Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны адзін аднаго фіксуюць, зьбіраюць кампрамат». Былы сьледчы пра відэа з аўтазака


У сеціве зьявілася відэа беларускіх пратэстаў, зьнятае на камэры, якія носяць на грудзях сілавікі. Яго апублікавала ініцыятыва By_Pol, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Беларусі, што адмовіліся выконваць загады. Яны публічна ці непублічна заявілі пра сваю нязгоду і звольніліся з органаў. Некаторыя зь іх зьехалі за мяжу, іншыя застаюцца ў Беларусі.

Адзін з арганізатараў ініцыятывы By_Pol — Андрэй Астаповіч. Ён быў сьледчым у Менску. Звольніўся пасьля ўсплёску гвалту ў краіне. Цяпер жыве ў Варшаве. Зь ім пагутарыла «Настоящее время».

— Як вам удалося здабыць гэтае відэа?

— Адкрыта сказаць не магу, але патлумачу, што цяперашняя ўлада пачынае перасьледаваць сваіх жа супрацоўнікаў усярэдзіне сыстэмы. Я ўжо даваў камэнтар з нагоды ўсіх сьпісаў тых, хто аддаў подпісы за кандыдатаў: як яны пачынаюць вылічваць людзей, звальняць, разатэстоўваць, пазбаўляць выслугі, званьняў і пэнсій, — тых, хто супраць цяперашняй улады і застаецца яшчэ ўнутры сыстэмы. Праз такія дзеяньні той жа ўлады ўжо пратэставыя павевы ў самой сыстэме — людзі пачынаюць сябе абараняць. Гэта інтэлектуальны блёк, які гатовы цяпер паваяваць зь сілавым блёкам, які непасрэдна займаецца тым, што адлюстравана на відэазапісах. Цяпер ужо пачынаецца ўнутраная вайна; паглядзім, хто пераможа: малпа з дручком ці інтэлект.

— Усярэдзіне шмат незадаволеных?

— З цэнтральных апаратаў па 700 подпісаў яны выявілі толькі з штабу Бабарыкі. Аблічбаваных, якія яны дасталі з цэнтральнага апарату МУС — там 700 чалавек падпісаліся.

— Яшчэ да выбараў?

— Так, гэта паводле пашпартных зьвестак подпісы ставяцца. Цяпер усе гэтыя подпісы з ЦВК цалкам аблічбавалі, прааналізавалі і пачынаюць людзей звальняць, выганяць, перасьледаваць за грамадзянскую пазыцыю, проста за меркаваньне, за подпіс. І пачынаецца зваротны працэс.

— Наколькі шмат людзей, якія, назіраючы гэтую жорсткасьць сілавікоў на вуліцах Менску і іншых гарадоў, вырашаюць пакінуць органы?

— Не магу сказаць канкрэтную лічбу. Гэта дужа складана адсачыць. Некаторыя зьвяртаюцца [да нас], некаторыя проста сыходзяць, не заяўляючы пра сябе ў мэтах асабістай бясьпекі і гэтак далей. Калі ўзяць тых, хто афармляў заяву ў By_soul, там у іх лічба дасягнула ўжо тысячы чалавек. Але я ведаю, што працэнтныя суадносіны тых, хто туды зьвярнуўся, і сышоў, нават 50 на 50, пэўна, ня будзе, — больш у бок тых, хто не зьвярнуўся.

— А тыя, хто застаюцца і працягваюць выконваць гэтыя загады: ці вы разумееце, адкуль у іх такая жорсткасьць?

— Па-першае, тыя, хто застаюцца, неабавязкова выконваюць гэтыя загады. Сыстэма сілавога блёку велізарная, і ўсіх пад адну марку браць нельга. Вельмі шмат людзей, якія займаюцца проста звычайнай злачыннасьцю — у цяперашні момант яна нікуды не падзелася, — і яны не датычныя да гэтых падзеяў. Вядома, калі гэта ўсё адбываецца і яны наўпрост з гэтым сутыкаюцца, прынамсі як сьведкі, яны ня згодныя, плюс іх пачынаюць яшчэ ўнутраныя службы вельмі моцна прэсаваць, і пачынаюцца такія павевы: «Я пакуль застаюся ў сыстэме, таму што мне так жыцьцёва неабходна з тых ці іншых прычынаў, але змагацца я цяпер буду, як партызан, інакш».

— Тыя, хто выходзіць на вуліцы, бʼюць пратэстоўцаў, і ня проста бʼюць, а зьдзекуюцца і катуюць, у іх адкуль такая жорсткасьць, ці вы разумееце?

— Гэта больш пытаньне да вайсковых псыхолягаў.

...

— Паводле вашых ацэнак, што можа спыніць гэты гвалт?

— Я думаю, час раней ці пазьней спыніць гэты гвалт. Бо няма простага супраціву, няма ваенных дзеяньняў, што вельмі добра. І [адбываецца] проста мірным шляхам высмоктваньне рэсурсаў, расхістваньне ўсіх сыстэм. Зьмены будуць адбывацца паступова, бо будзе стома ў тых, хто гэты гвалт увесь час прымяняе. Ідуцьувесь час вялізныя рэсурсы на падтрыманьне ўсёй цяперашняй сыстэмы ў такім выглядзе, у якім ёсьць, калі ўвесь народ супраць і яго трэба стрымліваць. Прымусіць працаваць чалавека эфэктыўна, калі ён супраць, немагчыма. Гэта зацяжны супраціў, калі ісьці мірным шляхам. Але кожны думае па-свойму. Мы думаем, што мы дабʼёмся свайго.

— А ці можа думка асобна ўзятага супрацоўніка зьмяніць нейкае стаўленьне да яго? Напрыклад, калі хтосьці з пратэстоўцаў падорыць яму кветку, ці можа ён расчуліцца? Ці калі будуць заклікаць падумаць пра матуль?

— Таксама пытаньне да псыхолягаў. Але, на маю думку, для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў кветка, асабліва для нашых, гэта крыху ня той падыход. Я не кажу, што іх павінны перасьледаваць і біць, але гэта дакладна не спрацуе на тых, хто прымяняе гвалт і такую лютасьць.

Спрацуе, хутчэй, увядзеньне рэальных санкцый і небясьпека крымінальнага перасьледу на самой справе, і вэрыфікацыя кожнага, хто ўчыняў. Тады яны будуць гэта разумець і разумець, што маска не дапаможа. Тады крыху яны ўжо будуць думаць, што раптам рэжым памяняецца. Лукашэнка быццам таксама стары і ня вечны, хтосьці памяняецца. І ўся гэтая працэдура ўсё-ткі правядзецца ці ў рамках міжнароднага расьсьледаваньня — і ты зь Беларусі нікуды ня выедзеш — ці тады, калі ўлада зьменіцца, ніхто гэтага не забудзе.

Калі будзе разуменьне, што цябе вызначылі, на табе вісіць ужо завочна адказнасьць, якую проста прыменяць рана ці позна, — гэта крыху паўплывае на тых, хто чыніў [гвалт]. Яны пачнуць баяцца і думаць пра сваю будучыню. І [паўплывае] на тых, хто можа гэта ўчыніць, але яшчэ не рабіў, хто стаў сьведкам. То бок у пляне сваёй абароны і пацьверджаньня таго, што ён гэтага не рабіў, ён проста будзе сьведчыць на ўсіх астатніх, хто вельмі моцна лютаваў, што ўжо, у прынцыпе адбываецца: яны адзін аднаго фіксуюць, зьбіраюць кампрамат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG