Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 урокаў Плошчы-2006


Шматтысячная акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 19 сакавіка 2006 года

Досьвед Плошчы 2006 году, паралелі з падзеямі мінулага году бачацца вельмі цікавымі. Тут можна зрабіць некалькі важных высноваў.

Сьцісла:

  • Пратэсты і 2006, і 2020 гадоў паказваюць, што найбольш спрыяльны момант для перамогі дэмакратыі — прэзыдэнцкія выбары.
  • Неабходная, хоць і недастатковая перадумова перамогі — заваёва апанэнтамі рэжыму большасьці на выбарах.
  • Важнай умовай посьпеху зьяўляецца кансалідацыя апанэнтаў улады, вылучэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.
  • Без разбурэньня інфармацыйнай манаполіі ўладаў немагчыма разьлічваць на посьпех.
  • Мінулым годам у самы крытычны момант канца жніўня — пачатку верасьня не было адзінага цэнтру, штабу, які б ня тое што кіраваў, а хоць бы проста каардынаваў пратэсты. Гэта паказвае, што самаарганізацыя вулічных акцый мае свае мінусы.

У шматлікіх развагах наконт таго, чаму не атрымалася перамога ў жніўні-кастрычніку мінулага году, выказвалася і такая думка. Маўляў, памылкай было тое, што маршы пратэсту ладзіліся толькі па выходных, а трэба было рабіць ціск на ўладу пастаянным, безь перапынкаў. Аптымальны варыянт — увогуле не сыходзіць з вуліц і плошчаў, арганізаваць намётавае мястэчка, як у 2006 годзе.

У гэтым сэнсе досьвед 2006 г., паралелі з падзеямі мінулага году бачацца вельмі цікавымі. Тут можна зрабіць некалькі важных высноваў.

1. Пратэсты і 2006, і 2020 гадоў паказваюць, што найбольш спрыяльны момант перамогі дэмакратыі — прэзыдэнцкія выбары. Права на ўладу трэба легітымізаваць. Прычым як у вачах насельніцтва, так і ў вачах намэнклятуры. Ніякіх іншых спосабаў легітымізацыі, акрамя выбараў, не існуе.

2. Важная абавязковая (хоць і недастатковая) перадумова перамогі — заваёва апанэнтамі рэжыму большасьці на выбарах. Чаго не было ў 2006 годзе, і што здарылася ў 2020 годзе. Псыхалягічнае адчуваньне, што мы ў меншасьці, скоўвае лідэраў і ўсіх удзельнікаў падзей. Актыўная меншасьць, нават сьмелая і рашучая, ня можа перамагчы жорсткі аўтарытарны рэжым, калі не абапіраецца на падтрымку большасьці.

Параўнаньне гэтых дзьвюх падзей падводзіць да высновы, што масавая падтрымка альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў зьяўляецца толькі тады, калі выявіцца рэальная магчымасьць зьмены ўлады. Людзі выходзяць на вуліцу, каб абараніць электаральную перамогу. Калі перамогі няма, то дэвальвуецца сэнс пратэсту. І ў сакавіку 2006 году штабам Мілінкевіча была вельмі цьмяна сфармулявана мэта акцыі на Плошчы. Пратэст супраць фальсыфікацый — слабая матывацыя. Бо з гледзішча абывацеля, якая розьніца, колькі насамрэч набраў Лукашэнка, 51% ці 85%? Плошча — гэта фінальны акорд электаральнай перамогі.

2020 год паказаў, што нават падтрымка большасьці аказалася недастатковай, каб перамагчы жорсткі аўтарытарны рэжым.

3. Апанэнты рэжыму маюць шанцы на посьпех толькі ва ўмовах крызісу існай сацыяльнай мадэлі. Прычым крызісу, відавочнага для насельніцтва. Тады адбываецца страта даверу грамадзтва да ўлады, падзеньне рэйтынгу кіраўніка, маральная ізаляцыя рэжыму. Такое здарылася ў 2020 годзе.

А 15 гадоў таму, дзякуючы нафтадалярам, беларуская сацыяльная мадэль знаходзілася на піку магутнасьці і падтрымкі грамадзтва. Рост гадавых валавых паказчыкаў у эканоміцы і падвышэньне заробкаў вымяраліся двухзначнымі лічбамі. Рэйтынг Лукашэнкі быў самы высокі за ўсе прэзыдэнцкія кампаніі. У такой сытуацыі любая альтэрнатыва (найперш эканамічная) не ўспрымалася насельніцтвам. Не выпадкова галоўнай ідэяй кампаніі Мілінкевіча была ідэя свабоды. Нічога іншага апазыцыя прапанаваць не магла.

4. Важная перадумова посьпеху — кансалідацыя апанэнтаў улады. І тут мы зноў вяртаемся да шмат разоў высьмеянага тэзісу пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Кампанія 2006 году паказала магчымасьць аб’яднаньня ўсёй апазыцыі: і правай, і левай. І ня важна, што ня ўсе партыйныя структуры актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі. Больш важна, што ў такім выпадку адбываецца аб’яднаньне электарату.

І ў 2020 годзе лёгіка палітычнага працэсу таксама падштурхнула да вылучэньня Сьвятланы Ціханоўскай адзіным кандыдатам. І няхай паралельна ішлі яшчэ трое альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, гэта не перашкодзіла мэйнстрыму грамадзкай падтрымкі. Калі б Ціханоўскую не зарэгістравалі, ці калі б не адбылося аб’яднаньня трох штабоў, то галасы праціўнікаў Лукашэнкі распыліліся б. Хтосьці падтрымаў бы байкот, іншыя галасавалі б за чатырох альтэрнатыўных кандыдатаў. У выніку чаго Лукашэнка зноў атрымаў бы больш, чым любы з апанэнтаў, як тое адбылося ў 2010 годзе. І не было б выбуху пратэсту.

5. Лідэру, адзінаму кандыдату ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў не абавязкова валодаць вялікай асабістай харызмай. Галоўнае, каб ён пасаваў на ролю сымбаля пераменаў.

6. Абавязковая ўмова посьпеху — гэта прарыў інфармацыйнай манаполіі ўладаў. У 2006 годзе гэта зрабіць не ўдалося, інтэрнэт быў неразьвіты. Улады мелі спрыяльныя ўмовы для дыскрэдытацыі апазыцыі.

2020 год паказаў, што разбурэньне манаполіі ўладаў на інфармацыю — гэта ключавы момант барацьбы за дэмакратыю. Новыя інфармацыйныя тэхналёгіі апанэнты рэжыму выкарыстоўваюць значна больш эфэктыўна, чым улады.

7. 2006 год паказаў, якое значэньне падчас вострага палітычнага супрацьстаяньня мае масавае і эфэктыўнае выкарыстаньне сымболікі. Гэта стварае моду, дапамагае стварыць уражаньне, што «нашых» шмат. У 2006 годзе значкі з нацыянальнай сымболікай сталі папулярнымі сярод моладзі, асабліва студэнцкай.

А ў мінулым годзе перавага бел-чырвона-белых колераў у сталіцы і буйных гарадах стала настолькі відавочнай, што падштурхнула ўладу выкарыстоўваць тую ж тэхналёгію. Палітычная барацьба ператварылася ў барацьбу сьцягоў і сымбаляў. Слова «БЧБ-шнікі» ўжо ўвайшло ў гісторыю, стала адметным пазначэньнем усіх праціўнікаў рэжыму.

8. У 2006 годзе апазыцыя паказала вельмі прафэсійны палітычны мэнэджмэнт. Яго вынікам стала зьяўленьне намётавага мястэчка. Да 2020 году гэта была самая арганізаваная вулічная акцыя ў гісторыі беларускай апазыцыі. І яна стала нечаканай для ўладаў. Была добрая арганізацыя жыцьцядзейнасьці людзей у намётавым мястэчку.

Мінулым годам у самы крытычны момант канца жніўня — пачатку верасьня не было адзінага цэнтру, штабу, які б ня тое што кіраваў, а хоць бы проста каардынаваў пратэсты. У выніку чаго намётавае мястэчка так і не зьявілася. А яно магло б стаць цэнтрам кансалідацыі пратэставага руху. Асабліва ў тыя 10 дзён, калі сілавыя структуры не перашкаджалі людзям свабодна хадзіць па вуліцах. Гэта паказвае, што самаарганізацыя вулічных акцый мае свае мінусы.

9. 2020 год разбурыў ілюзію, якая існавала і актыўна папулярызавалася ў 2006 годзе, што калі на вуліцы выйдзе 100 тысяч чалавек, то міліцыя акажацца з народам і рэжым абрынецца. Аказалася, што палітычны працэс значна больш складаны за голыя схемы. А рэжым аказаўся больш жывучы, чым уяўлялася тады, у 2006 годзе, асабліва пасьля перамогі першага ўкраінскага Майдану.

10. Пратэсты 2006 і 2020 гадоў яднае тое, што яны былі негвалтоўнымі. Мусіць, гэта нейкая родавая якасьць беларускага грамадзтва.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG