Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абрынуўся на бізнэс. Што адбываецца ў Беларусі 12 лютага

У Менску 11-12 лютага праходзіць 6-ы Ўсебеларускі народны сход, скліканы Лукашэнкам. На яго сабралі 2400 дэлегатаў і 300 гасьцей. Мы расказваем, што адбываецца ў краіне сёньня.


Дэлегаты «Ўсебеларускага сходу». 12 лютага
18:00 12.2.2021

Шахтар, музыка, журналісты і пэнсіянэры. Каго і на колькі пасадзілі падчас Усебеларускага сходу

У дні праўладнага форуму судовы канвэер не спыняўся — судзьдзі выпісвалі адміністрацыйныя арышты і буйныя штрафы.

Салігорскага шахтара Юрыя Корзуна, затрыманага напярэдадні, асудзілі на 15 дзён арышту за «ўдзел у масавым мерапрыемстве». Жонцы паведамілі, што яго даставілі спачатку ў РАУС, а пасьля ў ізалятар на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

Больш пра суды, штрафы і арышты падчас сходу чытаць тут.

16:37 12.2.2021

Вадзіцелі Менска сыгналілі на праспэкце Пераможцаў аўтобусам з дэлегатамі сходу

16:32 12.2.2021

Зварот удзельнікаў страйку на «Нафтане» і жыхароў Полацкага раёну з нагоды сходу

На думку ўдзельнікаў страйку, дэлегаты не зьяўляюцца абранымі згодна заканадаўства і па працэдуры, таму не прадстаўляюць інтарэсы ўсіх слаёў грамадзтва, а прадстаўляюць толькі інтарэсы намэнклятуры і чыноўнікаў, якія іх прызначылі. Яны запатрабавалі арганізаваць дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю.

16:16 12.2.2021

МУС паведаміла пра затрыманьне людзей, якія заклікалі выходзіць на акцыі пратэсту падчас УНС


Супрацоўнікі МУС затрымалі каля 5 чалавек, якія ў інтэрнэце заклікалі людзей выходзіць на акцыі пратэсту ў пэрыяд правядзеньня ў Менску Ўсебеларускага народнага сходу, паведаміў «РИА Новости» кіраўнік ведамства Іван Кубракоў. Паводле яго, усе затрыманыя «хаваліся пад рознымі нікамі» і самі на акцыі пратэсту не выходзілі, але заклікалі іншых ня толькі выходзіць, але і «зьдзяйсьняць супрацьпраўныя дзеяньні».

16:07 12.2.2021

Менскую пэнсіянэрку арыштавалі на 15 дзён за словы «Жыве Беларусь»

58-гадовую Ніну Долгую затрымалі 11 лютага на другім паверсе ГЦ «Dana Mall» у Менску. Яна крыкнула «Жыве Беларусь!» і хацела паглядзець, як людзі адрэагуюць, але, па словах жанчыны, ніхто не адгукнуўся. Затое падышлі міліцыянты і затрымалі яе за пікетаваньне «з мэтай публічнага выказваньня сваёй незадаволенасьці дзейнай уладай». Як паведаміў ПЦ «Вясна», суд Першамайскага раёну Менска вынес вырак – 15 дзён арышту.

15:43 12.2.2021

Журналістка пайшла асьвятляць зьезд дэлегатаў Усебеларускага сходу, а яе пакаралі штрафам за «пікет»

12 лютага аднавіўся суд над журналісткай парталу Tut.by Надзеяй Калінінай. Яе затрымалі 29 студзеня, калі яна спрабавала патрапіць на зьезд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Менску, і выставілі два артыкулы — 23.34 і 23.4 КаАП.

Амаль трое сутак Надзея правяла ў ІЧУ на Акрэсьціна — у перапоўненай камэры без цёплых рэчаў і сродкаў гігіены. 1 лютага пачаўся суд, пасьля перапынку працэс працягнуўся. Справу разглядае Тацяна Шоцік у судзе Ленінскага раёну Менска, піша Tut.by.

У выніку судзьдзя прызнала Надзею Калініну вінаватай па двух артыкулах і прысудзіла ёй 2320 рублёў штрафу: 50 базавых велічынь штрафу па артыкуле 23.34 КаАП і 30 базавых — па артыкуле 23.4 КаАП.

14:45 12.2.2021

Лекарку і яе мужа арыштавалі за пікет у Менску падчас сходу


Як паведамляе ПЦ «Вясна» 61-гадовую тэрапэўтку 25-й менскай паліклінікі Лілію Мацешу затрымалі ўвечары 11 лютага каля менскай Ратушы з мужам Пятром. Іх абвінавачвацілі ў пікетаваньні, бо муж дастаў нацыянальны сьцяжок. Сама Лілія сьцяжка не бачыла, бо ў яе праблемы з бакавым зрокам. У Цэнтральным РУУС на іх склалі пратаколы па ч.1 арт. 23.34 КаАП і адправілі ў турму на Акрэсьціна.

Судзьдзя Дзьмітрый Карсюк усё роўна асудзіў яе на 13 дзён арышту, а мужа Пятра – на 14 дзён

14:32 12.2.2021

Прынамсі адна дэлегатка сходу прызнала, што галасавала супраць

Вольга Цесакова, дэпутатка Менскага гарсавету, дэлегатка Ўсебеларускага сходу, паведаміла, што яна галасавала супраць праектаў рэзалюцыі і звароту, ухваленых на сходзе. Але яна ня ведае, ці ўлічылі яе голас.

Раней яна паведаміла, што за некалькі дзён да Ўсебеларускага народнага сходу ўсім дэлегатам зрабілі тэсты на каранавірус. Напярэдадні атрымалі вынікі, і хворых у залю не пусьцілі.​

14:21 12.2.2021

Лукашэнка ў заключным слове: палітзьняволеных у Беларусі няма, рэфэрэндум па Канстытуцыі будзе праз год

Аляксандар Лукашэнка ў завяршальным слове на Ўсебеларускім народным сходзе выказаў свае прыярытэты за мяжой: «саюзная дзяржава, братэрская Расея і надзейны Кітай».

Лукашэнка сказаў, што Беларусь «ня хоча дэмакратыі, якую навязваюць звонку». Маўляў, адтуль настойліва ціснуць, каб абрынуць моцнага канкурэнта.
«Настаюць моманты, калі трэба паказваць зубы», — апраўдаў ён леташнюю перадысьлякацыю вайсковых падразьдзяленьняў на мяжу з краінамі NATO.

У адказ на крытыку апазыцыі зноў паабяцаў, што цягам году будзе падрыхтаваны новы праект Канстытуцыі, за якую народ прагаласуе (ці не) праз год на рэфэрэндуме — «дзеля эканоміі» паралельна зь мясцовымі выбарамі. Адзначыў, што ў Асноўным законе трэба адмовіцца ад прынцыпу нэўтралітэту Беларусі, бо «нэўтральным сёньня заставацца немагчыма». Пры гэтым ён прызнаў, што парушалі Канстытуцыю, парушаючы прынцып нэўтралітэту.

Лукашэнка анансаваў, што даручыў падрыхтаваць заканадаўчую базу для спыненьня «масавых беспарадкаў».

Што да прапановаў «палітычнай амністыі», паўтарыў, што ў крымінальным кодэксе адсутнічае такая норма, адпаведна, палітзьняволеных у краіне няма. А ёсьць «крымінальнікі», якім паставіў умову: «Вярніце накрадзенае» (пасыл адрасаваўся Віктару Бабарыку і яго кампаньёнам — РС).

14:02 12.2.2021

Музыку, якога затрымалі ў Менску падчас «Усенароднага сходу»​, арыштавалі на 20 дзён

12 лютага судзьдзя Дзьмітры Карсюк арыштаваў на 20 сутак затрыманага ўчора ў падземным пераходзе каля станцыі мэтро «Няміга» ў Менску музыку Андрэя Драгуна. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

36-гадовы Андрэй Драгун іграў на гітары і сьпяваў песьні. Міліцыянты з Цэнтральнага РУУС затрымалі яго і склалі два пратаколы: паводле ч. 1 арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне).

13:56 12.2.2021

Як сацсеткі адрэагавалі на нэрвовую прамову Лукашэнкі

Аляксандра Лукашэнку абурыў крытычны выступ на «Усебеларускім сходзе» прадстаўніцы бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў. Ён адказаў прамовай, поўнай нянавісьці да бізнэсоўцаў і заможных людзей увогуле.

Як адрэагавалі беларусы ў сацыяльных сетках>>>

13:35 12.2.2021

Біскупу Велікасельцу слова не далі. Ухвалілі рэзалюцыю з падтрымкай канстытуцыйнай рэформы

Сход прагаласаваў за тое, каб скончыць выступы. Такім чынам, многія, хто запісаўся выступаць, не змаглі нічога сказаць, у тым ліку кіраўнік Каталіцкай царквы Беларусі біскуп Казімер Велікаселец, які падрыхтаваў прамову.

Прадстаўнік аргкамітэту «Ўсебеларускага народнага сход»у Валер Міцкевіч агучыў праект выніковай рэзалюцыі. Сярод агучаных пунктаў – канстытуцыйная рэформа і пераразьмеркаваньне шэрагу паўнамоцтваў ад прэзыдэнта да іншых галінаў улады. Рэфэрэндум, паводле папярэдніх плянаў, можа адбыцца ў пачатку 2022 году. Прагаласавалі аднагалосна. Рэзалюцыя будзе накіраваная Аляксандру Лукашэнку на канчатковае ўзгадненьне.

13:24 12.2.2021

Лукашэнку прапанавалі надаць званьне «Героя Беларусі»

Начальнік Менскага аэраклюбу ДТСААФ Мікалай Мачанскі прапанаваў прысвоіць «ад імя народу» Аляксандру Лукашэнку званьне Героя Беларусі, які «выратаваў краіну». Сказаў, што гэта жаданьне «многіх мільёнаў беларусаў». Сам Лукашэнка не адрэагаваў на прапанову.

12:53 12.2.2021

Першы выступ па-беларуску за два дні сходу

Антон Лабаноўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Магілёўскай вобласьці, першым за два дні сходу выступіў па па-беларуску. Ён гаварыў аб патрыятызме, ягоны выступ вылучаўся на фоне іншых толькі мовай.

12:45 12.2.2021

Гісторык Даніловіч выказаўся пра нацыянальны сьцяг

Вячаслаў Даніловіч, колішні дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а цяпер кіраўнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце заклікаў зрабіць «днём народнага адзінства» 17 верасьня 1939 году, калі савецкая армія ўвайшла на заходнія землі Беларусі.

Бел-чырвона-белы сьцяг гісторык прапанаваў разглядаць «у кантэксьце падзеяў Вялікай айчыннай вайны». Ён не патлумачыў, што мае на ўвазе. Цяпер дзяржаўная прапаганда падае нацыянальны сьцяг як «калябаранцкі сымбаль».

12:28 12.2.2021

Шпакоўскі і Гайдукевіч заклікалі да больш жорсткай палітыкі ў адносінах да партый


Праўладны палітоляг Аляксандар Шпакоўскі заклікаў на заканадаўчым узроўні забараніць замежнае фінансаваньне апазыцыйных палітычных партый і пажыцьцёва забараніць займацца такой дзейнасьцю ў выпадку парушэньня. На яго перакананьне, аб’яднаньне «Белая Русь», якое дэлегавала яго на сход, «сасьпела і перасьпела» для таго, каб стаць паўнавартаснай партыяй.

У гэтым яго падтрымаў і старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Акрамя таго, заклікаў улады найхутчэй прыняць закон аб «замежных агентах», правесьці перарэгістрацыю існых у Беларусі 15 партый, дапускаючы скарачэньне іх ліку. А таксама прапанаваў увесьці крымінальную адказнасьць за заклікі да санкцый супраць уласнай краіны.

Прадстаўнікоў апазыцыйных партый запрашалі на гэты сход, але толькі ў якасьці гасьцей, бяз права слова, таму яны праігнаравалі запрашэньні.

12:02 12.2.2021

Прадстаўніца Канстытуцыйнага суду выказалася за захаваньне прэзыдэнцкай рэспублікі

Натальля Карповіч, намесьніца старшыні Канстытуцыйнага суду, выказала падтрымку ініцыятывы Лукашэнкі аб замацаваньні ў Канстытуцыі асаблівага статусу «Ўсебеларускага народнага сходу».

Гаворачы пра новы варыянт Канстытуцыі, які цяпер распрацоўваецца, яна заклікала да канстытуцыйнай пераемнасьці, захаваньня цяперашніх дзяржаўных інстытутаў, захаваньне прэзыдэнцкай формы кіраваньня.

11:43 12.2.2021

Паглядзіце на аўтапарк Лукашэнкі, які крытыкуе бізнэсоўцаў за багацьце

Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на бізнэсоўцаў і асабіста на Віктара Бабарыку, у якіх «па 10 аўтамабіляў».

Паглядзіце на аўтапарк Лукашэнкі ўзору 2017 году.

11:23 12.2.2021

Лукашэнка пра Бабарыку: «Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў!»

12 лютага Аляксандар Лукашэнка выказаўся на «Ўсебеларускім народным сходзе» на палітвязьня Віктара Бабарыку:

«Усе парацца з нагоды Бабарыкі. Ах, канкурэнт прэзыдэнта, пасадзілі. Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў! У Турэччыне ўласнасьць набудаваў, тут асабнякі, ніхто не жыве так, як ён: аўтамабілі, дамы. Дзяцей уцягнуў у гэта. Паадкрываў прадпрыемствы. Што вам яшчэ трэба?! Я што, павінен спакойна на гэта глядзець?»

11:19 12.2.2021

Лукашэнка прызнаўся, што загадаў закрыць кампаніі, якія падтрымалі страйк Ціханоўскай

Паводле яго, каля 200 кампаній у Менску закрыліся на знак салідарнасьці 26 кастрычніка, калі Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла агульнанацыянальны страйк. Лукашэнка сказаў, што загадаў зрабіць так, каб гэтыя «асобныя пункты, кафэшкі» ў Менску не адкрыліся.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG