Лінкі ўнівэрсальнага доступу

75 гадоў таму Чэрчыль выступіў у Фултане з прамовай аб «жалезнай заслоне»


Уінстан Чэрчыль падчас прамовы ў Фултане

75 гадоў таму — 5 сакавіка 1946 году — былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыль выступіў у Вэстмінстэрскім каледжы ў Фултане, штат Місуры, з прамовай, у якой рэзка раскрытыкаваў дзеяньні Савецкага Саюзу ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, і заклікаў да паглыбленьня саюзу паміж ЗША і Вялікай Брытаніяй.

У прамове ўпершыню прагучала словазлучэньне «жалезная заслона», якое стала пасьля знакамітым. Чэрчыль ужыў яго для абазначэньня мяжы сфэры савецкага ўплыву ў Эўропе. У СССР гэтую прамову пасьля называлі сыгналам да пачатку халоднай вайны — супрацьстаяньня Захаду і Савецкага Саюзу.

Чэрчыль, які ўзначальваў Вялікую Брытанію падчас Другой сусьветнай вайны, выступаў у Фултане як прыватная асоба, у той час ён не займаў ніякіх дзяржаўных пасадаў. Аднак у паездцы яго суправаджаў прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн, ураджэнец Фултану.

У сваім выступе Чэрчыль канстатаваў, што сярод Аб’яднаных нацый, якія ўсяго год таму перамаглі ў Другой сусьветнай вайне, няма адзінства, галоўным чынам таму, што ня ўсе саюзьнікі падзяляюць адны і тыя ж каштоўнасьці. Чэрчыль сказаў, што зь вялікай павагай ставіцца да Расеі (кажучы пра яе, ён меў на ўвазе СССР) і згодны з тым, каб яна «з поўным правам заняла месца сярод вядучых нацый сьвету», аднак зьвярнуў увагу на савецкую экспансію ў Эўропе, якая тады пашыралася.

«Ад Шчэціна на Балтыцы да Трыесту на Адрыятыцы, праз увесь кантынэнт была апушчаная „жалезная заслона“», — заявіў Чэрчыль, адзначыўшы, што такія краіны, як Польшча, Чэхаславаччына, Югаславія, а таксама частка Аўстрыі і Нямеччыны апынуліся пад савецкім кантролем. У краінах жа Заходняй Эўропы, паводле былога брытанскага прэм’ера, былі створаныя камуністычныя «пятыя калёны», якія пагражаюць дэмакратыі. Новую вайну, на думку Чэрчыля, магла б прадухіліць вайсковая моц брытанска-амэрыканскага хаўрусу: як сказаў былы прэм’ер, расейцы «нічым не захапляюцца больш, чым сілай, і нічога не паважаюць менш, чым слабасьць».

Савецкі друк і асабіста Ёсіф Сталін нэгатыўна ацанілі прамову Чэрчыля, абвінаваціўшы яго ў распальваньні новай вайны, і параўналі яго з Гітлерам.

Выраз «жалезная заслона» зь неабходнымі ўдакладненьнямі (у прыватнасьці, Вена пасьля дэакупацыі Аўстрыі апынулася на захад ад «заслоны») ужывалася на працягу ўсяго пэрыяду халоднай вайны для абазначэньня мяжы паміж дзяржавамі Захаду і савецкага блёку ў Эўропе і шырэй — як сынонім закрытасьці Савецкага Саюзу і ягоных сатэлітаў, іх адарванасьці ад астатняга сьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG