Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фазэль: «Уявіце сабе, што мы цяпер адмяняем чэмпіянат сьвету ў Беларусі. Гэта неяк зьменіць сытуацыю ў краіне?»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль у Менску 11 студзеня

«Я хацеў выкарыстаць асаблівыя адносіны з Лукашэнкам, каб зрабіць нешта добрае. Каб чэмпіянат сьвету прывёў да пэўнага кшталту прымірэньня ўраду і апазыцыі. Але нешта не атрымалася, і мне гэта таксама непрыемна», — сказаў прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль у інтэрвію Швайцарскаму радыё і тэлевізіі пра свой візыт у Беларусь, перадае БелаПАН.

На пытаньне, ці не былі памылкай абдымкі з Лукашэнкам, Фазэль адзначыў, што «адна карцінка гаворыць больш за тысячу слоў».

«Мэтай паездкі была важная размова з Лукашэнкам пра чэмпіянат сьвету ў Менску. У мяне 20 гадоў добрыя стасункі з Лукашэнкам: разам гулялі ў хакей, было шмат кантактаў, у тым ліку ў 2014 годзе. IIHF хацела выкарыстаць магчымасьць паразмаўляць з Лукашэнкам шчыра. Шкада, калі гэта інтэрпрэтуецца так, нібыта я пагаджаюся з падзеямі і рэпрэсіямі ў Беларусі».

«У нас кантракт зь беларускай хакейнай фэдэрацыяй. Наш абавязак — правесьці чэмпіянат сьвету. Будуць наступствы, калі яго зараз не правесьці. Увогуле, мы сказалі сабе: чаму не паспрабаваць пераканаць прэзыдэнта Лукашэнку, што з дапамогай гэтага чэмпіянату сьвету ён можа паслаць сыгнал? То бок што ён шукае дыялёгу з апазыцыяй», — патлумачыў Фазэль лёгіку сваіх дзеяньняў.

«Уявіце сабе, што мы цяпер адмяняем чэмпіянат сьвету ў Беларусі. Гэта неяк зьменіць сытуацыю краіне? Пэўна, што не. Лукашэнка сам сказаў, што хоча зьмяніць Канстытуцыю, што гатовы правесьці новыя выбары. І мы дыскутуем зь ім і спрабуем зрабіць нешта добрае».

«Мушу прызнаць, у Менску я крыху гуляў з агнём. І мы крыху апякліся. І цяпер будзе вельмі цяжка зьмяніць гэтую [грамадзкую] думку».

Фазэль заявіў, што не адчувае сябе выкарыстаным у нечых інтарэсах.

«Першы кантакт быў вельмі сяброўскім. Потым, калі мы заявілі аб праблемах, стала вельмі эмацыйна. Дзякуючы маім асаблівым адносінам з Лукашэнкам мы змаглі перайсьці да справы. Але ў сацыяльных сетках вельмі хутка фармуецца думка на падставе пабачанага. Гэта пайшло не туды. Ад гэтага мне балюча і жахліва шкада».

Кіраўнік IIHF перакананы, што не зрабіў памылковых крокаў.

«З дапамогай гэтага чэмпіянату сьвету мы можам дамагчыся таго, чаго нельга іншым шляхам. Хто ў Беларусь чагосьці дасягнуў санкцыямі і байкотам? Ніхто. Я ідэаліст спорту, ён тут для таго, каб зьбіраць людзей. Гэта ў ягонай уладзе. Трэба шукаць дыялёг. Мне непрыемна ад таго, што здарылася, і я таксама бяру на сябе адказнасьць за гэта», — сказаў Фазэль.

Вынікі ягонага візыту 12 студзеня абмеркавалі на канфэрэнцыі Рады IIHF. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі Калерва Кумала паведаміў у інтэрвію фінскай газэце Ilta Sanomat, што, мяркуючы па атмасфэры на пасяджэньні, чэмпіянату сьвету ў Менску не адбудзецца. Абмяркоўваліся, у прыватнасьці, «жахлівыя фатаздымкі», зробленыя падчас паездкі ў Менск. Іх абнародаваньне, паводле Кумалы, стала для Фазэля нечаканасьцю.

Прэзыдэнт IIHF, паводле яго, паставіў Лукашэнку жорсткія ўмовы правядзеньня чэмпіянату ў Менску, у тым ліку датычна Канстытуцыі, свабоды прэсы і вызваленьня палітвязьняў, сказаў Кумала.

Лёс беларускай часткі чэмпіянату-2021 маюць вырашыць не пазьней за 27 студзеня.

На сустрэчы з Фазэлем Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы правесьці хакейны чэмпіянат без удзелу Латвіі, «і гэта будзе найлепшы чэмпіянат у гісторыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG