Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады не адчуваюць перамогі


Дзяржаўныя мэдыя радасна абвясьцілі, што ўлада здабыла вырашальную перамогу, бо вулічныя акцыі 25 і 27 сакавіка не адбыліся, усе апанэнты пацярпелі паразу. Можна салютаваць, біць у барабаны і будаваць трыюмфальную арку на дарозе ў Дразды.

Сьцісла:

  • Улады самі ня вераць у гэтую перамогу.
  • Лукашэнка заклікаў працягваць барацьбу з «пратэстунамі», якіх, калі верыць афіцыйным паведамленьням, ужо няма.
  • Зусім не выпадае гаварыць пра перамогу на міжнароднай арэне, дзе ізаляцыя Беларусі паглыбляецца.
  • Улада застаецца ў стане пэрманэнтнага псыхалягічнага напружаньня. Яна добра адчувае, што народ настроены супраць яе.
  • Гэткая сытуацыя блякуе ўсялякія спробы будаваць нейкія далёкасяжныя пляны, стратэгіі.

Аднак справа ў тым, што ўлады самі ня вераць у гэтую перамогу. Бо калі праціўнік пераможаны і дэмаралізаваны, то вайну трэба лічыць скончанай, можна расслабіцца і пераводзіць усё жыцьцё краіны на мірныя рэйкі. Аднак улады дзейнічаюць акурат наадварот.

Калі апанэнты слабыя і ні на што ня здатныя, то навошта было пераводзіць сталіцу ў Дзень Волі фактычна ў стан аблогі, уводзіць у горад вялізную колькасьць сілавікоў і тэхнікі?

Пацешна выглядае наступны сюжэт. Улады голасна абвясьцілі, што вулічныя акцыі не адбыліся. І адначасова зьявілася інфармацыя, што 25 сакавіка міліцыя затрымала 245 грамадзян за ўдзел у пратэсьце, а 27 сакавіка — яшчэ 240 чалавек. Каго ж тады хапалі супрацоўнікі МУС, калі акцый не было?

Лукашэнка ў панядзелак 29 сакавіка правёў адмысловую нараду зь сілавікамі і заклікаў працягваць барацьбу з «пратэстунамі», якіх, калі верыць афіцыйным паведамленьням, ужо няма.

Дзяржаўныя мэдыя працягваюць зацятую крытыку, агрэсіўную рыторыку супраць нібыта «пераможаных» палітычных сілаў. Рыхтуюцца «рэпрэсіўныя» законы, якія павінны крыміналізаваць любую апазыцыйную актыўнасьць.

І зусім не выпадае гаварыць пра перамогу на міжнароднай арэне, дзе ізаляцыя Беларусі паглыбляецца. ЭЗ рыхтуе чацьвёрты пакет санкцый. ЗША, як можна меркаваць, у красавіку здыме мараторый на эканамічныя санкцыі адносна беларускіх дзяржаўных кампаній. Працягваецца канфлікт зь Міжнародным алімпійскім камітэтам. Беларусь адхілілі ад удзелу ў «Эўрабачаньні».

То бок улада застаецца ў стане пэрманэнтнага псыхалягічнага напружаньня. Яна добра адчувае, што народ настроены супраць яе.

Асаблівае ўражаньне зрабіла на публіку інфармацыя пра тое, што рыхтуецца закон, паводле якога сілавікам і супрацоўнікам дзяржаўных СМІ могуць выдзеліць ахову і нават зьмяніць зьнешнасьць. Ва ўсім сьвеце вядоўцы тэлеканалаў — самыя папулярныя людзі ў краіне, зь імі на вуліцах хочуць рабіць сэлфі, просяць аўтограф. А вядоўцы беларускіх тэлеканалаў настолькі непапулярныя, што баяцца без аховы выйсьці на вуліцу, яны ізгоі ў сваёй краіне.

І ўсё гэта мала падобна да перамогі. Як казаў дагестанскі паэт Расул Гамзатаў, «сяджу ў прэзыдыюме, а шчасьця няма».

Гэткая сытуацыя блякуе ўсялякія спробы будаваць нейкія далёкасяжныя пляны, стратэгіі. Калі ідзе барацьба за выжываньне, то пра пэрспэктывы краіны няма часу думаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG