Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі чакае сёлета «бюжэтнай дзіркі» ў 5,6 мільярда рублёў


Рэкляма прадукцыі Беларускага мэталюргічнага заводу, якому патрэбная бюджэтная дапамога для пакрыцьця запазычанасьці

Па выніках 2020 году кансалідаваны бюджэт Беларусі быў зьведзены з дэфіцытам 2,6 млрд рублёў. Для параўнаньня, прафіцыт за 2019-ы склаў 5,2 млрд. Такім чынам, усяго за год сальда напаўненьня казны ўпала амаль на 8 млрд рублёў.

Як аналізуе рэсурс banki24, на 2021 год Міністэрства фінансаў прадугледжвала дэфіцыт у памеры 4 млрд рублёў. Але днямі ведамства апублікавала ўдакладнены плян. Паводле яго, у бюджэце ўтворыцца «дзірка» памерам 5,6 млрд рублёў — на 1,6 мільярда больш, чым плянавалі дагэтуль.

Прычыны становяцца заўважныя пры аналізе даходнай і расходнай частак бюджэту. За студзень даходы ў намінале вырасьлі ўсяго на 0,2%. Але ў рэальным выражэньні з папраўкай на дэфлятар скараціліся на 8,5% да 2020 году.

Адначасова адбыўся скачок расходнай часткі. У студзені яна павялічылася амаль удвая (на 96,3%) да ўзроўню 2020-га. У грашовым выражэньні — на 1,4 млрд рублёў. У асноўным вырасьлі выдаткі на агульнадзяржаўную дзейнасьць — плюс 1,375 млрд да мінулага году. Прыкметную частку займаюць плацяжы па абслугоўваньні дзярждоўгу.

Так супала, што ў студзені ўлады пачалі ратаваць Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне — даўгі рэструктурызавалі праз выпуск дзяржаблігацый.

Паводле эканамістаў, калі гэтым шляхам пойдуць іншыя суб’екты гаспадараньня, можна чакаць новых непрыемных навінаў на бюджэтным фронце. Бо ў канчатковым выніку «ратаваньне» дзяржаўных прадпрыемстваў аплачваюць падаткаплатнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG