Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч даў інтэрвію з турмы. Яго катуюць гукам


Мікалай Статкевіч пасьля падачы дакумэнтаў у ЦВК, за 9 дзён да арышту, 14 траўня 2020 году.

Мікалай Статкевіч паведаміў пра ціск на яго і пра сваё бачаньне будучыні Беларусі. Deutsche Welle змагла атрымаць адказы на пытаньні рэдакцыі ад беларускага апазыцыйнага палітыка, які знаходзіцца ў турме ў Жодзіне.

Статкевіч ужо больш за дзесяць месяцаў знаходзіцца ў турме № 8 у горадзе Жодзіне. 11 сакавіка стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне справы «Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і набліжаных да іх асобаў», аднак, якія канкрэтна абвінавачаньні выстаўленыя Статкевічу, не паведамлялася.

Жонка палітыка Марына Адамовіч мяркуе, што яму перакваліфікавалі абвінавачаньне — цяпер Статкевічу інкрымінуюць парушэньне часткі 1 артыкулу 293 КК( «арганізацыя масавых беспарадкаў»), хоць раней ён праходзіў па другой частцы гэтага ж артыкулу («удзел у масавых беспарадках»).

У перададзеных адказах Мікалай Статкевіч падзяліўся з DW сваім стаўленьнем да яго крымінальнай справы, расказаў пра ціск на яго ў турме і даў ацэнку таму, што адбываецца ў Беларусі.

У турме на Статкевіча спрабуюць ціснуць

Абвінавачаньні, якія ўлады выставілі Мікалаю Статкевічу, сам ён ляканічна называе «трызьненьнем». На пытаньне аб самаадчуваньні ў турме апазыцыянэр адказаў, што «дыктатар не дачакаецца», аднак паведаміў пра спробы ціску:

«У чэрвені 2020 году, яшчэ падчас адміністрацыйнага арышту, выкарыстоўваліся такія мэтады: пазбаўлялі сну, па 5-7 разоў за ноч забягаючы ў камэру і стукаючы дубінкамі па мэтале; не вадзілі ў душ, пазбаўлялі перадач, шпацыраў, чытаньня. Былі і сілавыя сутыкненьні».

Цяпер, па словах Статкевіча, супраць яго ў турме пераважна выкарыстоўваюць моцны гук.

«З рэпрадуктара круцяць запісы інтэрвію Лукашэнкі, пакаяньні зьняволеных, службовыя інструкцыі. Сіла гуку такая, што нават тэлевізара на максымальнай гучнасьці не чуваць. Такое адбываецца толькі ў маёй камэры. Часам круцяць усю ноч, памяншаючы гучнасьць, каб не перашкаджаць асуджаным у іншых камэрах», — расказаў апазыцыянэр. І дадаў, што змог адаптавацца да такіх умоў, вырабіўшы сабе затычкі для вушэй з губкі для мыцьця посуду.

«Беларусы не перамаглі, таму што Крэмль падтрымлівае Лукашэнку»

Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі, на думку Статкевіча, істотна адрозьніваецца ад падзей 2010 году.

«Цяпер беларускі народ ведае пра тое, што ён за перамены, за зьмену ўлады, людзі хочуць свабоды. Беларусы пераканаліся ў тым, што сабой уяўляе ўлада. Ня думаю, што нелегітымны ў нашых вачах і ў вачах сусьветнай супольнасьці, эканамічна не самадастатковы рэжым зможа захаваць кантроль на працягу доўгага часу», — адзначыў Статкевіч у інтэрвію DW.

Сьвятлану Ціханоўскую ён называе «абраным прэзыдэнтам, якому не далі заняць сваё месца», аднак ацэньваць бягучыя дзеяньні дэмакратычных сіл, знаходзячыся ў турме, Статкевічу цяжка.

«На рэальны дыялёг Аляксандар Лукашэнка пойдзе толькі тады, калі яго будзе позна ратаваць ад народу», — лічыць Статкевіч. На яго думку, беларусы дагэтуль не перамаглі Лукашэнку толькі таму, што ў таго ёсьць падтрымка Крамля.

Гаворачы аб разьвіцьці палітычнага крызісу ў Беларусі, Статкевіч прагназуе ўзмацненьне ціску на грамадзтва, павольную дэградацыю эканомікі і непазьбежныя перамены:

«Але ў цэлым наш народ чакае выдатная будучыня, бо мы яе заслужылі».

Беларусам, якія працягваюць барацьбу, Мікалай Статкевіч пажадаў «годнасьці і волі».

8 год у турме. Марына Адамовіч пра мужа — палітвязьня Міколу Статкевіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:27 0:00

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG