Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Суткі» і штрафы за «няправільны» колер шкарпэтак і цукерак, арышт хворага на эпілепсію. Чым зьдзівілі менскія суды ў сакавіку


Адно з затрыманьняў у Менску ў сакавіку 2021 году.

Тэлеграм-канал праваабарончай супольнасьці «Вясна назірае» склаў сьпіс самых недарэчных затрыманьняў і пакараньняў у Менску ў сакавіку.

Большасьць такіх фармулёвак у пратаколах валянтэры сабралі ў час назіраньня за судовымі працэсамі над затрыманымі 25 і 27 сакавіка.

«Дэманстравалі жэсты»

За «паднятую ўгору руку» асудзілі мінімум 50 менчукоў. Гэта самая распаўсюджаная фармулёўка ў пратаколах і пастановах судоў. Двое атрымалі штрафы ў памеры 2900 і 1740 рублёў, астатніх арыштавалі на 10-15 дзён.

Налепка з Пагоняй на машыне

На «суткі» адправілі прынамсі траіх зь пяці пасажыраў аўтамабіля, на багажніку якога была налепка з гербам «Пагоня». ДАІ спыніла машыну каля філярмоніі ў Менску. Сьведка-міліцыянт сьцьвярджаў, што кіроўца машыны сыгналіў, пасажыры паказвалі знак «вікторыя», а на багажніку была налепка. Затрыманых жанчын пакаралі 12-дзённым арыштам. Пры тым, што герб «Пагоня» афіцыйна ўнесены ў сьпіс нацыянальных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Здымаў супрацоўнікаў міліцыі з маршруткі

Паездка ў маршрутцы скончылася для 61-гадовага Віктара Макарэвіча 15 днямі арышту. Яго затрымалі, калі заўважылі, што ён здымае сілавікоў на відэа. Судзьдзя Аляксандар Сяргей адхіліў хадайніцтва аб далучэньні відэа, якое даказвае, што ён быў у маршрутцы. У пратаколе пры гэтым мужчыну абвінавацілі ў «пікетаваньні ў групе 20 чалавек уздоўж праспэкту».

Спытаў, хто зразае БЧБ-стужкі

Сяргея Кліменценку затрымалі на дзіцячай пляцоўцы на вачах у ягонага дзіцяці. 25 сакавіка мужчына заўважыў, што нехта ў яго двары зразае бел-чырвона-белыя стужачкі. Сяргей пацікавіўся ў незнаёмцаў, хто яны, але замест адказу яму прапанавалі прайсьці ў аўтобус. На яго склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне. Судзьдзя Менскага раённага суду Крапачоў арыштаваў Сяргея на 15 дзён.

Павесіў на дрэва белыя і чырвоныя балёнікі

23-гадовага Максіма Кіцыненку затрымалі за белыя і чырвоныя балёнікі. Са словаў Максіма, ён купіў іх у гонар сьвята Дня Волі, пасьля прагулкі павесіў на дрэве, пасьля чаго яго затрымалі. Сьведка-міліцыянт сказаў, што ня лічыць 25 сакавіка сьвятам, ён нібы ўбачыў «бурную рэакцыю мінакоў на балёнікі», а таму вырашыў затрымаць мужчыну, які іх павесіў. Судзьдзя Сяргей Шаціла арыштаваў Кіцыненку на 25 сутак.

Насіла бела-чырвоную брошку пяць гадоў

Кацярыну Якубенку затрымалі за брошку ў нацыянальных колерах, якая вісела пад шалікам. Судзьдзя Шаціла пацікавіўся, ці разумее жанчына, «што гэтая брошка азначае у кантэксьце апошніх падзей». Кацярына патлумачыла, што гэта падарунак сяброўкі, які носіць ужо пяць гадоў. Вынікам стаў штраф у 1450 рублёў.

«Раздавалі БЧБ-цукеркі»

Каля гандлёвага цэнтру «Сілюэт» 25 сакавіка затрымалі трох мужчын для высьвятленьня асобаў. Міліцыянты сказалі, што ім нібыта паступіла інфармацыя аб крадзяжы тэлефона. У РУУСе на іх склалі пратаколы аб незаконным пікетаваньні нібыта за раздаваньне бел-чырвона-белых цукерак.

Пры гэтым Яўген Касых проста курыў каля крамы. У двух сяброў былі ў кішэнях цукеркі «Камунарка». Іх справы за «пікетаваньне» і «непадпарадкаваньне» адправілі на дапрацоўку. Але, каб не выпускаць іх пасьля 72 гадзін, у Савецкім РУУСе на іх склалі новыя пратаколы за «дробнае хуліганства». Сяброў асудзілі на 3 і 13 сутак, а Касых, які курыў побач, арыштавалі на 15 сутак.

«Пікетавалі БЧБ-шкарпэткамі»

Пратаколы з фармулёўкай «пікет у БЧБ-шкарпэтках» атрымалі адразу тры чалавекі. Гэта Натальля Сіўцова-Сядушкіна, Дзяніс Сташэўскі і Крысьціна Малашэвіч. Справу Натальлі адправілі на дапрацоўку, Малашэвіч асудзілі на 15 сутак, а Сташэўскага на 30, бо на яго яшчэ склалі пратакол аб «непадпарадкаваньні», хаця ў аўтобус ён пайшоў дабраахвотна.

Былі ў McDonald’s, але арыштавалі за пікетаваньне

Вядомыя тры падобныя выпадкі. Ягора Ждановіча і Кацярыну Навалоцкую затрымлівалі ў розны час у McDonald’s ля станцыі мэтро «Пушкінская», а Цімафея Вялічку на «Купалаўскай». Хлопцаў абвінавацілі ў пікетаваньні, хоць яны паказвалі доказы (чэкі) таго, што знаходзіліся ў гэты час у рэстаране хуткага харчаваньня. Дзяўчыну затрымалі за фатаграфаваньне аўтазака, таксама прыпісаўшы «пікет». Усім прысудзілі па 15 сутак.

Штраф кур’еру Menu.by за вопратку

Кур’ера сэрвісу дастаўкі ежы Menu.by і мужчыну, які фатаграфаў яго затрыманьне, таксама прызналі ўдзельнікамі пікету. Кур’ера затрымалі 27 сакавіка ў раёне станцыі мэтро «Пушкінская» на прыпынку. Суд аштрафаваў яго на 1740 рублёў. Андрэя Гарнашэвіча, які сфатаграфаў затрыманьне, арыштавалі паводле арт. 24.23 КаАП на 15 сутак.

«Суткі» хвораму на эпілепсію

Аляксандра Сьцепаненку затрымалі, калі ён сядзеў на лавачцы з кавай у руках. У Маскоўскім РУУС склалі пратакол за «пікетаваньне» на праспэкце Незалежнасьці. Мужчына некалькі разоў паўтарыў, што яму здароўе не дазваляе сядзець на «сутках», бо мае эпілепсію. Але судзьдзя Сяргей Кацар асудзіў затрыманага на 30 дзён арышту.

Судзьдзя Рудэнка адправіў на 15 сутак Мікалая Каваленку з абсцэсам (вострым запаленьнем) у зубе. Каваленка абурыўся пратаколам, заявіўшы, што ні ў якім пікеце ўдзелу ня браў. Таксама ён паскардзіўся на холад у ізалятары і паведаміў на судзе, што ў камэры на траіх сядзяць 10 чалавек.

25 і 27 сакавіка затрымалі сама меней 12 студэнтаў

На ўсіх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП, але некаторым выпісалі і пратаколы за «непадпарадкаваньне». Студэнты атрымалі арышты на 12–30 дзён, а адзін на судзе заявіў, што яго білі пасьля затрыманьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG