Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбытак прадпрыемстваў дзяржсэктару летась скараціўся ў 20 разоў


Дзяржсэктар становіцца ўсё больш стратным, ілюстрацыйнае фота

Прадпрыемствы з доляй дзяржавы па выніках 2020 году атрымалі чысты прыбытак у памеры 242 млн рублёў, што ў 22 разы менш у параўнаньні з узроўнем 2019-га, калі гэты паказьнік склаў амаль 5,5 млрд рублёў.

На дадзеныя аб выніках дзейнасьці дзяржаўных арганізацый за мінулы год, якія апублікаваў Нацыянальны статычны камітэт, спасылаецца БелаПАН.

Рэзкае пагаршэньне фінансавай сытуацыі назіраецца практычна паўсюдна. Так, у будаўніцтве зафіксаваныя страты звыш 2 млрд рублёў. Аналагічныя паказьнікі мае Астравецкі раён, таму эканамісты лічаць, што гэты адмоўны вынік будаўніцтва БелАЭС.

У дрэваапрацоўцы страты дасягнулі 378 млн рублёў, транспартнікі спрацавалі ў мінус на 321 млн, вытворцы плястыкавых і немэталічных вырабаў — на 210 млн, машынабудаваньне — на 162 млн.

На думку эканамістаў, такія значныя страты ў дзяржсэктары могуць быць зьвязаныя зь леташняй дэвальвацыяй, якая прывяла да пераацэнкі абавязаньняў дзяржпрадпрыемстваў, намінаваных у замежнай валюце. Акрамя таго, гэта справакавана імкненьнем прадпрыемстваў выконваць дырэктыўныя ўказаньні на падтрымку аб’ёмаў прамысловай вытворчасьці ва ўмовах пандэміі.

Экспэрты чакаюць, што рост стратаў у дзяржсэктары абвострыць праблемы з платаздольнасьцю. У студзені Нацыянальны банк заявіў, што шэраг дзяржаўных суб’ектаў маюць абмежаваныя магчымасьці ў самастойным абслугоўваньні доўгу. Аб’ём запазычанасьці ацэньваецца на ўзроўні 14% да ВУП.

«Мяркуючы па дзеяньнях уладаў, дакладнага разуменьня, што рабіць з праблемнымі прадпрыемствамі, у іх няма. Год пачаўся з угодаў, у рамках якіх дзяржаўныя банкі сьпісалі праблемныя пазыкі прадпрыемстваў, некаторыя канвэртаваліся ў акцыі і перадаваліся банкам ці былі канвэртаваныя ў дзярждоўг», — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Дзьмітры Крук.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што плацяжы па дзярждоўгу ажыцьцяўляюцца за кошт сродкаў бюджэту, які напаўняецца падаткаплатнікамі. А перакладаньне пазык на дзяржаўны бюджэт прыводзіць да таго, што карпаратыўныя праблемы становяцца патэнцыйным галаўным болем ўсяго беларускага грамадзтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG