Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум пра захаваньне СССР: назаўтра — кайданкі і дубінкі. 12 фактаў пра плебісцыт 1991 году


Газэта «Правда», сакавік 1991 года

17 сакавіка 1991 году прайшоў рэфэрэндум пра захаваньне СССР. Цягам дзесяцігодзьдзяў гэты рэфэрэндум быў і застаецца аргумэнтам праціўнікаў незалежнасьці Беларусі і апалягетаў аднаўленьня СССР. На вынікі рэфэрэндуму СССР часта спасылаецца і Аляксандар Лукашэнка.

Аднак сытуацыя не была нагэтулькі адназначнай, як гэта часта падаецца.

Рэфэрэндум ня быў «гарбачоўскім»

Рэфэрэндум часта называюць «гарбачоўскім» (маючы на ўвазе прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова), аднак фармальна той ня меў дачыненьня да яго ініцыяваныня. Рашэньне пра рэфэрэндум прыняў Зьезд народных дэпутатаў СССР 24 сьнежня 1991 году, а Вярхоўны Савет СССР 16 студзеня 1991 зацьвердзіў фармулёўку пытаньня і прызначыў дату рэфэрэндуму.

Пытаньняў у рэфэрэндуме мусіла быць два

У пастанове Зьезду народных дэпутатаў 24 сьнежня 1991 прадугледжвалася, што на рэфэрэндум вынесуць два пытаньні: пра захаваньне СССР і пра прыватную ўласнасьць на зямлю. Аднак Гарбачоў выступіў супраць другога пытаньня, і Вярхоўны Савет СССР у бюлетэні для галасаваньня яго не ўключыў.

Фармулёўка рэфэрэндуму зьмяшчала юрыдычныя недасканаласьці і супярэчнасьці

Пытаньне, вынесенае на рэфэрэндум, фармулявалася наступным чынам: «Ці лічыце Вы неабходным захаваньне Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці?»

Фармулёўка рэфэрэндуму зьмяшчала юрыдычныя недасканаласьці і супярэчнасьці. Напрыклад, ніхто ня мог патлумачыць, што азначаюць словы «у поўнай меры» і што трэба лічыць сацыялізмам. Таксама «сувэрэнная рэспубліка» ня можа быць членам фэдэрацыі — інакш яна ўжо ня будзе сувэрэннай.

Сатырыкі пасьмяяліся з рэфэрэндуму

Вясной 1991 сатырыкі жартавалі, што такога Савецкага Саюзу, дзе ў поўнай меры гарантуюцца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці, не існавала ніколі.

У Беларусі рэфэрэндум прызначылі з махлярствам

Калі ў студзені 1991 года старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей падняў пытаньне пра рэфэрэндум на сэсіі, Апазыцыі БНФ удалося заблякаваць галасаваньне, і пытаньне нават не ўнесілі ў парадак дня сэсіі. Тады пракамуністычнае кіраўніцтва парлямэнту прызначыла яго рашэньнем Прэзыдыюму ВС, хаця ў часе сэсіі Прэзыдыюм ня меў на гэта паўнамоцтваў (у склад Прэзыдыюму ўваходзілі старшыня ВС, ягоныя намесьнікі і старшыні пастаянных камісій).

Акрамя таго, пазьней выявілася, што рашэньне аформілі «задняй датай» шляхам апытаньня членаў Прэзыдыюму.

Рэфэрэндум прайшоў не ва ўсіх рэспубліках

На пачатка 90-х СССР фармальна складаўся з 15 саюзных рэспублік (да ліпеня 1956 з 16-ці, існавала яшчэ і Карэла-Фінская ССР). Да сакавіка 1991-га большасьць рэспублік абвясьцілі пра сувэрэнітэт, а чатыры — Армэнія, Латвія, Літва і Эстонія — заявілі пра выхад са складу Савецкага Саюзу.

Шэсьць рэспублік (Армэнія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія) увогуле адмовіліся яго праводзіць. Галасаваньне там прайшло на асобных акругах і ў вайсковых частках Савецкай Арміі і Памежных войскаў КДБ СССР.

Адна з улётак БНФ на рэфэрэндуме 1991 году
Адна з улётак БНФ на рэфэрэндуме 1991 году

Прыхільнікі незалежнасьці ня мелі голасу

Закон СССР аб рэфэрэндуме гарантаваў агітацыю як «за», так і «супраць», аднак прыхільнікі незалежнасьці Беларусі, у прыватнасьці прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту, не атрымалі магчымасьці выказаць сваю пазыцыю праз афіцыйныя СМІ.

Пасьля неаднаразовых і безвыніковых зваротаў да кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё з просьбай даць жывы эфір, дэпутаты Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, Галіна Сямдзянава і Сяргей Навумчык зьвярнуліся да старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея з просьбай паспрыяць у прадастаўленьні эфіру. Станоўчага адказу на гэты адказ дэпутаты БНФ не атрымалі, магчымасьці выказацца за незалежнасьць у дзяржаўных СМІ ні яны, ні іншыя яе прыхільнікі не атрымалі.

Гэта было прамым парушэньнем двух законаў — і Закону аб статусе народнага дэпутата БССР, і Закону СССР аб рэфэрэндуме.

90-я forever: Рэфэрэндум бяз права голасу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:34 0:00


Вынікі галасаваньня ў БССР: неадназначна

Паводле афіцыйных дадзеных, усяго ў СССР станоўча на пытаньне рэфэрэндуму адказалі 77, 85%. Гэта дазволіла кіраўніцтву СССР заявіць пра жаданьне большасьці насельніцтва захаваць СССР. Камітэту канстытуцыйнага нагляду СССР (аналяг Канстытуцыйнага суду) даручалася даць ацэнку пазыцыі кіраўніцтва рэспублік, якія адмовіліся праводзіць рэфэрэндум.

У БССР, паводле афіцыйных дадзеных, «за» адказалі 82,6 % — з тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Гэты было менш, чым у РСФСР (71, 3%) і ва Ўкраіне (70,2). Пры гэтым колькасьць прыхільнікаў захаваньня СССР сярод тых, хто меў права голасу, вагалася на мяжы паловы і склала крыху больш як 52 адсоткі (на ўчасткі прыйшлі 63,5% грамадзян, якія мелі права голасу, зь іх прагаласавалі «за» — 82,6%. У Менску супраць Саюзу прагаласавалі 32%).

Самымі «саюзнымі» былі туркмэны

Найбольшая колькасьць тых, хто прагаласаваў «за», была ў Туркмэнскай ССР (97, 9%), найменшая — ва Ўкраінскай ССР (70,2%).

Рэфэрэндум прайшоў не ва ўсіх рэспубліках

З 15 рэспублік СССР шэсьць (Армэнія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія) увогуле адмовіліся яго праводзіць.

Толькі 6% дасьведчаных

Паводле сацыялягічных апытаньняў, з тых, хто на рэфэрэндуме прагаласаваў за «абноўленую фэдэрацыю раўнапраўных сувэрэнных рэспублік», толькі 6 адсоткаў мелі ўяўленьне аб праекце Саюзнай дамовы, прапанаваным Гарбачовым.

Назаўтра — кайданкі і дубінкі

Рэфэрэндум адбыўся ў нядзелю, а ў панядзелак, 18 сакавіка, уступіў у дзеяньня «Закон аб міліцыі», які дазваляў супрацоўнікам органаў унутраных спраў “ужываць кайданкі, гумавыя палкі, сьлезацечныя рэчывы”.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG