Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мама, я хачу дахаты!» Гісторыя хлопца з разумовай адсталасьцю, якому прысудзілі 2 гады калёніі за «беспарадкі»


Дзьмітры Гопта ў судзе

5 лютага суд у Жлобіне пакараў калёніяй на два гады 21-гадовага Дзьмітрыя Гопту. Нягледзячы на разумовую адсталасьць, яго прызналі вінаватым у масавых беспарадках і гвалце над міліцыяй, хоць ніхто не пацярпеў. Свабода пагаварыла з маці асуджанага Вольгай Гопта, якая 16 лютага ўпершыню была на спатканьні з сынам у гомельскім СІЗА.

Беларусы стварылі пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць хворага хлопца. Яе падпісалі на гэты момант больш за дзьве тысячы чалавек.

За што асудзілі Дзьмітрыя Гопту

Крымінальная справа тычылася падзей 10 жніўня ў Жлобіне, калі людзі выйшлі на плошчу і патрабавалі сумленных выбараў. Пасьля жорсткага разгону шмат каго затрымалі. Маладых людзей, у тым ліку Дзьмітрыя, абвінавачвалі ў тым, што яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, перашкаджалі руху транспарту, выгуквалі лёзунгі, уцякалі ад міліцыі і кідалі камяні ў бок міліцыянтаў і іх транспарту.

Экспэртыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на псыхіятрычныя праблемы і дыягназ, Дзьмітры Гопта можа адказваць за свае дзеяньні.

Віну ён прызнаў цалкам і пагаджаўся з кожным сьцьверджаньнем пракурора, судзьдзі ці адваката. Перад судом 5 лютага хлопец самастойна пагаліў галаву, перад прысудам моцна плакаў і казаў, што ня хоча ў турму.

«Ледзьве вывучыўся... Працаваць ня мог, бо не разумеў пастаўленых задач»

Вольга Гопта расказвае, што дыягназ сыну выставілі ў 2012 годзе. Ён гучыць так: «Разумовая адсталасьць лёгкай ступені; парушэньне ў паводзінах, якое патрабуе пастаяннага назіраньня, лячэньня і дагляду».

Назіраньнем і даглядам усе гэтыя гады займаліся маці і сястра.

«Дзіма пачаў позна хадзіць, мо ў два гады. У яго была касавокасьць, таму ў шэсьць гадоў рабілі апэрацыю... Калі іншыя дзеці разумелі свае патрэбы, у яго гэтага не было. Ды і цяпер ён можа ў мароз ісьці ў кедах на вуліцу, а ў 30-градусную сьпёку — у цёплай кофце. Было цяжка і мне... Бо ня хочаш верыць у такія асаблівасьці і спрабуеш выхоўваць, як звычайнае дзіця...», — апавядае Вольга Гопта.

Дзьмітры Гопта
Дзьмітры Гопта

Яна прыгадвае, калі сын пайшоў у школу, то стала зразумела, што «трэба нешта рабіць».

«Яму было цяжка з прадметамі ў школе. Дзеці жорсткія, а словамі адказаць ён ня мог... Былі і бойкі. Потым Дзіму перавялі ў інтэграцыйную клясу. Яму падабалася праца, фізкультура. Сам ганяў у футбол, хадзіў глядзець хакейныя матчы», — жанчына зь цяжкасьцю стрымлівае сьлёзы.

Пасьля школы хлопец вучыўся ў ліцэі ў Рагачове на працоўнай спэцыяльнасьці. Там існавала адмысловая група для падлеткаў з асаблівасьцямі разьвіцьця.

«Ледзь скончыў той ліцэй, былі праблемы зь іншымі дзецьмі, нараканьні ад майстра. Дзіму не даецца праца, ён не разумее пастаўленай задачы: як рабіць, што рабіць... Але яму трэба ж неяк жыць, я ня вечная. Групы інваліднасьці нам не далі: „У нас і з больш цяжкімі дыягназамі працуюць“. Я аббегала ўвесь Жлобін, каб уладкаваць яго на працу. На яго проста паглядзяць — і не бяруць».

Адзінае прадпрыемства, куды яго ўзялі Дзьмітрыя — піларама, але ён там пратрымаўся тыдзень.

«Сказалі: „Ну ня можам мы яго трымаць, ён не разумее, што рабіць і як!“ Зноў жа, на камісіі аб групе мне заявілі: „А вы не спрабавалі знайсьці яму працу“. Як не спрабавала?! Яго нават на ўлік на біржу працы не паставілі. Так ён і завіс — ні групы, ні працы», — кажа маці.

Жанчына тлумачыць, што сын даверлівы і наіўны, любіць быць сярод людзей, слухаць іх.

«Вечарам зьбяромся, ён паставіць галаву на кулачкі і ўважліва ўсіх слухае. Чым-небудзь займацца яму цяжка — не хапае ўседлівасьці», — зазначае Вольга.

Што адбылося 10 жніўня і пасьля

Дзьмітрыя Гопту затрымалі 28 жніўня. Пра гэта Вользе, якая была на працы, паведамілі суседзі. Вечарам ад адваката і сьледчай яна даведалася, што «за масавыя беспарадкі».

Вольга Гопта, маці Дзьмітрыя
Вольга Гопта, маці Дзьмітрыя

«Мне спачатку стала сьмешна. Я дачцэ кажу: „Уяві! За масавыя беспарадкі 10 жніўня, гэта што наагул?“ Мы ведалі пра ўсе падзеі і стараліся Дзіму нікуды не пускаць. Можа быць, 10 жніўня ён і выскачыў вечарам да Палаца культуры мэталюргаў ненадоўга. Але пасьля 23-х гадзін быў дома. Ля Палацу культуры мэталюргаў у нас месца збору моладзі. Былі яны там і 10 жніўня. Інтэрнэт адключылі, навінаў не пачытаць — многія пайшлі на вуліцу паглядзець, што адбываецца», — кажа маці.

Гопта правёў у ізалятары тры дні. Прызнаўся, што быў ля Палацу культуры 10 жніўня. Потым яго адпусьцілі.

«Пра камяні тады не было наогул ніякай гаворкі! Справа была толькі пра тое, што ён там знаходзіўся. Адвакат прыйшла да яго 28 жніўня каля 17 гадзін, і на той момант ён ужо „ва ўсім прызнаўся“. Ён такі чалавек, якому лёгка ўнушыць што хочаш. Як толькі далі інтэрнэт, здаецца, 11 жніўня, мы дома глядзелі розныя ролікі пра тое, як міліцыя абыходзілася зь людзьмі, пра гэты гвалт. Дзіма надта перажываў за людзей, ён набраў, можа, у галаву, што і зь ім так будзе ў міліцыі», — расказвае Вольга Гопта.

Дзьмітры Гопта
Дзьмітры Гопта

Калі Дзьмітры прыйшоў з ізалятару, то казаў маці, што яго там білі, хоць бачных сьлядоў на ім не было.

«Можа, білі, а можа, ён набраўся ўражаньняў... Яго вельмі лёгка запалохаць. Дзіму яшчэ некалькі разоў выклікалі да сьледчага — і ўсё сьціхла. Я ўжо думала, што справа і да суду ня дойдзе. Але схапілі яшчэ групу маладых людзей, і зьявіліся там ужо і камяні, і нібыта і Дзіма іх кідаў», — кажа Вольга.

Доказаў у выглядзе відэа супраць Дзьмітрыя Гопты на судзе не было. Абвінавачаньне было пабудаванае на прызнаньні Дзімы і паказаньні аднаго сьведкі, які нібыта бачыў, як той кідаў камяні. Двое іншых сьведак паказалі, што ня бачылі Гопту 10 жніўня.

«Ён так моцна баяўся... Ішоў на кожны суд — яго трэсла. У яго энурэз, таму ён часта на судзе прасіўся ў прыбіральню, гэта ўсё ад нэрваў. Мы на судзе з адвакатам спыталіся: „Ну чаму ты гаворыш, што кідаў камяні?“ А ён занэрваваўся і кажа: „А што? Ты хочаш, каб мяне пасадзілі?“ Відаць, яму сказалі, што калі будзе прызнавацца, яго не пасадзяць... Перад прысудам ён узяў машынку і пагаліў галаву, папрасіў разьвітацца з пляменьнікам. Я кажу: „Чаго? Ты ж вернесься дахаты хутка“. А ён: „Не, трэба разьвітацца“», — кажа Вольга.

Сям’я да апошняга ня верыла, што Дзьмітрыя пазбавяць волі.

«Плача ён, і я плачу»

Гомельскі сьледчы ізалятар
Гомельскі сьледчы ізалятар

На спатканьні Вольга даведалася, што сына трымаюць у камэры на трох чалавек, сукамэрнікі яго ня крыўдзяць.

«Цяжка.. Ён плача, і я плачу... Недзе ён мяне супакойваў, недзе я яго. Ён больш слухаў, пытаўся, як там дома. Казаў, што хоча дахаты... Казаў, што ня можа спаць начамі. Дома мы сьмяяліся, што калі Дзіма дайшоў да падушкі і ўпаў, то яго можна з ложкам вынесьці і ён не прачнецца. А цяпер так, на нэрвах», — кажа маці.

На спатканьні Дзіма расказаў, што атрымлівае ад людзей паштоўкі і лісты. Маці прасіла яго ўсім адказваць: «„Ну хоць як напішы. Калі не дасі рады, папрасі каго-небудзь у камэры“. Я думала — будзе горш, але, здаецца, больш-менш», — кажа Вольга.

Яна з адвакатам падрыхтавалі скаргу на прысуд у Гомельскі абласны суд. Вольга спадзяецца, што, можа быць, Дзіму зьменшаць пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG