Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 рэзыдэнцый, Tesla і Maybach: Дзе жыве, на чым езьдзіць і лятае Лукашэнка


«Накралі», «буржуі», «абляніліся» — Аляксандар Лукашэнка падчас Усебеларускага сходу зноў абрынуўся з крытыкай на бізнэсоўцаў. А чым карыстаецца сам Лукашэнка?

Ад «Азёрнага» пад Менскам да «Міжазёрнага» на Браславах: палацы Лукашэнкі

Вядома ня менш як пра 7 загарадных рэзыдэнцый Лукашэнкі. Пастаянная, «Азёрны», — у Астрашыцкім гарадку. На 88 гектарах — спартовыя пляцоўкі, парк, агарод, збудаваньні, вакол лес і азёры. У XVIII стагодзьдзі гэтыя землі належалі графам Тышкевічам. Тут Лукашэнка прымаў Уладзіміра Пуціна, Жэрара Дэпард’ё і Стывэна Сігала.

Аляксандар Лукашэнка І Ўладзімір Пуцін у рэзыдэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім гарадку, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка І Ўладзімір Пуцін у рэзыдэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім гарадку, архіўнае фота

Другая рэзыдэнцыя, «Заслаўль», знаходзіцца на беразе Менскага мора і займае 35,7 гектара. На гэтай плошчы — некалькі асабнякоў, тэнісныя корты, агарод і басэйн. Афіцыйна абедзьве належаць «Дыпсэрвісу».

Аляксандар Лукашэнка з прэзыдэнтам Узэекістану Шаўкатам Мірзіёевым у рэзыдэнцыі «Заслаўль», 31 ліпеня 2019 году
Аляксандар Лукашэнка з прэзыдэнтам Узэекістану Шаўкатам Мірзіёевым у рэзыдэнцыі «Заслаўль», 31 ліпеня 2019 году

Рэзыдэнцыя на радзіме Лукашэнкі таксама ёсьць, яна называецца «Александрыя-2». Тут Лукашэнка спыняецца падчас візытаў на Магілёўшчыну, адсюль ён вылятаў у Ржэў. На тэрыторыі рэзыдэнцыі — некалькі аднапавярховых збудаваньняў, гасьцявыя дамы, спартовая пляцоўка і двухпавярховы катэдж. Афіцыйна комплекс належыць «Белнафтагазу».

Александрыя-2
Александрыя-2

Яшчэ адна рэзыдэнцыя — на беразе возера Плаўна ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку. Гэта некалькі асобных участкаў агульнай плошчай 1,4 гектара. Апошні раз Лукашэнка тут спыняўся больш за 10 гадоў таму. Належыць участак Бярэзінскаму біясфэрнаму запаведніку.

Рэзыдэнцыя на беразе возера Плаўна
Рэзыдэнцыя на беразе возера Плаўна

Яшчэ адна рэзыдэнцыя — на Прыпяці, каля аграгарадка Ляскавічы Петрыкаўскага раёну. На ўчастку некалькі дзясяткаў будынкаў, пляцоўка для верталётаў, спартовы комплекс і гасьцявыя дамы. Афіцыйна ўсе гэта называецца «Комплекс па абслугоўваньні дэлегацый у «Нацыянальным парку „Прыпяцкі“».

Лукашэнка неаднойчы казаў, што бывае тут кожную вясну. Менавіта тут ён прымаў у 2017 годзе Пятра Парашэнку.

Рэзыдэнцыя Лукашэнкі на Прыпяці, фота Tut.by
Рэзыдэнцыя Лукашэнкі на Прыпяці, фота Tut.by

Ёсьць рэзыдэнцыя і на Браслаўскіх азёрах. Гэта ўчастак на 14 гектараў на беразе возера Волас, у заказьніку «Міжазёрны», тут ёсьць гасьцявыя дамы і верталётная пляцоўка. Пра візыт Лукашэнкі ў гэтае месца расказвалі ў 2011 годзе, тады ж сюды праклалі сучасную аўтадарогу.

Яшчэ адна рэзыдэнцыя — у Віскулях, дзе падпісалі пагадненьне аб спыненьні існаваньня СССР. Рэзыдэнцыя лічыцца ўрадавай, але Лукашэнка сам казаў, што бывае там некалькі разоў на год. Афіцыйна тэрыторыя належыць Нацыянальнаму парку «Белавеская пушча».

Рэзыдэнцыя ў Віскулях
Рэзыдэнцыя ў Віскулях

Апроч загарадных, вядома пра тры рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Менску. Дзьве зь іх, якія выкарыстоўваюцца найбольш, — гэта рэзыдэнцыя па Карла Маркса, 38 і Палац Незалежнасьці па праспэкце Пераможцаў. І той, і другі аб’ект афіцыйна маюць статус рэзыдэнцыі.

Палац Незалежнасьці ў Менску
Палац Незалежнасьці ў Менску

Рэзыдэнцыя ў «Драздах» — гэта некалькі дзясяткаў будынкаў, а таксама басэйн, лазьня, верталётная пляцоўка.

Tesla, Maybach і Rolls-Royce: машыны Лукашэнкі

Maybach 62 — на гэтай эксклюзіўнай і вельмі дарагой машыне ад канцэрну Daimler Лукашэнку ўпершыню заўважылі ў 2012 годзе. Тады ж ён сказаў, што машыну яму «падарылі». Каштаваць такі аўтамабіль можа ад 367 тысяч эўра да паўмільёна.

Mercedes Pullman W221 — на гэтым аўтамабілі Лукашэнка ехаў на сваю інаўгурацыю ў 2011 годзе. Гэта Mercedes S-клясы пятага пакаленьня, такі каштуе некалькі сотняў тысяч эўра.

Rolls-Royce Phantom Coupe — такую машыну з прэзыдэнцкімі нумарамі заўважылі ўвосень 2016 году на трасе М1. Кошт машыны — ад 170 тысяч эўра.

31 жніўня 2017 году Лукашэнка тэставаў электракар Tesla каля Палаца Незалежнасьці. Гэта адна з самых новых і магутных мадэляў на той час, каштуе ад 100 тысяч эўра.

Гэтыя мадэлі — самыя дарагія з аўтапарку Лукашэнкі. Таксама яго бачылі на Gelandewagen, Audi A8 II, Audi A8 III і на Mercedes прэміюм мадэлях. Каштуюць такія машыны некалькі дзясяткаў тысяч эўра кожная.

На чым лятае Лукашэнка: Boeing 767-32K(ER) за 100 мільёнаў даляраў

Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кіргізстана, 2016 год
Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кіргізстана, 2016 год

Эксклюзіўны Boeing 767-32K(ER), які раней належаў Туркмэнбашы, выкупілі для кіраўніка Беларусі і пачалі выкарыстоўваць у 2012 годзе. На прэс-канфэрэнцыі ў 2013 годзе Лукашэнка назваў ягоны кошт — каля 100 мільёнаў даляраў.

Да гэтага Лукашэнка карыстаўся Boeing 737-8EV, ягоны кошт таксама каля 100 мільёнаў даляраў. Яшчэ раней Лукашэнка лятаў на Ту-154M, які выстаўляўся на аўкцыён за 2 мільёны даляраў.

У 2020 годзе зьявілася інфармацыя, што ў аэрапорце стаіць бізнэс-джэт Gulfstream G550, расфарбаваны ў колеры дзяржаўнага сьцяга і з бартавым нумарам, які кажа, што на ім можа лятаць Лукашэнка. Такі самалёт каштуе каля 60 мільёнаў даляраў. У прэс-службе Лукашэнкі тады абверглі, што самалёт належыць яму.

І гадзіньнік за 20 тысяч эўра

У верасьні 2009 году на літоўска-беларускім форуме журналісты сфатаграфавалі гадзіньнік на руце Лукашэнкі. Гэта Patek Philippe Calatrava 5120j. Корпус гадзіньніка — з жоўтага золата на 18 карат, а раменьчык — са скуры алігатара. Такі аксэсуар каштуе каля 20 тысяч эўра.

Ровар за 7 тысяч эўра для малодшага сына

У чэрвені 2019 году Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем зьявіліся ў пасёлку Балбасава не ў аўтамабільным картэжы, а на роварах. Ровар Мікалая Лукашэнкі маркі Canyon ацанілі ў 7,5 тысяч эўра. У ровара карбонавая рама, а сам ён — рэпліка для Тур Дэ Франс.

У Аляксандра Лукашэнкі ровар больш бюджэтны. Пазьней ягоная прэс-сакратарка Натальля Эйсмант сказала, што «ровары падарылі».

Ня раз Лукашэнка казаў, што ягоныя рэзыдэнцыі належаць не яму, а машыны — гэта проста дзяржаўны аўтапарк. Ва ўсякім разе, жыве ў рэзыдэнцыях і езьдзіць на аўтамабілях ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG