Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім быў Яўген Жыхар, за партрэт якога завялі крымінальную справу. І што ня так са справай


Ілюстрацыйная выява

За партрэт беларускага антысавецкага партызана на выставе ў Горадні пракуратура гораду завяла крымінальную справу «аб рэабілітацыі і апраўданьні нацызму». У справе фігуруюць мастак Алесь Пушкін і арганізатар выставы Павал Мажэйка.

Кім быў чалавек, выява якога можа стаць падставай для рэальнага турэмнага зьняволеньня? І ці сапраўды яго партрэт і біяграфія мае штосьці супольнае з нацызмам?

Справа Жыхара дагэтуль засакрэчаная

Поўнай карціны жыцьця і дзейнасьці Яўгена Жыхара ня могуць ведаць нават сьледчыя з Горадні. Нюанс у тым, што справы па дзеячах антысавецкага падпольля ў Беларусі засакрэчаныя.

Паспрабуйце знайсьці ў адкрытым доступе яго фатаздымак. Гэта будзе адно невыразнае фота канца 1943 году, дакладней яго фрагмэнт. Дарэчы, параўноўваючы гэты здымак з карцінай Пушкіна, увогуле складана знайсьці шмат падабенстваў. Найхутчэй, выява на карціне — гэта нейкі мастацкі вобраз, створаны ўяўленьнем аўтара, а не рэальны партрэт Жыхара.

Карціна Жыхара не магла рэабілітаваць нацызм. Так кажа... беларускі закон

Як сьцьвярджае пракуратура, Жыхар у 1946 годзе «ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія цягам 9 гадоў у Пастаўскім раёне забівалі міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асобаў, падпальвалі адміністрацыйныя будынкі і рабілі дывэрсіі на чыгунцы».

А цяпер чытаем папраўкі ў закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», прынятыя Палатай прадстаўнікоў у чэрвені 2019 году. Там чорным па белым тлумачыцца, што беларускі закон лічыць нацызмам.

«Нацызм — таталітарная ідэалёгія (дактрына) і практыка яе прымяненьня гітлераўскай Нямеччынай, яе саюзьнікамі і сатэлітамі з 1933 па 1945 год», — цытата з паправак у закон.

Калі пракуратура згадвае дзейнасьць Яўгена Жыхара пачынаючы з 1946 году, то гэта ўжо ніяк ня можа быць нацызмам. У пэрыяд яго дзейнасьці, пра які кажа пракуратура, няма ніякіх прыкметаў пашырэньня нацыянал-сацыялістычнай ідэалёгіі.

Партрэт ня можа быць рэабілітацыяй

Партрэт на выставе, па тым жа беларускім законе ніяк ня можа лічыцца «рэабілітацыяй нацызму», нават калі б прэтэнзіі пракуратуры да Жыхара тычыліся пэрыяду да 1945 году. Бо «рэабілітацыя» мае ў законе канкрэтны сэнс. Гэта:

  • апраўданьне ідэалёгіі і практыкі нацызму, прызнаньне іх правільнымі, патрабуючымі падтрымкі і годнымі перайманьня...
  • ухваленьне або адмаўленьне злачынстваў супраць міру і бясьпекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў, устаноўленых прысудам Міжнароднага ваеннага трыбуналу альбо прысудамі нацыянальных, ваенных або акупацыйных трыбуналаў, заснаванымі на прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбуналу
  • услаўленьне або апраўданьне асоб і (або) структур ці арганізацый, прызнаных вінаватымі альбо злачыннымі прысудам Міжнароднага ваеннага трыбуналу або прысудамі нацыянальных, ваенных або акупацыйных трыбуналаў, заснаванымі на прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбуналу
  • услаўленьне або апраўданьне палітычных і вайсковых арганізацый, якія супрацоўнічалі з такімі асобамі і (або) структурамі ці арганізацыямі, а таксама асобаў, якія ўдзельнічалі ў дзейнасьці такіх палітычных і вайсковых арганізацый і выконвалі злачынныя загады ці наўмысна спрыялі іх выкананьню.

Ні сам Яўген Жыхар, ні арганізацыі, да якіх ён належаў, не прызнаныя Міжнародным ваенным трыбуналам злачыннымі.

Вось арганізацыі, якія на Нюрнбэрскім працэсе былі прызнаныя злачыннымі:

  • СС
  • СД
  • Гестапа
  • Кіраўнічы склад нацысцкай партыі

А такія арганізацыі, як нацысцкі кабінэт міністраў, Генэральны штаб і Вярхоўнае камандаваньне вэрмахту злачыннымі арганізацыямі прызнаны ня былі.

Тым ня менш давайце прасочым за дзейнасьцю Жыхара, каб мець усю паўнату карціны.

Хто такі Яўген Жыхар

Герой партрэту Алеся Пушкіна нарадзіўся ў 1925 годзе на Мядзельшчыне. Бацькі Жыхара былі звычайнымі праваслаўнымі сялянамі.

Калі пачалася ІІ сусьветная вайна, Жыхару было 14 год. У 1941 годзе ён скончыў сямігадовую школу і пачаў навучаньне ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Паводле адукацыі — настаўнік.

У Настаўніцкай сэмінарыі ў Паставах. Яўген Жыхар у верхнім шэрагу, другі зьлева. 1943 год
У Настаўніцкай сэмінарыі ў Паставах. Яўген Жыхар у верхнім шэрагу, другі зьлева. 1943 год

Што рабіў Жыхар падчас нацысцкай акупацыі

  • Вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі.
  • Уступіў у Саюз беларускай моладзі. Праз гэтую арганізацыю немцы плянавалі кантраляваць беларускую моладзь і атрымліваць працоўную сілу для перакіданьня ў Нямеччыну. Міжнародны ваенны трыбунал не прызнаў гэтую арганізацыю злачыннай.
  • Увесну 1944 году Жыхар далучыўся да Беларускай Незалежніцкай Партыі. Як стварыў беларускі каталіцкі сьвятар Вінцэнт Гадлеўскі. Паміж гісторыкаў няма згоды, наколькі яе дзейнасьць была актыўнай. Паводле адных, сябры БНП нярэдка працавалі ў створаным немцамі беларускім апараце і імкнуліся там арганізаваць беларускі нацыянальны рух для адначасовага выступленьня супраць і нацыстаў, і бальшавікоў. Іншыя ж зьвяртаюць увагу на тое, што значэньне БНП перабольшанае, а яе падпольнасьць сумнеўная. У сьнежні 1942 году гестапа арыштавала і закатавала айца Вінцэнта Гадлеўскага. БНП не прызнаная Міжнародным ваенным трыбуналам як злачынная арганізацыя.

Што такое батальён «Дальвіц», у які ўступіў Жыхар

З прыходам савецкіх войскаў Яўген Жыхар адступіў ва Ўсходнюю Прусію, дзе быў завэрбаваны ў дывэрсійны батальён «Дальвіц». У аднайменнай вёсцы (на тэрыторыі сёньняшняй Калінінградзкай вобласьці) знаходзіўся лягер падрыхтоўкі дэсантнікаў, якіх меліся закінуць у Беларусь. Паводле гісторыка Сяргея Ярша, які дасьледаваў гісторыю «Дальвіцу», навучаньне там беларусаў было ініцыятывай Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Чаму беларусы ішлі ў «Дальвіц»? На думку гісторыкаў Юрыя Туронка і Захара Шыбекі, яны спадзяваліся, што ЗША і Англія пойдуць вайной на СССР, і такім чынам Беларусь атрымае шанец стаць незалежнай. Нехта ўцякаў ад бальшавікоў, нехта хацеў адпомсьціць за забойства партызанамі сваякоў, а хтосьці апынуўся там выпадкова.

Яўген Жыхар трапіў у «Дальвіц» ужо пасьля ўцёкаў немцаў зь Беларусі, летам 1944-га. Ці мог ён браць удзел у злачынствах на тэрыторыі Беларусі да заканчэньня вайны? Ані пракуратура, ані КДБ, які мае яго справу, пра гэта не паведамлялі. Пра тое, што гэта малаверагодна, сьведчыць ускосна той факт, што ў Чырвоную Армію Жыхар уступіў пад сваім сапраўдным прозьвішчам.

Няма і ніякай інфармацыі пра тое, што Жыхар мог быць на фронце зь нямецкага боку. Паводле гісторыка Ярша, немцы спрабавалі адправіць некаторых чальцоў батальёну на фронт, але беларусы былі супраць. З усяго батальёну пагадзіліся толькі некалькі чалавек. Жыхара сярод іх не было.

Батальён «Дальвіц» не прызнаны Міжнародным ваенным трыбуналам злачыннай арганізацыяй.

Вёска Парыж. Паводле некаторых зьвестак, менавіта тут нарадзіўся Жыхар
Вёска Парыж. Паводле некаторых зьвестак, менавіта тут нарадзіўся Жыхар

Як Жыхар вярнуўся ў Беларусь

У 1945 годзе «Дальвіц» расфармавалі. Вясной Яўген Жыхар пад уласным імем далучыўся ў Нямеччыне да Чырвонай Арміі. Празь некалькі месяцаў дэмабілізуецца, вяртаецца ў Беларусь і настаўнічае ў вёсцы Верацеі на Пастаўшчыне.

У 1946 годзе савецкія спэцслужбы спрабавалі затрымаць Жыхара, але яму ўдалося ўцячы. У лесе ён далучаецца да атраду Яна Каралёнка, камандзіра антысавецкага партызанскага атраду на Пастаўшчыне, які дзейнічаў да 1953 году. Зь цягам часу Жыхар стаў камандзірам атраду.

Чым займаўся Жыхар у падпольлі

Жыхар кіраваў антыкамуністычным супрацівам на Пастаўшчыне, зрываў мерапрыемствы савецкай улады, перашкаджаў стварэньню калгасаў.

Лічыцца, што за 1946–1955 гады ён разам з атрадам учыніў 23 тэракты, 42 рабункі і 9 нападаў на сельсаветы.

Найбольш гучнай справай было забойства начальніка крымінальнага вышуку Глыбоцкага раёну Віталя Маляўкі ў 1951 годзе. Беларускі рэжысэр Антось Цялежнікаў зьняў у 2014 годзе дакумэнтальны фільм, адным з герояў якога стаў Жыхар. Адзін зь мясцовых людзей узгадаў там цікавую акалічнасьць: Віталь Маляўка ня толькі быў знаёмы зь Яўгенам Жыхарам, яны разам былі ў... дывэрсійнай школе ў Дальвіцы.

Віталь Маляўка
Віталь Маляўка

Забойства Жыхара

Паводле адной з вэрсій, Жыхар застрэліўся апошнім патронам падчас перастрэлкі з чэкістамі. Але гэта, хутчэй, міт. Паводле гісторыка Ігара Валахановіча, які меў доступ да архіву КДБ, у студзені 1955 году Жыхар загінуў у перастрэлцы з апэратыўнай групай КДБ. За забойства Жыхара старшыня калгасу Свацееў атрымаў 2000 рублёў узнагароды і пуцёўку на курорт.

Бацькі Жыхара, дарэчы, не апазналі ў забітым свайго сына. Справа ў тым, што куля трапіла ў твар і зьнявечыла яго. Выказвалася вэрсія, што ў 1958 годзе пасьмяротнае фота нібыта Жыхара трапіла на Захад, там яго аналізавалі людзі, якія былі зь ім знаёмыя, і пераважная большасьць сышлася на думцы, што Жыхар сапраўды загінуў.

Сьмерць Яўгена Жыхара прынята лічыць заканчэньнем партызанскай барацьбы ў Беларусі.

Як Жыхару ўдалося дзейнічаць так доўга

За дапамогу Жыхару ў турме сядзелі яго жонка, маці і айчым.

Але немагчыма ўявіць, каб ён змог пратрымацца 9 год у лесе без падтрымкі мясцовага насельніцтва, якое было незадаволенае ўладай камуністаў. Землякі дапамагалі яму то харчамі, то начлегам, а хто і супрацаю. За гэта некаторыя зь іх трапілі ў турму.

Ані Міжнародны ваенны трыбунал, ані судовыя ўстановы Беларусі ня лічаць Яўгена Жыхара ваенным злачынцам.

Блізкія да ўладаў тэлеграм-каналы называюць Жыхара «здраднікам радзімы». Але СССР ніколі ня быў для яго радзімай. Яўген Жыхар нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася тады ў складзе Польшчы. СССР разбурыў родны яму лад жыцьця, ня кажучы ўжо пра рэпрэсіі 1939-1941 гадоў, ад якіх пацярпелі многія жыхары Пастаўшчыны. У пасьляваенны час Яўген Жыхар змагаўся за незалежную Беларусь, у якой сёньня жывуць і працуюць пракуроры і сьледчыя, якія адкрылі і расьсьледуюць справу за ягоны партрэт.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG