Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі складаны мэханізм». Міністар замежных спраў Украіны расказаў пра санкцыі супраць уладаў Беларусі


Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба пацьвердзіў намер Кіева далучыцца да эўрапейскіх санкцый супраць грамадзян Беларусі, адказных за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў.

«У нас вельмі складаны мэханізм увядзеньня санкцый. Мы цяпер распрацоўваем зьмены ў заканадаўства, каб зрабіць гэты мэханізм больш гнуткім», — сказаў Свабодзе Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне аб тым, калі, якія і супраць каго Ўкраіна плянуе ўвесьці санкцыі.

Паводле яго, адпаведная працэдура ўжо распачатая, але ня змог удакладніць, на якім этапе яна знаходзіцца.

Дзьмітро Кулеба таксама паведаміў, што пакуль ня бачыў звароту, які накіраваў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці ў дзяржаўныя структуры Ўкраіны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый.

«Тэарэтычна і практычна гэта можа быць далучэньне Ўкраіны да санкцый Эўрапейскага Зьвязу. Пакуль усё, што я магу сказаць», — дадаў міністар.

Раней у адказе на запыт Радыё Свабода Міністэрства замежных справаў Украіны паведамляла аб пачатку працэдуры ўвядзеньня санкцый супраць датычных да фальсыфікацыі выбараў у Беларусі і гвалту над дэманстрантамі.

Цяпер, паводле ўкраінскага заканадаўства, санкцыі ў дачыненьні да замежных грамадзян прымае Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Яны набываюць моц пасьля выданьня адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы аб зацьвярджэньні рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG