Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думала, што АМАПавец вядзе мяне «грузіць», але ён адвёў у бок і сказаў: «Уцякай адсюль, бяжы»


АМАПащцы вядуць Вікторыю ў аўтазак

Жыхарка вуліцы непадалёк ад «Плошчы Пераменаў» расказала «Свабодзе», як яе падчас разгону затрымаў адзін АМАПавец, а праз хвіліну вызваліў іншы.

Гэта адбылося ўжо пасьля таго, як вакол муралу засталася няшмат народу. Калі сілавікі пачалі рухацца да групы людзей, тыя сталі ў счэпку.

«Да нас выйшаў Балаба (кіраўнік менскага АМАПу — РС). Ён сказаў, што мы акружаныя, што проста сысьці нам не дадуць. Маўляў, мы дамо вам пэўныя гарантыі: калі вы добраахвотна, прайшоўшы ў службовы транспарт, паедзеце ў тэрытарыяльнае РУУС, вас ніхто чапаць ня будзе. „Наогул, мы і дагэтуль вас ня тое, каб білі“, так сказаў,» — расказвае Вікторыя.

АМАП падышоў да людзей ушчыльную і атачыў, пачаліся спробы разарваць счэпку.

«Калі нас пачалі вырываць, я крыкнула Балабу: „Вось вашы гарантыі, вось ваш дыялёг!“. Ён проста зрабіў незадаволены барскі твар. Ён наогул на любыя пытаньні і словы людзей або хаміў, або маўчаў,» — расказвае жанчына.

Калі Вікторыю вырвалі са счэпкі, то павялі разам з усімі ў бок аўтазакаў.

«Вялі мяне два АМАПаўцы. Адзін вёў мужчыну, заламалі яму рукі за сьпіну, а другі ішоў са мной. Ён са мной размаўляў, паводзіў сябе вельмі ветліва. Сказаў: «Вы ж самі пойдзеце, добраахвотна, так?». Я адказала, што, вядома, бачыце, іду сама, мяне можна не хапаць. Ён сказаў: «Ну, затое пакатаецеся», – і ўсьміхнуўся. Я адказала: «Ну так, усё бывае ў першы раз».

Пакуль вялі, Вікторыя пасьпела патэлефанаваць маці і сказаць, што яе, хутчэй за ўсё, павязуць у Цэнтральны РУУС.

За некалькі хвілінаў да затрыманьня
За некалькі хвілінаў да затрыманьня

«Потым нас давялі да аўтазака, але там была чарга і мы спыніліся. Да мяне падышоў іншы АМАПавец, узяў пад руку. Падумала, што вядзе мяне «грузіць», але ён адвёў мяне ў бок і сказаў: «Бяжы». Я спачатку ад стрэсу не зразумела, не чакала такога жэсту добрай волі, але ён паглядзеў на мяне і сказаў: «Сыходзь адсюль, бяжы».

Гэтую сытуацыю бачылі іншыя АМАПаўцы, але не запярэчылі. Чаму так здарылася, Вікторыя ня ведае. Паводле яе, шмат каго вялі з заламанымі за сьпіну рукамі, толькі некаторым жанчынам давалі проста ісьці, але яна не заўважыла, каб кагосьці адпусьцілі.

«Мама верыць, што проста сумленны АМАПавец трапіўся. Наогул, я ня ведаю, чаму Вы далі мне сысьці, але хачу сказаць дзякуй. Хочацца верыць, што гэта не выпадковае супадзеньне, а ў Вас сапраўды засталося нешта чалавечае,» — зьвярнулася Вікторыя да невядомага ёй сілавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG