Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьледчы сказаў, што маглі забіць». Пагаварылі з мастаком-акцыяністам Кузьмічом, які хацеў пранікнуць у палац Макрона


Элізэйскі палац, Парыж

1 красавіка беларускі мастак Аляксей Кузьміч спрабаваў пранікнуць у двор прэзыдэнцкага палацу ў Парыжы. Акцыяніст ладзіў акцыю «Імітацыя». Пасьля сутак у арышце яго вызвалілі.

У інтэрвію «Свабодзе» мастак расказаў, як праходзіў пэрформанс і які яго сэнс.

Навошта Кузьміч прыйшоў у Элізэйскі палац

«Я прыйшоў туды, каб паказаць мастацтва. Бо я яго там ня бачу. Я бачу нейкія галерэі сучаснага мастацтва, усё вельмі вылізана, але мастацтва там няма. Здавалася б, Францыя. Але цяпер мы назіраем там сытуацыю, калі прымаюцца розныя законы, мэта якіх не свабода людзей, а закручваньне гаек. Я ўбачыў сытуацыю, якая чымсьці нагадвае беларускую і вырашыў сумясьціць кантэксты.

У мяне спэцыфічнае мастацтва і я імкнуся дэманстраваць мастацтва ў тых месцах, у якіх яно забароненае. Там, дзе вельмі жорсткі рэглямэнт, або дзе недапушчальнае вольнае мастацкае ці палітычнае выказваньне. Жывучы ў Парыжы, я знайшоў найбольш адпаведнае для сябе месца, дзе мне захацелася выказаць сваю ідэю».

Затрыманьне Аляксея Кузьміча
Затрыманьне Аляксея Кузьміча

У чым сэнс мастацкай акцыі Кузьміча

«Мая акцыя называлася «Імітацыя». Пралёг я ўжо запосьціў у сваім ютуб-канале, хутка зьявіцца фота і відэа акцыі, бо матэрыялы пакуль знаходзяцца ў паліцыі.

З сабою ў мяне быў фэйкавы «кактэйль Молатава», які выглядаў як сапраўдны. Паліцыя і спэцслужбы, якія там знаходзіліся, падумалі, што я сапраўдны тэрарыст і выбягаю з сапраўднай зброяй. Але гэта была імітацыя, ілюстрацыя сучаснага пратэсту і рэвалюцыі, якая ў прынцыпе немагчымая ў нашых рэаліях. Мне здаецца, што час вялікіх рэвалюцый, такія як француская ці ў царскай Расеі, яны ўжо скончыліся. А цяпер мы маем справу зь імітацыяй гэтага працэсу. Штогод адбываюцца розныя падзеі такога кшталту, але яны нічога па-сутнасьці не мяняюць. Таму я прыйшоў паказаць абсурднасьць тых мэтадаў, каторымі цяпер спрабуюць вырашаць праблемы свабоды слова, розных свабодаў чалавека. Я паказаў праз пацыфісцкі лёзунг, што гэта немагчыма, немагчыма дамагчыся свабоды».

Фэйкавы «кактэйль Молатава»
Фэйкавы «кактэйль Молатава»

Што адбылося пасьля затрыманьня

«Паліцыя ня ведала, што гэта імітацыя «кактэйля». Я рабіў усё, як тэрарыст. Уся падрыхтоўка да гэтай акцыі ішла як чыстай вады тэрарызм. Была небясьпека і я гэта разумеў. Пракурор і сьледчы, якія потым са мною працавалі, рабілі на гэта націск, што цябе маглі забіць, што паліцэйскі, які цябе забіў бы, атрымаў бы псыхалягічную траўму. Я ім адказаў, што я разумею, але маё мастацтва па-за маральлю, па-за цэнзурай і па-за ідэалёгіяй. Але маё мастацтва мае негвалтоўны характар. Я не прычыніў нікому ніякай шкоды. Я разьбіў гэтую бутэльку, там унутры было малако. Быў фіціль, які пра прасякнуў бэнзінам і пры дапамозе запальнічкі я пасьпеў яго запаліць. Апрануты я быў у белую сукенку, як жанчыны з нашых маршаў. Я паказаў сымбаль «беларускай рэвалюцыі», якая ня стала сапраўднай рэвалюцыя. Таму і акцыя называецца імітацыяй.

Заклікі да 100%-га пацыфізму і немагчымасьці абараніць сябе, гэта абсурд ва ўмовах аўтарытарнай ці таталітарнай улады, якая ў Беларусі. Таму людзі ў жніўні, нічога не дамагліся, дорачы кветкі і заклікаючы да сумленнасьці. Нас вучаць, што махаючы плякатам, і заявамі пра свае правы, нешта можа зьмяніць. Немагчыма. У гэтым і заключаецца імітацыя дэмакратыі».

Чаму Кузьміч крытыкуе негвалтоўны мэтад барацьбы негвалтоўным мастацтвам ды яшчэ і з-за мяжы

«Я не пагаджуся, што я гэта раблю ў камфортных умовах. Тут была рэальная пагроза страціць жыцьцё. Там шмат спэцслужбаў са зброяй. Не разьлічваць, што цябе могуць там застрэліць, робячы такую акцыю, трэба быць наіўным чалавекам, і я гэта разумеў. Але ў мяне, як мастака, не было выбару.

Паўгода таму я рабіў акцыі ў абсалютна некамфортных для сябе ўмовах, на пратэстах, перад калёнаў АМАПУ, там дзе ў мяне стралялі і кідалі гранаты. Я б ня стаў так казаць, што я сяджу за мяжой і кажу, як каму пратэставаць. Я гэтым займаўся да таго, як вырасла сучаснае пакаленьне такіх дарадчыкаў, якія сядзяць у асноўным у Фэйсбуку. І таму я маю права на свой голас і маю права казаць».

Што не падабаецца Кузьмічу ў мірным пратэсьце

«Нават калі выйдзе 300 тысяч, мільён, ці 2 мільёны, калі супраць гэтага натоўпу будзе сотня або тысяча па зубы ўзброеных людзей, кветкі не дапамогуць. Мірны пратэст цудоўны, ён павінен быць, але не павінен падаўляць іншыя формы супраціву. Кожны змагаецца так, як лічыць патрэбным. Калі нехта гатовы да нейкіх больш сур’ёзных дзеяньняў, то гэта ягонае права.

Было б сьмешным чакаць ад габрэяў, ці іншых народаў, якія былі ў канцлягерах у фашыстаў, што яны будуць пляскаць у ладкі і думаць, што іх не застрэляць або не заб’юць у газавых камэрах. Права на паўстаньне ніхто не адмяняў.

Я проста бачу адыход да ідэалёгіі, якая душыць усе альтэрнатыўныя меркаваньні, іншыя формы пратэсту. Людзі ідуць за натоўпам. А я заклікаю, каб кожны думаў, меў сваю галаву, мог выказвацца. А я бачу моцны ціск і навязваньне маладушнасьці і слабасьці. А яны выгадныя ўладзе. Калі мы выступае супраць аўтарытарызму, мы ня можам быць слабымі. З намі тады ня будуць размаўляць і нават успрымаць нас».

Што Кузьміч думае пра Алеся Пушкіна, які вярнуўся ў Беларусь, ведаючы, што будзе арыштаваны

«Гэта яго выбар. Ён мне яшчэ раней пісаў, што дарма я зьехаў зь Беларусі. Што мне трэба было адсядзець у Жодзіна, 3-4 гады, і тады я быў добрым мастаком. Цяпер у яго ёсьць магчымасьць даказаць, што я ня меў рацыі.

Я ўцякаю ад турмаў. Я ў іх не імкнуся трапіць. Сьвядома сядаць у турму я не хачу. Хаця з гэтай акцыяй у Беларусі мяне б наўрад ці пасадзілі. Мяне б забілі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG