Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект 23.34 падрыхтаваў справаздачу на падставе гісторый 5 тысяч затрыманых. Пра што яна сьведчыць


Затрыманыя міліцыяй удзельнікі пратэстаў у Менску. 11 жніўня 2020 году.

Праект 23.34, які зьбірае гісторыі беларусаў, фармальна затрыманых за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Праект падрыхтаваў справаздачу за 2020 год, заснаваную на сьведчаньнях больш як 5 тысяч чалавек, якія запоўнілі анкету.

З прадстаўнікамі праекту пагутарыў партал Tut.by.

Што трэба ведаць аб праекце?


Мэта праекту 23.34 — збор інфармацыі пра абсалютна ўсе парушэньні, якія чыняцца міліцыяй, судзьдзямі і іншымі дзяржаўнымі службовымі асобамі з пачатку выбарчай кампаніі 2020 году.

Праект быў распрацаваны незалежнай беларускай камандай за мяжой і запушчаны ў канцы кастрычніка ў партнэрстве з Каардынацыйнай радай і беларускімі праваабарончымі арганізацыямі.

Сутнасьць праекту ў тым, што чалавек, якога затрымалі за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў», арыштавалі або далі штраф, можа запоўніць анкету і дэталёва ўказаць там абставіны свайго затрыманьня, імя сілавіка альбо міліцыянта, які ўдзельнічаў у затрыманьні і складаньні пратаколу, судзьдзі і сьведкі, а таксама адзначыць, ці былі парушаныя яго правы.

Затым зьвесткі аўтаматычна апрацоўваюцца, разьмяркоўваюцца па катэгорыях і захоўваюцца на абароненым сэрвэры за мяжой. А пасьля гэтага альгарытмы плятформы разьмяркоўваюць агрэгаваныя дадзеныя партнэрам для аналітыкі або аказаньня дапамогі. Кантакты людзей, якія запоўнілі анкету, перадаюцца партнэрам, толькі калі сам чалавек даў на гэта згоду.

Доступ да поўнай базы дадзеных ёсьць толькі ў аднаго чалавека, які не жыве ў Беларусі.

Што паказаў аналіз больш як 5 тысяч анкет, дасланых праекту?


Ня так даўно каманда выпусьціла справаздачу, заснаваную на аналізе спраў, зарэгістраваных на плятформе 23.34. Аднак варта адзначыць, што гэта толькі частка гісторый усіх беларусаў. Так, на панядзелак 5 красавіка на плятформе было сабрана 5464 гісторыі, тады як у краіне з пачатку выбарчай кампаніі ў траўні і да канца 2020 года затрымалі звыш 33 000 чалавек (паводле аналітычнага агляду пазбаўленага рэгістрацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна»).

Такім чынам, аналіз больш як 5000 выпадкаў, задакумэнтаваных праектам, паказаў наступнае (дадзеныя прыведзеныя на 5 красавіка 2021 году):

  • у 26% выпадкаў пры затрыманьні да людзей ужываўся фізычны гвалт, у 52% — псыхалягічны. У 11% гісторый апытаныя расказвалі аб фізычным гвалце ў РУУС і РАУС.
  • у 71% выпадкаў затрыманьня людзі заставаліся ў зьняволеньні ў чаканьні суду;
  • у 58% выпадкаў сваякі не былі апавешчаныя аб затрыманьні;
  • у 47% выпадкаў адвакат ня быў прыняты ў пастарунак і ў 16% — у суд (у тых выпадках, дзе была дамова з адвакатам);
  • у 66% выпадкаў судовы разбор праводзіўся не ў судзе, а з турмы з дапамогай відэа, альбо ж у прысутнасьці судзьдзі ў турме, або без падсуднага. У 58% выпадкаў супрацоўнікі міліцыі выступалі ў якасьці сьведак, прычым у 41% сьведкі (супрацоўнікі міліцыі) хавалі свае асобы і/або імёны;
  • у 95% асоб, якія запоўнілі анкеты, сьцьвярджалі, што паказаньні сведак-супрацоўнікаў міліцыі не адпавядалі рэчаіснасьці (цалкам або часткова);
  • 43% асуджаных былі асуджаныя на арышт — і ў 91% з гэтых выпадкаў былі парушаныя правілы і стандарты ўмоў утрыманьня;
  • сярэдні тэрмін арышту — 11,5 дня;
  • у палове выпадкаў справа скончылася штрафам — у сярэднім сума была роўная 483 рублям (гэта прыкладна 180 даляраў згодна з курсам на 5 красавіка);
  • 41% асуджаных абскардзілі або плянуюць абскардзіць рашэньне суду ў вышэйшай інстанцыі, і ў 2% апэляцыйных спраў рашэньне суду было абвешчана несапраўдным вышэйшым судом;
  • у 27% выпадкаў асуджаныя на арышт падалі скаргу на ўмоваў утрыманьня пад вартай;
  • у 19% выпадкаў асоба зьвярталася ў Сьледчы камітэт або пракуратуру.

Што цяпер робіць праект 23.34?


Адзін са стваральнікаў праекту Сяргей расказаў , што ў апошні час у сыстэму стала паступаць менш анкет, чым увосень і на пачатку зімы 2020 году, што цалкам лягічна, бо на вуліцах цяпер затрымліваюць меншую колькасьць людзей.

— Калі шчыра, то я чакаў, што ў 2021 годзе наша праца зьвядзецца да архіваваньня і аналізу дадзеных, сабраных за 2020 год. Але, на жаль, праект пакуль застаецца актуальным — і ў пляне збору дадзеных. Акрамя таго, мы не перастаем разьмяркоўваць гэтыя дадзеныя ў абагульненай форме нашым партнэрам — беларускім і міжнародным праваабарончых арганізацыям, — расказвае Сяргей. — Акрамя гэтага, мы вядзём ананімізаваную інфармацыю аб судзьдзях — гэта значыць тую, у якую ня ўключаны асабістыя дадзеныя пацярпелых. Яна выкарыстоўваецца камандамі праваабаронцаў зь беларускіх дыяспар — у нас ёсьць кантакты ў Вялікай Брытаніі і Швэцыі — якія вывучаюць статыстыку парушэньняў пры правядзеньні судовых разглядаў. Таксама дадзеныя аб судзьдзях аўтаматычна перадаюцца плятформе «Зубар» у іх тэматычны праект.

Наколькі я ведаю, гэтая інфармацыя выкарыстоўваецца далей як мінімум для валідацыі санкцыйных сьпісаў — але мы гэтым непасрэдна не займаемся.

Сяргей адзначае, што сабраная інфармацыя са згоды чалавека перадаецца партнэрам праекту, а менавіта, By_Help, Probono, Праваабарончаму цэнтру «Вясна», Міжнароднаму камітэту расьследаваньня катаваньняў у Беларусі і некаторымі СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG