Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выціснулі да кроплі. Крымскі вінзавод «Масандра» прадаюць за бесцань


Адзін з будынкаў, які належыць вінзаводу «Масандра»

Праз два тыдні вытворча-аграрнае аб’яднаньне «Масандра» — найбуйнейшае вінаробнае прадпрыемства Крыму — пяройдзе ў прыватныя рукі. Улады анэксаванага Расеяй паўвострава вырашылі яго прыватызаваць: у дзяржавы нібыта няма сродкаў на ўтрыманьне i разьвіцьцё прадпрыемства.

Легендарны брэнд зьбіраюцца прадаць па відавочна заніжанай цане камусьці з расейскіх алігархаў. У Крыме многія ўпэўненыя, што інвэстараў цікавяць толькі землі «Масандры» ў курортнай зоне, і новыя гаспадары высекуць вінаграднікі і пабудуюць на іх месцы гатэлі і жыльлё.

Расейская адміністрацыя Крыму распарадзілася выставіць на аўкцыён 100 адсоткаў акцый вытворча-аграрнага аб’яднаньня «Масандра» ў сярэдзіне кастрычніка сёлета. На партале «Росэлторг» пачаўся прыём заявак на ўдзел у таргах, якія адбудуцца 14 сьнежня.

Вытворчасьць віна на заводзе «Масандра»
Вытворчасьць віна на заводзе «Масандра»

Новаму ўладальніку дастануцца тысячы гектараў вінаграднікаў, вытворчыя магутнасьці, сельскагаспадарчая тэхніка, будынкі і памяшканьні агульнай плошчай амаль 1 млн квадратных мэтраў, сам брэнд і найбуйнейшая ў сьвеце калекцыя вінаў, якая налічвае больш за 1 млн бутэлек.

Экспэрты не сумняваюцца, што «Масандру» рыхтуюць да продажу пад загадзя вызначанага пакупніка. Прычым гэта відавочна не шараговы інвэстар — інакш бы ўлады ня сталі ладзіць такую складаную шматступенную працэдуру вываду актываў зь дзяржаўнай уласнасьці.

Апошнімі гадамі ўладальнікамі ўсіх буйных вінзаводаў Крыму становяцца бізнэс-структуры, якія належаць людзям з найбліжэйшага атачэньня Ўладзіміра Пуціна.

  • У 2019 годзе Інкерманскі завод марачных вінаў перайшоў ва ўласнасьць прыватнага вінароба Валерыя Захар’іна. Але ён хутчэй выступае як «зіц-старшыня»: сапраўднымі бэнэфіцыярамі лічацца структуры, якія знаходзяцца пад санкцыямі банку «Расея». Уладальнікі «Расеі» — сябры і партнэры прэзыдэнта РФ: Юрый Кавальчук, Генадзь Цімчанка ды іншыя. Схему з Захар’іным прыдумалі, каб без праблем выкупіць прадпрыемства ў ранейшых уладальнікаў.
  • У 2017 годзе завод шампанскіх вінаў «Новы сьвет» прадалі на аўкцыёне за 1,5 млрд рублёў кампаніі «Паўднёвы праект», якая ўваходзіць у структуру ўсё таго ж банку «Расея». Інвэстары абяцалі мадэрнізаваць прадпрыемства, але пакуль што выяжджаюць выключна на старым багажы. Адзіным новаўвядзеньнем стала падвышэньне розьнічнай цаны на знакаміты новасьветаўскі брут у паўтара-два разы.
  • За год да гэтага балаклаўскі вінзавод «Залатая балка» набыў для сваёй жонкі маскоўскі бізнэсмэн Арцём Зуеў, якога ў прэсе зьвязваюць зь дзяржаўнай карпарацыяй «Растэх». Кіраўнік карпарацыі Сяргей Чэмезаў — блізкі сябар Уладзіміра Пуціна.
  • У 2015 годзе зьявілася інфармацыя аб тым, што вінная гаспадарка Alma Valley у Бахчысарайскім раёне можа належаць структурам кіраўніка ВТБ Андрэя Косьціна.
  • А невялікую вінакурню Château Côtes de Saint-Daniel у Гурзуфе зьвязалі з кіраўніком «Лукойла» Вагітам Алекперавым.
  • Самае галоўнае вінаробнае прадпрыемства паўвострава, верагодна, чакае падобная доля. СМІ называюць у ліку прэтэндэнтаў на «Масандру» старшыню праўленьня «Сбербанка» Германа Грэфа, экс-міністра сельскай гаспадаркі Аляксандра Ткачова, бізнэс-амбудсмэна Барыса Цітова (ягонай сям’і належыць гаспадарка «Абраў-Дзюрсо») і іншых асоб.

Крымскі грамадзянскі актывіст Аляксандар Таліпаў упэўнены, што прадпрыемства, па прыкладзе «Новага сьвету», дастанецца саўладальніку «Расеі» Юрыю Кавальчуку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG