Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашкадуюць сілавікі аб тым, што яны рабілі з пратэстоўцамі


Менск, 10 жніўня 2020 году

Ці бываюць у садыстаў і катаў згрызоты сумленьня? Ці будуць у тых, хто зьбівае і катуе людзей у аддзяленьнях міліцыі і турмах, аддаленыя псыхалягічныя наступствы. На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае нямецкі клінічны псыхоляг Флярына Гендлер з Дортмунду.

— Ці ўсё нармальна з псыхікай у людзей, якія тыднямі і месяцамі зьбіваюць і мучаць безабаронных вязьняў? Можа гэта ўсяго толькі ідэалёгія, нянавісьць да ворагаў?

— Усё залежыць ад таго, якія прычыны прывялі чалавека да ўдзелу ў гвалце. Ён можа рабіць гэта паводле загаду, а можа і быць шчыра перакананы, што робіць правільна.

Пачуцьцё віны і згрызоты сумленьня зьвязаныя з асобай чалавека, з тым, наколькі ён разьвіты інтэлектуальна, наколькі ён думае.

Згрызоты сумленьня, віна і сорам — гэта тое, што адчуваюць такія людзі, і гэта пацьверджана практыкай даўно і шматкроць. Але гэта не распаўсюджваецца на ўсіх.

— Ці ёсьць розьніца ў псыхатыпе заказчыка і выканаўцы гвалтоўных дзеяньняў, зьбіцьцяў і катаваньняў?

Агульнапрынятым у псыхалёгіі лічыцца, што людзі, якія працуюць у гэтай сыстэме, ідуць на кампрамісы са сваім сумленьнем.

Іншая рэч — заказчыкі гвалтоўных дзеяньняў. Яны цалкам усьведамляюць, што яны робяць. Яны апраўдваюць свае дзеяньні высокімі мэтамі. Тым ня менш, гэта людзі з абмежаваным пачуцьцём віны, што дазваляе ім адмаўляць і адкідаць сваю адказнасьць.

Яшчэ для псыхатыпу заказчыка характэрна, што гвалт для іх — форма самасьцьвярджэньня. Гэта дапамагае ім пераадолець пачуцьцёвы парог.

— У народзе кажуць, што такія людзі потым абавязкова заплацяць, маўляў, у іх узьнікнуць нейкія праблемы з душой, псыхікай. Сьвятары лічаць, што асобы многіх з такіх людзей потым пачнуць разбурацца. Што кажа пра гэта клінічная псыхалёгія?

— Удзел у гвалце не праходзіць бязь сьледу для абодвух бакоў. Нават проста сьведка не застанецца ранейшым чалавекам, ня кажучы ўжо пра ахвяру і выканаўца гвалтоўных дзеяньняў.

Людзі ва ўсе часы праяўлялі шмат гвалту. Наступствы залежаць ад таго, наколькі ўстойлівая псыхіка чалавека да гвалту, наколькі ён перакананы, што яго дзеяньні правамерныя.

Ад гэтага залежаць эмацыйныя перажываньні ў будучыні. Але гэты фон можа мяняцца, з часам чалавек можа перагледзець тое, што тут названа правамернасьцю. І тады зьявяцца прабемы.

Практыка псыхалёгіі і псыхіятрыі сьведчыць, што ўдзел у гвалце для абодвух бакоў не праходзіць бязь сьледу. Людзі ляжаць у шпіталях, у іх назіраюцца псыхічныя разлады.

Такія людзі ня могуць спаць, прачынаюцца ноччу ад карцін гвалту, у іх калоціцца сэрца, трасуцца рукі. З гэтым даволі цяжка працаваць, бывае, што лячэньне займае шмат гадоў.

Самае складанае — пачуцьцё віны за тое, што зрабіў. Сумленьне і сорам прыходзяць тады, калі чалавек адзін, сам-насам з сабой, калі нікога не падманеш, не паставіш фасад перад самім сабой і не падасі сябе такім, якім цябе хочуць бачыць іншыя.

У маёй практыцы быў немец, які ажыцьцяўляў міратворчую місію ў Косаве і адчуваў віну за выкананьне некаторых загадаў. Ён страціў давер да людзей, разьвёўся з жонкай, доўга лячыўся, я яго назірала больш за год. А раней гэта быў вельмі моцны чалавек.

— Вы сказалі, што шмат залежыць ад таго, наколькі людзі перакананыя ў правамернасьці сваіх дзеяньняў. Ідэолягі сілавых структур у Беларусі якраз і пераконваюць байцоў, што яны бароняць радзіму ад спробаў вонкавых сілаў яе разбурыць ці захапіць. Ёсьць толькі адна праблема. Да выбараў 9 жніўня 2020 году сілавікоў і чыноўнікаў пераконвалі, што галоўным ворагам Беларусі зьяўляецца Расея і яе кіраўніцтва, якое хоча далучыць Беларусь да сваёй краін. А пасьля выбараў вэктар зьмяніўся на 180 градусаў, і галоўнымі ворагамі раптам сталі Захад, Польшча і Літва, а Расея стала галоўным абаронцам. Да выбараў людзей білі і пыталі, колькі ім заплацілі расейцы за ўдзел у пратэстах, а цяпер б’юць і пытаюць, колькі заплацілі палякі і літоўцы. Як псыхіка сілавікоў рэагуе на такую зьмену?

— Нэгатыўныя наступствы гэтага будуць абавязкова. Тут вельмі шмат асабовых мэханізмаў працуе.

Удзел у гвалце апраўдваецца высокімі мэтамі. Калі яны хутка і дыямэтральна мяняюцца, то ў людзей зьбіваюцца арыенціры.

Я не выключаю, што той чалавек, які летам біў некага і пытаўся, колькі таму заплацілі расейцы, цяпер сядзіць вечарамі ў сябе на кухні і п’е гарэлку вялікімі шклянкамі.

Гэта ня рэдкасьць для такіх людзей, якія ў сілу абмежаванасьці інфармацыі і самаразьвіцьця, перапрацоўваюць гэтую інфармацыю па-іншаму.

— Вельмі цікавы аспэкт сораму. Ужо некалькі месяцаў у Беларусі працягваюцца выцекі інфармацыі зь сілавых структураў, вынікаў праслухоўваньня высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і людзей, блізкіх да кіраўніцтва. Вось, напрыклад, лістападаўскі выпадак. У адным з пратэстных двароў быў схоплены і жорстка зьбіты 29-гадовы Раман Бандарэнка, які на наступны дзень памёр. А пасьля у інтэрнэце зьяўляецца запіс, зь якога мы даведваемся магчымыя імёны людзей, датычных да гэтага злачынства. Галасы на запісе вельмі падобныя прэсавай сакратаркі прэзыдэнта Натальлі Эйсмант, старшыні Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава, трэнэра па рукапашных адзінаборствах Дзьмітры Шакуты. Яны нібыта арганізавалі дружыну для барацьбы з нацыянальнай сымболікай у дварах і датычныя да затрыманьня Рамана Бандарэнкі. Цяпер гэта стала вядома ўсім. Вонкава гэтыя людзі працягваюць працаваць, усьміхаюцца. А што ў іх унутры? Ці сорамна ім?

— Сумленьне, віна і сорам — розныя рэчы. Іх трэба падзяляць. З сумленьнем можна дамовіцца. А вось сорам — гэта калі пра твае непрыгожыя дзеяньні стане вядома ўсім, у тым ліку блізкім.

Сорамна звычайна за тое, што чалавек хацеў бы схаваць. Гэта зьвязана з грамадзкай маральлю, з грамадзтвам.

Вельмі часта людзі пакутуюць ад сораму перад бацькамі, перад маці, якія даведваюцца пра непрыгожыя дзеяньні сваіх дзяцей. Гэта зьяўляецца штуршком для працэсу тармажэньня і зьяўленьня жаданьня неяк паправіць сытуацыю.

Калі псыхолягі працуюць з крымінальнымі выпадкамі, яны найперш стараюцца высьветліць, ці ёсьць у чалавека пачуцьцё віны, ці можна яму патлумачыць, што яму ёсьць за што адчуваць сорам.

На жаль, для навукі фактам зьяўляецца і такая форма асобы, як псыхапат, псыхапатыя. У гэтым выпадку чалавек не адчувае эмпатыі, ня мае пачуцьця віны, у яго няма глыбокіх прывязанасьцяў.

Вонкава такія людзі могуць быць вельмі пасьпяховымі людзьмі, але ім мала клопату да праблем і адчуваньняў іншых людзей, да іх пакутаў.

Калі ж такі чалавек пры ўладзе, то для самасьцьвярджэньня (якое для псыхапатаў вельмі важнае) ён можа рабіць учынкі, пра якія ня будзе шкадаваць. У тым ліку і самыя жорсткія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG