Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісалі, што адрэжуць галаву». Палітоляг Балкунец расказаў пра ад’езд з Расеі і «абразу Лукашэнкі»


Дзьмітры Балкунец

Расейскі палітоляг беларускага паходжаньня Дзьмітры Балкунец пакінуў Расею ў сувязі з рызыкай фізычнай расправы. Гэта зьвязана з крымінальнай справай за абразу Лукашэнкі, якую супраць Балкунца завяла Генпракуратура Беларусі.

У інтэрвію Свабодзе палітоляг расказаў, што канкрэтна прымусіла яго зьехаць і чаму афіцыйнаму Менску так важна яго пакараць.

«Ні ў якім Кіеве я ня быў»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі днямі, што Дзьмітры Балкунец цяпер у Кіеве, нібыта пасьпеў там сустрэцца з прадстаўнікамі прэзыдэнта Зяленскага і атрымаў прапанову — праект, зьвязаны зь Беларусьсю. Палітоляг гэтыя паведамленьні зьняпраўджвае.

Балкунец: Я цяпер у Варшаве. Гэтыя памыйніцы, якія вядзе сямейства Эйсмант, ніколі ня пішуць праўду. Яны пішуць толькі хлусьню. Ні ў якім Кіеве я ня быў, я там апошні раз бываў 10 гадоў таму. Яны прыдумляюць і высмоктваюць з пальца. Відаць, у іх не хапае інтэлекту і крэатыву.

«Некалькі тыдняў ішлі даволі небяскрыўдныя пагрозы»

Ад’езд з Расеі Дзьмітрый Балкунец патлумачыў пагрозамі ў свой адрас. Ён нагадаў, што такое адбываецца не ўпершыню. Некалькі гадоў таму, па яго словах, супрацоўнікі беларускага пасольства патрабавалі ад рэктара Вышэйшай школы эканомікі звольніць Балкунца. Але тады гэта не ўдалося.

Балкунец: Цяпер, калі завялі справу, я ацаніў усе рызыкі, паслухаў параду Венядзіктава (галоўны рэдактар «Эхо Москвы». — РС), які сказаў, што трэба зьяжджаць. Некалькі тыдняў ішлі ў мой адрас даволі небяскрыўдныя пагрозы. Пастаянна пішуць ня толькі боты, але і ў прыват пішуць, што мы цябе павесім, галаву адрэжам. Я вырашыў зьехаць, пакуль ня ўзьнікла нейкая надзвычайная сытуацыя. У мяне няма іншага пашпарта, акрамя беларускага. Палітычнага прытулку Расея беларусам не дае.

«Наўрад ці я выйшаў бы адтуль жывым»

У нядзелю Ігар Макар апублікаваў відэа, у якім заявіў, што супрацоўнікі КДБ мелі намер прыехаць зь Беларусі ў Маскву, каб захапіць Балкунца і даставіць у Беларусь. Палітоляг лічыць такі сцэнар цалкам праўдападобным.

Балкунец: Я ані кроплі ня зьдзіўлены, што менавіта так магло быць, улічваючы, што Лукашэнка моцна на мяне ўзбудзіўся. Толькі ён можа даваць такія даручэньні сваім падначаленым. Наўрад ці я б выйшаў адтуль жывым, ведаючы, што Лукашэнка вельмі помсьлівы чалавек. Ён ніколі не даруе тым, хто яго крытыкуе. Вядома, як зьнікалі беларускія журналісты і палітыкі. Тым больш былі прэцэдэнты, калі беларускія праваахоўнікі нелегальна затрымлівалі беларускіх грамадзянаў на тэрыторыі Расеі.

«Лукашэнка прайграў інфармацыйную бітву на ўсіх франтах»

Паводле Балкунца, такімі дзеяньнямі Лукашэнка спрабуе зачысьціць расейскі мэдыйны вэктар, які дазваляе сабе крытыкаваць яго.

Балкунец: Лукашэнка прайграў інфармацыйную бітву на ўсіх франтах, і ён адчувае гэта. У яго не застаецца аніякіх аргумэнтаў, акрамя як запалохваць і арыштоўваць. Блогераў у Беларусі ён ужо ўсіх перасадзіў. Таму цяпер ён спрабуе забраць расейскі вэктар. Вядомая гісторыя, што ён пастаянна скардзіўся расейскаму кіраўніку на публікацыі ў цэнтральнай расейскай прэсе. Калі я прыходзіў на фэдэральныя расейскія каналы, то мне ніхто цэнзуры ня ўводзіў. Памятаю, як прыехаў беларускі крыклівы дэпутат, і ён, седзячы ў грымёрцы, пытаўся ў прадусараў, каб яны паказалі мэтадычку па Беларусі, якую ранкам высылаюць з Крамля. У залі быў сьмех. Відаць, у Беларусі каналы жывуць па такіх мэтадычках.

«Лукашэнка, па сутнасьці, паўтарыў свае абяцаньні, калі ён цытаваў Адольфа Гітлера»

Раней Дзьмітрый Балкунец выказаў здагадку, што фармальна справу супраць яго маглі завесьці за тое, што ён назваў Лукашэнку забойцам і фашыстам. Але ніякіх дакумэнтаў ён ня бачыў да гэтай пары. Зрэшты, ад гэтых словаў на адрас Лукашэнкі палітоляг не адмаўляецца.

Балкунец: Наконт таго, што ён забойца, ён і сам выказваўся, як па ягоных загадах расстрэльвалі людзей. Дзе Швед (генпракурор РС) са сваёй крымінальнай справай? Фашыстам Лукашэнку ня толькі я называю. І Маргарыта Сіманьян яго так называла, я бачыў відэа. І іншыя так яго называлі. Але ён жа не ўзбудзіў супраць іх крымінальныя справы. Так, я лічу яго рэжым фашысцкім. Ён прымяняе тыя ж мэтады клясычнай фашысцкай дыктатуры. Калі ўзяць прыкметы фашызму, то ў Беларусі яны практычна ўсе склаліся. Лукашэнка, па сутнасьці, паўтарыў свае абяцаньні, калі ён цытаваў Адольфа Гітлера, што гэта адпавядае ягонаму разуменьню прэзыдэнцкай улады. Ён нават пераплюнуў яго ў нейкіх маштабах па памерах тэрору на душу насельніцтва ў даваеннай Нямеччыне. Ён загнаны ў кут і толькі сілай будзе спрабаваць тэрарызаваць беларускае грамадзтва.

«Пра паглыбленую інтэграцыю кажа толькі беларускі бок»

Кажучы пра беларуска-расейскія адносіны, Балкунец перакананы, што ў Крамлі Лукашэнку лічаць таксычным, але ў той жа час зьмену ўлады ў Беларусі праз вуліцу лічаць непрымальнай.

Балкунец: Я думаю, што падчас лютаўскай сустрэчы ў Сочы Лукашэнка расказваў, як ён здушыў пратэст, і што толькі Захад спрабуе разгойдваць сытуацыю, і, маўляў, дайце грошай. Ён корміць Пуціна байкамі. Але ў Расеі няма ілюзій наконт рэйтынгу Лукашэнкі. У Расеі цудоўна разумеюць, што Лукашэнка — гэта палітык, які адыходзіць. Ён будзе спрабаваць цягнуць час, каб нікуды не сыходзіць. У гэтай сытуацыі Расея наўрад ці будзе яго далей фінансаваць. Магчыма, нейкую капейку падкінуць, каб не памерці з голаду. Пра паглыбленую інтэграцыю кажа толькі беларускі бок. Я думаю, што Расея, разумеючы, што Лукашэнка ня мае ў Беларусі легітымнасьці, ня пойдзе зь ім на падпісаньне нейкіх пагадненьняў, якія могуць выклікаць антырасейскія настроі ў беларускім грамадзтве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG