расейскі газ нам прапаноўвалі па меншай цане, чым нам прапаноўвалі газ з Эўропы.

А пра пазытыўныя аспэкты можна сказаць шмат чаго. Самы галоўны пазытыўны аспэкт — гэта, у першую чаргу, палітычны. Палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны ўжо не залежыць ад волі Масквы ў газавым пытаньні. Папярэднія кіраўнікі нашай дзяржавы былі вымушаныя езьдзіць адзін за адным у Маскву, дамаўляцца, нешта прасіць, падпісваць «Харкаўскія пагадненьні».

А цяпер мы перавялі гэта ў камэрцыйнае вымярэньне і толькі зэканомілі грошы — купляем газ таньней. Але мы і зьнялі гэтую палітычную пятлю, зьнялі неабходнасьць здаваць у абмен на газ нейкія дзяржаўныя інтарэсы або такія важныя пытаньні, як база ў Крыме, якая стала варотамі для расейскай акупацыі нашай тэрыторыі. Гэта, напэўна, галоўны пазытыўны момант. На дадатак — поўная інтэграцыя ў эўрапейскі рынак газу.

  • Гадавая патрэба Ўкраіны ў газе — 30 млрд кубамэтраў
  • Гадавая здабыча ўкраінскага газу — 20 млрд кубамэтраў
  • Украінская дзяржава мае плян павелічэньня ўласнай здабычы прыроднага газу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG