Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабодныя людзі нашай дзяржаве не патрэбны». Кіраўніца пружанскай філіі «Грамады» расказала, як і чаму зьехала ў Польшчу


Сямʼя Гулевічаў

Тыдзень таму зь Беларусі ў Польшчу зьехала сям’я Гулевічаў з Пружанаў: Павал, Алена і два іхныя сыны, 4 і 8 гадоў.

«Старэйшы хадзіў у Пружанах у гімназію, вучыўся на „выдатна“, а цяпер давядзецца ісьці ў польскую школу, хоць польскай мовы яшчэ ня ведае», — уздыхае Алена. Маладая жанчына працавала ў Пружанскім цэнтры сацыяльнага забесьпячэньня, але мусіла звольніцца, як яна кажа, празь перасьлед з палітычных прычынаў. Гісторыя гэтага перасьледу складаецца з прыкладна 10 эпізодаў.

«Перажыла ўжо некалькі ператрусаў, нават бацькоўскі дом абшуквалі. Пакуль не арыштоўвалі, але немагчыма ўвесь час знаходзіцца ў страху, што па цябе ў любы момант прыйдуць», — тлумачыць раптоўны ад’езд зь сям’ёй у Польшчу Алена Гулевіч.

Жанчына змагла зьехаць у суседнюю краіну дзякуючы гуманітарнай візе, якую атрымала ў польскім консульстве.

«Падавала туды ўсе сабраныя за апошні час дакумэнты: скаргі ў пракуратуру, копіі позваў у міліцыю, лісты з РАУС у дзіцячы сад і школу. Пісала заяву на імя консула, і вось атрымалася. Але што тут буду рабіць, пакуль ня ведаю. Ехалі з пачуцьцём, што не надоўга, але можа быць інакш».

«Як выбралі старшынёй філіі БСДП, дык пачалося»

Алена Гулевіч пасьля абраньня старшынёй пружанскай філіі з кіраўніком берасьцейскай абласной Грамады Ігарам Маслоўскім
Алена Гулевіч пасьля абраньня старшынёй пружанскай філіі з кіраўніком берасьцейскай абласной Грамады Ігарам Маслоўскім

Алена Гулевіч — былая настаўніца матэматыкі і інфарматыкі ў Зеляневіцкай сярэдняй школы-садка Пружанскага раёну. Ганарыцца, што адпрацавала настаўніцай больш за 9 гадоў, вучыла па-беларуску, а потым з сумам дадае, што школа цяпер на мяжы закрыцьця, а калісьці, як пачынала працаваць, вучняў хапала на 11 клясаў.

Потым Алена працавала настаўніцай фізыкі і матэматыкі ў Пружанскай гімназіі, а завочна закончыла Баранавіцкі ўнівэрсытэт ды атрымала дыплём аб другой вышэйшай адукацыі (цяпер яна яшчэ і бухгальтарка). Апошнім месцам працы актывісткі быў Пружанскі раённы Цэнтар сацыяльнага забесьпячэньня. Яна вяла кампутарны гурток, ладзіла розныя імпрэзы. Працавала на поўную стаўку. Кажа, што было вельмі цікава, але калі выйшла з дэкрэту пасьля нараджэньня другога сына, высьветлілася, што яе стаўку разабралі. Давялося пагаджацца на 0,25 стаўкі. Затое ў маладой жанчыны зьявіліся новыя грамадзкія абавязкі: у канцы мінулага году яна стала сябрам Пружанскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а ўжо ў студзені яе выбралі старшынёй гэтай арганізацыі. Тады ж уступіла ў Таварыства беларускай мовы. Што падштурхнула да грамадзкай актыўнасьці?

Алена кажа, што заўсёды цікавілася палітычным і грамадзкім жыцьцём. Працуючы ў Зеляневіцкай школе, была старшынёй прафкаму, нават канфліктавала з кіраўніцтвам у пытаньнях абароны сяброў калектыву. Ганарыцца, што на выбарах старшыні калектыў галасаваў за яе, і толькі дырэктар з загадчыкам гаспадаркі — супраць. Але прызнаецца, што сапраўднае палітычнае сталеньне перажыла толькі летась, калі ў краіне пачалася выбарчая кампанія.

«Набліжаліся прэзыдэнцкія выбары, у нас вельмі актыўна ішоў збор подпісаў, а калі не зарэгістравалі Віктара Бабарыку, людзі выйшлі на плошчу. І я там была. Мы з двума знаёмымі пасьпелі сфатаграфавацца з бел-чырвона-белымі сьцягамі, як прыехала міліцыя і гэтых знаёмых вельмі жорстка затрымалі ды пасадзілі на 15 сутак. А потым яшчэ дадалі па 15. Ну вось і пачалося».

Першы раз людзі выйшлі на плошчу ў Пружанах пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі 14 ліпеня 2020
Першы раз людзі выйшлі на плошчу ў Пружанах пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі 14 ліпеня 2020

Алена з аднадумцамі вырашыла ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі. Жанчына аформіла адпаведныя дакумэнты як незалежная назіральніца на сваім выбарчым участку № 3, была акрэдытаваная, але ў першы ж дзень у графіку назіраньня сябе не знайшла.

«Вось тады я напісала сваю першую скаргу. Потым іншыя. У мяне зьявіліся лічбы, былі аўдыё- і відэадоказы парушэньняў, але старшыня выбарчай камісіі на іх не рэагавала. Скардзілася ў міліцыю, у пракуратуру, але адказалі, што ўсё на выбарах прайшло добра», — успамінае Алена. Між тым яна перакананая, што вынікі выбараў у Пружанах былі сфальшаваныя, Лукашэнка там ніяк не перамог.

«Нас на ўчастку было некалькі незалежных назіральнікаў і нам удалося адсачыць усю карціну, зразумець, што і як адбывалася. І ў дзень галасаваньня мы бачылі, як шмат людзей прыйшлі на ўчастак зь белымі бранзалетамі. І таму паверыць афіцыйным лічбам на карысьць Лукашэнкі асабіста я не магу. Старшыня выніковы пратакол вывесіла на сэкунду і зьняла, а больш нічога людзі не пабачылі. Толькі машыны міліцыі, якія прыехалі ратаваць камісію», — успамінае Алена.

Зь сябрамі па БСДП «Грамада» з Пружанаў
Зь сябрамі па БСДП «Грамада» з Пружанаў

Жанчына не зьдзіўляецца, што выбарнікі Пружанаў, як і яна зь сябрамі, не паверылі ў афіцыйныя вынікі галасаваньня і абураныя выйшлі на плошчу.

«Ужо ўвечары 9 жніўня, не дачакаўшыся пратаколаў, выйшлі на гарадзкую плошчу. Можа, было чалавек 50, але на іх столькі ж міліцыі, нават аўтазак прыгналі. Людзі на плошчы проста стаялі, ніякіх беспарадкаў, і ўжо тады некаторых забралі», — згадвае Алена.

«Каб сядзела дома і не вытыркалася»

Раніцай наступнага дня, 10 жніўня, Алена з мужам атрымалі позвы ў райаддзел міліцыі на прафіляктычную размову. Размаўляў зь імі намесьнік начальніка РАУС. Сэнс «прафіляктыкі» Алена перадае каротка: «Сказалі, каб сядзелі дома і маўчалі».

Алена кажа, што, можа, і сядзела б дома, каб не абурэньне падманутых жыхароў Пружан, якія не адступалі. Штодня незадаволеныя грамадзяне зьбіраліся а 7 гадзіне вечара. Але не на плошчы, бо там дзяжурыла міліцыя, а на аўтобусным прыпынку каля Палацу культуры. Яна таксама туды прыходзіла — і 31 жніўня атрымала новы выклік у міліцыю.

«Гэтым разам са мной размаўляў яшчэ і памочнік пракурора. Запалохвалі, хацелі, каб падпісала нейкія паперы, але я адмовілася», — кажа Алёна.

Марш салідарнасьці ў Пружанах 16 жніўня 2020
Марш салідарнасьці ў Пружанах 16 жніўня 2020

У верасьні шмат сілаў і часу Алена патраціла на спробу сустрэцца з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Пружанскага раёну Аляксандрам Леўчуком. Пружанцы хацелі, каб дэпутат адказаў на іх крытычныя пытаньні пра выбары, выказаў сваю пазыцыю. Але дамагчыся сустрэчы не ўдавалася. Быў верасень. Алена раптам даведалася, што Аляксандар Ляўчук будзе сустракацца з выбарнікамі ў вёсцы Сухопаль. Жанчына запісалася на прыём і паехала на сустрэчу, але вярнулася расчараваная.

«Казала яму пра парушэньні на нашым участку, прыводзіла факты, а ён робіць выгляд, што нічога ня ведае, паводле яго дык усё прайшло добра», — дагэтуль абураецца Алена.

«Уцягваюць дзяцей у дзеяньні, скіраваныя на выказваньне нязгоды»

Наступным, магчыма, самым балючым для Алены ўдарам уладаў за яе актыўнасьць стаў ціск на сям’ю празь дзяцей. Спачатку ў раённы аддзел адукацыі, а адкуль у гімназію і дзіцячы садок, якія наведваюць яе сыны, прыйшлі зь міліцыі лісты. Іх яна называе «помстай і шантажом».

«Напісалі, што нібыта я і мой муж уцягваем дзяцей у дзеяньні, скіраваныя на выказваньне нязгоды зь дзейным палітычным ладам Рэспублікі Беларусь. Да лістоў быў прыкладзены фатаздымак, дзе я зь дзецьмі пад бел-чырвона-белым парасонам. Але незразумела, дзе і калі зроблены здымак, і добра відаць, што там няма ніякага мерапрыемства. Дык што, мне нельга пад парасонам хадзіць?»

Вынікам лістоў стала тое, што ўвосень з гімназіі і садка да іх дамоў прыходзілі камісіі, упаўнаважаныя правяраць умовы, у якіх пражываюць дзеці. Алена была нязгодная з самым фактам праверак і напісала шэраг скаргаў. Вынік чаканы.

«Раённы аддзел адукацыі адказаў, што яны абавязаны рэагаваць на сыгналы. А што гэта беспадстаўна і незаконна, нікому няма справы», — мяркуе Алена Гулевіч.

Празь месяц Гулевічы перажылі новы візыт камісій з гімназіі і садка.

«Перапісалі той жа пратакол і зноў параілі „сядзець ціха ды не вытыркацца“, — згадвае Алена вынікі зьяўленьня ў доме правяральнікаў. — Але я ім казала, што нічога не рабіла процізаконнага. Калі б рабіла, дык ужо б пасадзілі, як маіх знаёмых. Некаторыя на той момант ужо па 3-4 разы адсядзелі».

Ператрус у сьведкі

Прыкладна такімі ж словамі Алена адказала і сваёй непасрэднай начальніцы на працы, дырэктарцы цэнтру сацыяльнага забесьпячэньня. Калі ліст пра яе актыўнасьць прыйшоў зь міліцыі на працу, дырэктарка таксама выклікала яе на прафіляктычную размову. Алена зноў даводзіла, што нічога не зрабіла незаконнага.

На той час у яе хаце ўжо правялі вобшук, нібыта зьвязаны са справай, якую завялі па факце росьпісу прыпынку ў вёсцы Калядзічы. Алена не разумела, якое яна мае дачыненьне цяпер ужо да прыпынку ў вёсцы, якая знаходзіцца за 30 кілямэтраў ад Пружанаў?

«Я там была раз у жыцьці, і то ў дзяцінстве! Зразумела толькі ў канцы ператрусу. Мне сказалі, што ў справе я меркаваная сьведка. Толькі чаго? І чаму, калі я сьведка, у мяне праводзяць ператрус? Але і гэта ня ўсё: як закончылі, паехалі з вобшукам яшчэ і да маіх бацькоў», — успамінае Алена Гулевіч.

З нагоды незаконных, як лічыць Алена Гулевіч, вобшукаў, яна напісала некалькі скаргаў у пракуратуру. Паводле адказаў — «парушэньняў няма».

Тым часам да мясцовай міліцыі падключыліся структуры больш сур’ёзныя, згадвае Алена Гулевіч.

Назаўтра пасьля ператрусу ў кватэру Алены прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу зь Берасьця. Гэтыя шукалі таго, хто нібыта паклёпнічаў на старшыню выбарчага ўчастку, дзе Алена была назіральніцай. Зноў Алена фігуравала ў справе як сьведка, але саму справу ўспрыняла як пагрозу.

«Падобна, старшыня камісіі склала сьпіс тых, хто, як яна мяркуе, нядобразычлівы да яе і мог на яе паклёпнічаць. Хаця ніякага паклёпу там не было. Там было напісана, што на яе ўчастку было шмат парушэньняў. І гэты камэнтар дагэтуль ня выдалены з „Аднаклясьнікаў“, ён пад яе фатаздымкам вісіць. Правяраюць дагэтуль, у сакавіку да мяне па такое ж тлумачэньне прыходзіў ужо пружанскі сьледчы», — зазначыла Алена Гулевіч.

Чаму цярпеньне скончылася?

У лютым Алена атрымала зь міліцыі дакумэнт, што на яе заводзілася, але была прыпыненая адміністрацыйная справа. Якая, яна дагэтуль ня ведае. Ды ўжо і не цікавіцца. Бо перад Днём Волі яе затрымалі і адвезьлі на прафіляктычную размову да кіраўніцтва Пружанскага РАУС. Алена кажа, што тое затрыманьне стала для яе апошняй кропляй.

«Бо пратрымалі некалькі гадзін, нейкія дзеяньні са мной чынілі — забралі тэлефон, абшукалі, а дакумэнтаў, што мяне затрымлівалі, ніякіх няма. Нейкі бандытызм. Я была ў шоку, упершыню ішла дамоў у такім настроі, што хоць не вяртайся. Але потым мяне зноў выклікалі да начальніка міліцыі. Зноў пагрозы, каб нікуды не выходзіла. І паказалі складзены на мяне пратакол за нейкія налепкі, знойдзеныя ў горадзе. Тады канчаткова зразумела, што свабодныя і адукаваныя людзі гэтаму рэжыму не патрэбны, нас наўмысна выціскаюць. Тады адпрацавала апошні працоўны дзень, але яны пры гэта ня ведалі», — успамінае Алена.

Да яе ўцёкаў у Польшчу заставаліся лічаныя гадзіны.

«На той момант візы ў дзяцей былі зробленыя — праз мужаву „карту паляка“, а ў мяне тады ўжо была гадавая гуманітарная віза. Але я ўсё цягнула, на нешта спадзявалася. А тут хутка сабраліся і раніцай паехалі на аўтамабілі да мяжы. Яшчэ там панэрваваліся, бо ў памежнікаў узьніклі пытаньні да маёй візы, доўга нешта высьвятлялі, узгаднялі, але ўрэшце мы тут. І ўжо тыдзень я адчуваю сябе ў бясьпецы», — кажа Алена Гулевіч.

Жанчына прызнаецца, што «надоўга заставацца за мяжой не хацела б і пакуль нават не ўяўляе, чым будзе займацца, акрамя выхаваньня дзяцей». Заяву на палітычнае прыстанішча Гулевічы не падавалі.

Алена Гулевіч дадала, што і з Польшчы працягвае спробы атрымаць адказы ад дэпутата Аляксандра Леўчука. Цяпер наконт новых законапраектаў, якія распрацоўваюць у Палаце прадстаўнікоў. Таксама актывістка Грамады працягвае пісаць скаргі на сваё незаконнае затрыманьне, вобшукі, адабраны ў яе мабільны тэлефон, пагрозы. «Я не супакоюся», — запэўнівае Алена Гулевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG