Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над супрацоўнікам упраўленьня крымінальнага вышуку, які сышоў зь міліцыі пасьля выбараў


Перад судовым пасяджэньнем, ілюстрацыйнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менску 20 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да палітычнага зьняволенага Дзьмітрыя Кулакоўскага. Ён абвінавачваецца паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і дастаўлены ў суд пад канвоем.

Судзьдзёй у працэсе выступае Тацяна Пірожнікава, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

37-гадовы Дзьмітры Кулакоўскі ўзначальваў аддзяленьне вышуковай працы ў аддзеле крымінальнага вышуку Заводзкага РУУС Менску. Летась 18 жніўня прыняў рашэньне аб звальненьні. Падсудны заявіў, што крымінальная справа супраць яго сфабрыкаваная, і сваёй віны не прызнаў.

«Пасьля жнівеньскіх падзеяў я прыняў рашэньне, што працаваць не змагу, — растлумачыў ён суду. — Я выклаў свой загад аб звальненьні ў інтэрнэт (разам з фота службовай формы побач са сьмецьцевым кантэйнэрам). Думаю, супрацоўнікі ГУУБ вырашылі мяне правучыць і паказаць іншым, што ня варта звальняцца. На Акрэсьціна патрабавалі падпісаць прызнаньне, я адмовіўся. Таму ўтрымліваўся ў нечалавечых умовах, сядзеў у карцары 25 сутак бязь лекаў пры цукровым дыябэце».

Раней Дзьмітры Кулакоўскі адбыў два адміністрацыйныя арышты, пачынаючы ад 7 кастрычніка: стандартныя 15 сутак і яшчэ 12 за супраціў.

Згодна з абвінавачваньнем, Кулакоўскі з намерам публічна абразіць прадстаўніка ўлады 6 кастрычніка ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» з мэтай «прычыненьня шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады» разьмясьціў паведамленьне, якое ўтрымлівае фота старшага опэрупаўнаважанага УУС Смоляра, кантактныя нумары, а таксама публічна абразіў яго.

Сам пацярпелы на судовае пасяджэньне не зьявіўся з прычыны «захаваньня правілаў самаізаляцыі». У заяве папрасіў разглядаць справу безь яго, удакладніўшы, што паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва, падтрымлівае ў поўным аб’ёме.

Смоляр просіць спагнаць з Кулакоўскага кампэнсацыю шкоды «за маральныя пакуты і парушаную дзелавую рэпутацыю» ў суме 1000 рублёў.

Іншы сьведка, супрацоўнік міліцыі Гвозьдзь, таксама даслаў ліст з просьбай разглядаць справу безь яго, бо ён на самаізаляцыі.

Акрамя таго, паступіла пісьмовае хадайніцтва ад сьведкі Каліноўскага. Ён просіць для сябе «захады бясьпекі» ў выглядзе невыдаваньня асабістых зьвестак (зьмяніць прозьвішча і імя) і вызваліць ад яўкі на судовае пасяджэньне.

Судзьдзя просьбы задаволіла, нягледзячы на пратэст абароны Кулакоўскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG