Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказаў, што гэта ягонае рашэньне». Сябры сьцьвярджаюць, што арыштаваны на 25 дзён мянчук пачаў сухую галадоўку


Менскі суд Савецкага раёну арыштаваў Алега Зайца на 25 дзён

Алега Зайца затрымалі 23 студзеня на вуліцы Мірашнічэнкі і абвінавацілі адразу ў двух правапарушэньнях.

Сукамэрнікі, якія вызваліліся з адной з Алегам Зайцам камэры на Акрэсьціна, паведамілі ягоным сябрам, што ён абвясьціў сухую галадоўку.

Жыхару Менску Алегу Зайцу 37 гадоў. У яго праблемы з нагамі, таму ён ня можа працаваць больш за 6 гадзін на дзень. Займаецца рамесьніцтвам — вырабляе бранзалеты і іншыя рэчы, якія прадаюцца ў манастыры ў Навінках. У суботу 23 студзеня Алега затрымалі і адвезьлі ў Савецкі РУУС. А 26 студзеня прысудзілі 25 дзён адміністрацыйнага арышту.

Алег Заяц
Алег Заяц

«Алега я даўно ведаю, гадоў восем, — расказала Свабодзе знаёмая Алега і яго суседка Надзея. — Мой малады чалавек вучыўся зь ім разам у школе, у паралельных клясах. Мы побач жывём, нашы дамы побач. А зь верасьня мы вельмі шчыльна сталі кантактаваць. Я часта яго бачыла, гутарылі».

Па словах Надзеі, 23 студзеня Алег Заяц выйшаў на прагулку на вуліцы Мірашнічэнкі і там сустрэў сваю знаёмую. Надзея акурат у гэты ж час размаўляла зь ім праз мэсэнджэр.

«Ён мне ў гэты момант сказаў, што да іх падыходзяць людзі ў балаклавах, — расказвае дзяўчына. — І, напэўна, будуць затрымліваць. Я ўсё чула. Дзяўчыну пачалі тузаць. Алег пачаў прасіць адпусьціць яе. Я ведаю гэтую дзяўчыну таксама, ёй у выніку 25 студзеня далі 15 сутак. Потым і Алега затрымалі. У гэты момант Алег выкінуў свой тэлефон. Мы спрабуем знайсьці цяпер яго. Званкі хтосьці здымае, але не адказвае на іх».

Надзея кажа, што ў панядзелак 25 студзеня паехала ў суд Савецкага раёну чакаць суду над Алегам. Сьпісы з інфармацыяй аб працэсах у адміністрацыйных справах вывесілі толькі ў абед. Судзіць Алега Зайца павінен быў судзьдзя Шаціла. Але ён адправіў справу на дапрацоўку. Пасьля справу разглядала ўжо судзьдзя Жуковіч. Судзілі Зайца адразу паводле двух пратаколаў — 23.34 і 23.4 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню супрацоўніка міліцыі). Атрымаў ён у выніку 25 дзён арышту.

«Сказалі, што Алег удзельнічаў у мітынгу з 10 чалавек без сымболікі, — кажа Надзея. — І гучней за ўсіх крычаў „Жыве Беларусь“. З другога пратаколу выходзіць, што Алег супраціўляўся, хапаўся за форменную вопратку і ўпіраўся нагамі, не хацеў залазіць у машыну. Але тыя, хто іх затрымліваў, былі ў цывільным, безь ніякіх мундзіраў. Адзін толькі рацыю меў пры сабе».

У тое, што Алег упіраўся нагамі, Надзея таксама ня верыць. Кажа, што ён ходзіць з кійком, мае праблему з нагамі — калісьці абмарозіў іх. Па яе словах, у матэрыялах справы Алега Зайца фігураваў сьведка Громаў, які, калі верыць іншым пратаколам, знаходзіўся ў той самы час у зусім іншых месцах гораду і таксама ўдзельнічаў у затрыманьнях людзей. Пра тое, што Алег абвясьціў галадоўку ў першы ж дзень за кратамі, стала вядома ад яго былых сукамэрнікаў.

«Алег галадае з 23 студзеня. Ён адразу абвясьціў сухую галадоўку, — перадае Надзея зьвесткі ад былых сукамэрнікаў сябра. — Ён ня п’е і ня есьць. У камэры яго спрабавалі ўгаварыць хаця б піць ваду. Але Алег сказаў, што ён дарослы чалавек і сам прыняў такое рашэньне. Са мной таксама зьвязаліся людзі, якія былі ў адной камеры з Алегам і выйшлі раней. Яны гавораць, што ўсіх затрыманых 23 студзеня моцна прэсавалі ў РУУС. Вадзілі на допыты, Алега моцна прыніжалі і запалохвалі.

Казалі, што зробяць яму крымінальную справу, што сядзець ён будзе ня суткі, а гады. Алег таксама расказваў, што яго спрабавалі прымусіць пакаяцца на відэа. Але ён адмовіўся. Мы думаем, што за гэта і атрымаў яшчэ адзін артыкул — за непадпарадкаваньне. Нагамі ўпірацца ён дакладна ня мог, яны ў яго пашкоджаныя».

Паводле сяброў, Алега Зайца раніцай 28 студзеня вывезьлі з Акрэсьціна, цяпер ён можа знаходзіцца ў сьледчай турме Жодзіна альбо ў іншым месцы. Яго спрабуе знайсьці адвакат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG