Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выгналі на пляц трэніравацца са шчытамі». Гісторыя памежніка, звольненага пасьля 15 гадоў службы


Салдат памежнай службы, ілюстрацыйнае фота

Андрэй (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) 15 гадоў адслужыў у памежных войсках Беларусі. Кажа, што любіў сваю працу. Але з жонкай «засьвяціліся» на пратэстах. Яго звольнілі і забаранілі выезд зь Беларусі.

Ён расказаў пра

  • «ідэалягічны» стан у памежным атрадзе да і пасьля выбараў
  • стаўленьне да апазыцыі і бел-чырвона-белага сьцяга
  • начальства, якое чытае праўладныя тэлеграм-каналы
  • трэніроўкі калегаў на разгон пратэстаў
  • дапамогу ад людзей на выплату «кантрактных».

«Сьцягі, якія вешаюць на аўтазакі, не заслугоўваюць быць дзяржаўнымі»

Андрэй скончыў унівэрсытэт у 2005 годзе і трапіў у памежныя войскі.

«Мне давалі адтэрміноўку на шэсьць месяцаў. Але я сам папрасіўся служыць. Мой дзядуля быў памежнікам, вэтэранам вайны. Я хацеў працягнуць традыцыю, і рабіў гэта з павагі да дзядулі. Пасьля тэрміновай службы застаўся на кантракт. У прынцыпе, мне падабалася праца», — кажа былы памежнік.

Палітыкай ён цікавіўся са студэнцкіх гадоў. На такі інтарэс моцна паўплывала атачэньне, сябры. Але пасьля выбараў прэзыдэнта ў 2006 і 2010 годзе Андрэй «моцна расчараваўся ў апазыцыі».

«Апазыцыя тады прайграла і раскалолася. Праз расчараваньне я стаў нэгатыўна ставіцца да бел-чырвона-белага сьцяга. Ён у мяне, прызнаюся, выклікаў нэгатыў. І толькі на гэтых выбарах я ўсьвядоміў і прыняў сьцяг і „Пагоню“ як сымбалі праўды і свабоды. Думаю, што чырвона-зялёныя сьцягі, якія вешаюць цяпер на аўтазакі, не заслугоўваюць таго, каб быць дзяржаўнымі», — разважае Андрэй.

Сілавікі супраць мірных пратэстоўцаў, архіўнае фота
Сілавікі супраць мірных пратэстоўцаў, архіўнае фота

«Большасьць з аддзелу прагаласавалі не за Лукашэнку»

Былы памежнік расказвае, што ўпершыню за ўсе выбары начальства не прымушала галасаваць за Лукашэнку.

«Раней перад выбарамі ішла такая прапаганда, каб усе галасавалі толькі за Лукашэнку. Ён такі моцны лідэр, мы безь яго прападзём, нас захопіць NATO. У жніўні ж начальства сказала, што галасуйце, як лічыце патрэбным, толькі абавязкова датэрмінова. На афіцэрскім сходзе казалі, каб мы не рабілі супрацьпраўных дзеяньняў, не хадзілі ў форме на пікеты. Я думаю, што начальства трохі апасалася, што раптам улада зьменіцца, і хацела мінімізаваць наступствы для сябе. У сам дзень галасаваньня, 9 жніўня, мяне і многіх калегаў раскідалі па камандзіроўках», — кажа былы памежнік.

Ён ня можа адказваць за ўвесь памежны атрад, але кажа, што склалася ўражаньне, што большасьць галасавала супраць Лукашэнкі.

«На працы пасьля 9 жніўня ў нас была такая фішка — паказваць адзін аднаму здымкі бюлетэняў, якія адправілі на плятформу „Голас“. І ня толькі з нашага аддзелу, як я бачыў, галасавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў», — зазначыў Андрэй.

Недзе 10 ці 11 жніўня ён вярнуўся з камандзіроўкі ў атрад і ўбачыў, што асабовы склад выгналі на пляц трэніравацца са шчытамі разганяць пратэсты.

Навучаньне разгону пратэстаў, архіўнае фота
Навучаньне разгону пратэстаў, архіўнае фота

«Мяне гэта моцна і непрыемна ўразіла. Я падумаў, што калі мяне пацягнуць на пляц, каб біць дубінкай у шчыт, адразу напішу заяву на звальненьне. І ў многіх афіцэраў была такая ж пазыцыя. Хачу заўважыць, што трэніроўкі былі менавіта пасьля выбараў, не да іх. Рыхтавалі на крайні выпадак. Але ўрэшце скончылася толькі трэніроўкамі», — кажа былы памежнік.

Начальнік верыў, што «NATO бразгае гусеніцамі на межах»

Андрэй кажа, што не хаваў на працы сваіх поглядаў. У карпаратыўным тэлеграм-чаце адкрыта выказваўся супраць гвалту з боку міліцыянтаў.

«Тым часам начальнік, ён такі: думае, што NATO бразгае гусеніцамі на межах, кідаў у чат «Жоўтыя сьлівы» (праўладны тэлеграм-канал. — РС). Я таксама пачаў іх чытаць, хацелася ведаць, што чытае народ «з таго боку». Мая нэрвовая сыстэма ледзьве вытрымлівала. Адчуваньне, што там сядзіць калгасьнік, які проста «чарніць» «змагароў». У выніку я напісаў начальству ў тэлеграм-чаце, што мы дарослыя людзі, афіцэры, і хопіць нам тут падсоўваць «сьлівы», — расказвае былы памежнік.

Жонка мелася сустрэць яго з камандзіроўкі. Але не сустрэла — бо апынулася ў ІЧУ. Ехала на аўтамабілі, і яе па ілжывым абвінавачаньні схапіла міліцыя.

«Проста скляпалі справу на роўным месцы. Я суткі сядзеў пад ІЧУ, судом, шукаў яе ці хоць якую інфармацыю пра яе. Я казаў начальству, што на гэтую міліцэйскую сваволю трэба неяк адрэагаваць, але не адчуў пазытыўнага водгуку. Больш за тое, начальнік мне сказаў: „А ты ўпэўнены, што зрабіў правільны выбар?“. Тады я зразумеў, што мой выбар — не на карысьць далейшай службы», — кажа Андрэй.

Правяралі на паліграфе, потым загадалі «звольніць к чортавай мацеры»

Неяк Андрэю загадалі ехаць на пункт пропуску. Разам зь ім паехала начальства і невядомы чалавек. Пазьней аказалася, што гэта супрацоўнік, які прыехаў з паліграфам, каб праверыць Андрэя.

Байцы міліцэйскага спэцназу, архіўнае фота
Байцы міліцэйскага спэцназу, архіўнае фота

«У атрадзе быў рамонт, і шум перашкаджаў бы працы паліграфа. Таму мяне вывезьлі на пункт пропуску. Пытаньні былі такія: „Ці парушалі вы закон? Ці хадзілі на акцыі пратэсту? Ці аказваў супраціў МУС? Ці спрабаваў нашкодзіць дзяржаве?“ Я адказваў, што не парушаў закон. Адказваў, што хадзіў у цэнтар гораду, калі былі акцыі — гуляць. І гэта не парушэньне. Але той чалавек з паліграфам трактаваў мяне як парушальніка, раз я казаў, што хадзіў на акцыі», — кажа былы памежнік.

Потым Андрэя выклікала начальства, была доўгая размова, ці хоча ён служыць далей.

«Мы дамовіліся з намесьнікам начальніка, што я застануся служыць, а ён пастараецца мяне адстаяць. Але прыйшлі паперы зь Менску, каб мне далі тры спагнаньні і звольнілі к чортавай мацеры. Урэшце мне прапанавалі звольніцца па ўласным жаданьні. На мне „павісла“ сплата кантрактных — гэта каля 6 тысяч рублёў. Але я разьмясьціў анкету на плятформе „Честные люди“ — і мне людзі скінуліся грашыма, дапамаглі. Я вельмі ўдзячны», — кажа былы памежнік.

Ён лічыць, што «кантрактныя» ў памежнікаў і сілавых структур — моцны фактар стрымліваньня для многіх, хто хацеў бы звольніцца. Бо гэта вялікія сумы, плюс людзі абцяжараныя крэдытамі.

«Хачу жыць у нармальнай краіне»

Андрэй бачыць, што цяпер у Беларусі такі пэрыяд, што людзі моцна запалоханыя, рэпрэсіі павялічваюцца, уводзяцца новыя абсурдныя законы.

«Гайкі заціскаюцца да такой ступені, што ты проста ня можаш нічога сказаць, зрабіць. Праблемы і ў эканоміцы, гэта проста дно нейкае, і яно паглыбляецца. Я асабіста супраць санкцый, бо яны ўдараць не па начальству, а па звычайных людзях, жыцьцё якіх пагоршыцца. Пакуль я веру ў зьмены да лепшага. Мяне натхняюць нашы дыяспары за мяжой, якія выходзяць, падымаюць беларускае пытаньне», — разважае былы памежнік.

Андрэй кажа, што хоча жыць у нармальнай краіне, якая называецца Рэспубліка Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG