Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта быў ня вобшук, а пагром». Жонка пра ператрус і затрыманьне Алеся Пушкіна


Алесь Пушкін. Архіўнае фота

Жонка Алеся Пушкіна Яніна сказала, што мужа затрымалі, дзе ён цяпер знаходзіцца, ёй невядома. Алесь не пасьпеў ёй патэлефанаваць падчас затрыманьня.

«Вядома, што яго ўчора ў Жылічах Кіраўскага раёну затрымалі, дзе ён працуе на аднаўленьні палаца Булгакаў. Вынесьлі, бо ён сам ня йшоў», — сказала Яніна, якая сёньня якраз везла школьнікаў у музэй.

Дзе цяпер утрымліваюць Алеся, ёй невядома, у міліцыю яна не тэлефанавала.

«Я гэтага рабіць і ня буду. Што мне рукамі махаць? Яны будуць толькі цешыцца. Ён не іголка, не прападзе», — кажа Яніна.

Па абедзе 31 сакавіка стала вядома, што Пушкін у горадзенскай турме.

Яніна Пушкіна зь непаўналетнімі дзецьмі была дома ў Бабры, калі ў дзьве гадзіны ночы да іх прыехалі з ператрусам.

«Гэта быў ня вобшук, гэта быў пагром, калі дзевяць мужыкоў з дубінамі ўламіліся ў хату і пачалі граміць. Перакулілі, паламалі, пабілі карціны, акварэлькі, пакрытыя зьверху шклом, — кажа жонка мастака. — Яны забралі мой і сынаў смартфоны, мой кампутар і шэраг карцін, якія ім дужа спадабаліся. Вядома, усё бел-чырвона-белае выграблі. Ніякага вопісу не складалі. Мы спалі, калі яны ўварваліся. Паказалі паперу, што заведзена крымінальная справа».

За што перасьледуюць Пушкіна

Генпракуратура завяла крымінальную справу супраць мастака Алеся Пушкіна за партрэт антысавецкага падпольшчыка з Пастаўскага раёну Аўгена Жыхара.

Карціна дэманстравалася на выставе ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця. Пракуратура ўбачыла ў гэтым наўмысныя дзеяньні мастака «ў рэабілітацыі і апраўданьні нацызму» паводле часткі 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

Падазраваным у гэтай жа справе праходзіць і кіраўнік Цэнтру гарадзкога жыцьця, журналіст Павал Мажэйка, якога сёньня, па словах жонкі Ірыны, выклікалі на сьледчыя дзеяньні.

Горадзенец быў затрыманы 26 сакавіка на 72 гадзіны, у панядзелак яго адпусьцілі, паводле «Белсату» — з фармулёўкай «Няма падстаў для затрыманьня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG