Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі КДБ затрымалі актывістку Вольгу Маёраву. Сын: «Меркавана, па справе Мікалая Аўтуховіча»


Вольга Маёрава раздае ўлёткі Аб'яднанай грамадзянскай партыі на рынку «Экспабел» у Менску, 23 сьнежня 2015 году

Увечары 4 студзеня ў вёсцы Нача Крупскага раёну супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі затрымалі актывістку Вольгу Маёраву. Пра гэта Свабодзе паведаміў яе сын Сяргей Зіямаў.

Сяргей мяркуе, што затрыманьне неяк зьвязанае са справай Мікалая Аўтуховіча, якога вінавацяць у тэрарызьме.

«Калі я пад'ехаў да нашага дому, яе ўжо затрымалі. Мужчыны, якія прыехалі, назваліся супрацоўнікамі КДБ, але дакладна не сказалі, у чым падазраюць маці. Але ў размове, якую я чуў, гучала імя Мікалая Аўтуховіча. Маці ніяк не пракамэнтавала затрыманьне. Потым быў вобшук, забралі два ноўтбукі і два смартфоны», — расказаў Сяргей Зіямаў.

Паводле яго, увечары яму пазваніў супрацоўнік КДБ і пацьвердзіў, што Вольгу Маёраву адвезьлі па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 17, і затрымалі на час праверкі.

«Я спытаў, у чым яе падазраюць і паводле якой справы, але ён сышоў ад адказу», — сказаў Сяргей Зіямаў.

Вольга Маёрава — былая сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі, праваабаронца і грамадзкая актывістка. Сын Вольгі Маёравай згадаў, што яна была знаёмая зь Мікалаем Аўтуховічам. У яе датычнасьць да тэрарызму ён рашуча ня верыць. «Ні ў якім разе, яна не такі чалавек. Тым больш мы жывем у адным доме, я нічога такога ніколі ня бачыў», — сказаў Сяргей Зіямаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG