Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць пасьля вайсковага перавароту ў М’янме. Тлумачым


Вайскоўцы Мʼянмы зрабілі дзяржаўны пераварот, затрымаўшы фактычную лідэрку краіны Аўн Сан Су Чы і іншых дзеячоў кіроўнай партыі падчас рэйду 1 лютага.

Падкантрольны арміі тэлеканал «Myawaddy» абвясьціў пра надзвычайнае становішча на 1 год нібыта для падтрымкі «стабільнасьці» на фоне выбарчых спрэчак. У чым прычыны перавароту і чаго чакаць далей?

Канстытуцыя

Як адзначае агенцтва Associated Press, у абвестцы на падкантрольным арміі тэлеканале «Myawaddy» цытавалі артыкул 417 Канстытуцыі краіны. Ён дазваляе арміі браць кантроль над Мʼянмай у выпадку надзвычайнай сытуацыі. У звароце прычынамі надзвычайнай сытуацыі назвалі эпідэмію каранавірусу і адмову ўраду адкласьці выбары ў лістападзе.

Вайскоўцы мелі вядучую ролю пры распрацоўцы Канстытуцыі 2008 году і адвялі сабе ў ёй шырокія паўнамоцтвы. Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch назвала гэты разьдзел у Канстытуцыі «мэханізмам чаканага перавароту».

Пратэстоўцы з партрэтамі Аўн Сан Су Чы каля амабсады М'янмы ў Тайляндзе, 1 лютага 2021
Пратэстоўцы з партрэтамі Аўн Сан Су Чы каля амабсады М'янмы ў Тайляндзе, 1 лютага 2021

Паводле Канстытуцыі, ключавыя пасады ва ўрадзе і 25% месцаў у парлямэнце належаць вайскоўцам — гэта абмяжоўвае паўнамоцтвы цывільнага ўраду і выключае зьмены ў Асноўны закон без падтрымкі арміі.

Некаторыя экспэрты выказалі зьдзіўленьне, чаму армія пайшла на пераварот, і без таго маючы такія інструмэнты ўлады. Іншыя адзначаюць, што неўзабаве канчаўся тэрмін паўнамоцтваў галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Мін Аўнг Глайнга. Таму мэтай перавароту можа быць «утрыманьне ўлады ўнутры Ўзброеных сілаў», — цытуе Associated Press дасьледчыцу Мʼянмы Кім Жаліф.

Мін Аўнг Глайнг, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі М'янмы
Мін Аўнг Глайнг, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі М'янмы

Агенцтва Reuters нагадвае, што ў лютым 2016 году Мін Аўнг Глайнг працягнуў свой тэрмін на чале Ўзброеных сілаў яшчэ на пяць гадоў, і тады гэта зьдзівіла многіх назіральнікаў, бо яны чакалі ягонага сыходу і звычайнага абнаўленьня кіраўніцтва ў войску.

Выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы пакуль стаў генэрал М’інг Сўэ, які раней быў першым віцэ-прэзыдэнтам.

Выбары

На выбарах у лістападзе партыя Аўн Сан Су Чы — Нацыянальная ліга за дэмакратыю — атрымала 396 з 476 месцаў у парлямэнце. Галоўная выбарчая камісія пацьвердзіла гэты вынік.

Аднак прадстаўнікі Ўзброеных сілаў у хуткім часе пасьля выбараў заявілі пра мільёны парушэньняў на выбарах у 314 месцах. «Але яны насамрэч не паказалі ніякіх доказаў гэтага», — кажа Жаліф.

На мінулым тыдні выбарчая камісія адпрэчыла паведамленьні пра парушэньні, заявіўшы, што не атрымала ніякіх доказаў у падтрымку такіх заяваў.

Пратэст выхадцаў з М'янмы каля Ўнівэрсытэту ААН у Токіё, Японія, 1 лютага 2021
Пратэст выхадцаў з М'янмы каля Ўнівэрсытэту ААН у Токіё, Японія, 1 лютага 2021

Вайсковы пераварот адбыўся ў дзень, калі меў пачаць працу новы склад парлямэнту. Замест гэтага дэпутатаў затрымалі. Тэлеканал «Myawaddy» абвясьціў, што армія дазволіць новыя выбары праз год і перадасьць уладу пераможцам.​

Што адбываецца цяпер

З раніцы і ўдзень у Мʼянме амаль цалкам адсутнічала сувязь. У сталіцы выглядала, што доступ да інтэрнэту і тэлефоннай сувязі цалкам заблякаваны. На астатняй тэрыторыі краіны некаторыя людзі ўсё яшчэ мелі доступ да інтэрнэту, але аказалася, што іх рахункі ў сацыяльных сетках прыпыненыя.

У найбольшым горадзе краіны, Янгоне, а таксама ў іншых гарадах краіны на дарогах зьявіліся вайсковыя пасты з калючым дротам і вайсковыя патрулі каля ўрадавых будынкаў.

Зьявіліся чэргі да банкаматаў і па прадукты, а ў некаторых крамах і з зь некаторых дамоў паздымалі сымболіку кіроўнай партыі — Нацыянальнай лігі за дэмакратыю.

Чаго чакаць далей

Замежныя ўрады і міжнародныя арганізацыі асудзілі пераварот, кажучы, што ён адкідае назад тыя абмежаваныя дэмакратычныя рэформы, якія ўжо зрабіла Мʼянма.

Нават да перавароту журналісты і крытыкі арміі часта сутыкаліся з судовым перасьледам. Цяпер сытуацыя для іх можа зрабіцца яшчэ больш небясьпечнай.

Адзін з уплывовых амэрыканскіх сэнатараў ужо выказаўся пра магчымасьць аднаўленьня эканамічных санкцыяў з боку ЗША. Тыя санкцыі зьнялі, калі Мʼянма пачала пераход да цывільнага кіраваньня.

Вайсковыя лідэры краіны «павінны неадкладна вызваліць дэмакратычных лідэраў Мʼянмы і сысьці з ураду, — заявіў сэнатар Боб Мэнэндэс, які ў Сэнаце ЗША мае ўзначаліць Камітэт замежных спраў. — Калі гэтага не адбудзецца, дык Злучаныя Штаты і іншыя краіны мусяць увесьці жорсткія эканамічныя санкцыі, а таксама прыняць іншыя меры» супраць вайсковага кіраўніцтва Мʼянмы, цытуе яго Associated Press.

Амэрыканскі сэнатар Боб Мэнэндэс
Амэрыканскі сэнатар Боб Мэнэндэс

Пазьней у панядзелак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты неадкладна перагледзяць санкцыйны рэжым у дачыненьні да Мʼянмы і прымуць «адпаведныя меры» пасьля вайсковага перавароту ў гэтай краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG