Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 чалавек затрымалі, яны на Акрэсьціна. Што вядома пра справу «Прэс-клюбу»

абноўлена

Юлія Слуцкая, заснавальніца «Прэс-клюбу».

22 сьнежня прайшлі ператрусы ў офісе «Прэс-клюбу» і ў супрацоўнікаў, у Нацыянальным аэрапорце затрымалі заснавальніцу «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую. Што вядома на цяперашні момант.

Дачка Юліі Слуцкай Аляксандра паведаміла, што па стане на 23 сьнежня затрыманыя:

  • Заснавальніца «Прэс-клюбу», журналістка Юлія Слуцкая
  • Супрацоўнік «Прэс-клюбу», сын Юліі — Пётар Слуцкі
  • Праграмная дырэктарка «Прэс-клюбу» Ала Шарко
  • Дырэктар «Прэс-клюбу» Сяргей Альшэўскі
  • Дырэктар «Акадэміі Прэс-клюбу» Сяргей Якупаў

Як расказала дачка Юліі Слуцкай Аляксандра, дакладна вядома, што Юлія Слуцкая і Сяргей Альшэўскі знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў 1-м завулку Акрэсціна.

Па ранейшай інфармацыі, іх затрымалі на 72 гадзіны. У КДК паведамілі, што «праводзіцца праверка па факце парушэньня падатковага заканадаўства».

«Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю праводзіць праверку па фактах парушэньняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да службовых асобаў культурна-асьветніцкай установы „Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб“ і іншых суб’ектаў гаспадараньня, зьвязаных у тым ліку з паступленьнем буйных грашовых сум з-за мяжы», — цытуе БелТА паведамленьне Камітэту дзяржкантролю.

Кіраўнік МЗС Уладзімер Макей 22 сьнежня расказаў пра санкцыі ў адказ на санкцыі ЭЗ, сярод іх — пляны абмежаваць дзейнасьць шэрагу палітычных фондаў, якія дзейнічаюць і пад эгідай амбасадаў.

Што такое «Прэс-клюб»

  • «Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
  • «Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015 у Беларусі была зарэгістраваная культурна-асьветніцкая ўстанова «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
  • «Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.

Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды ў Беларусі». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG