Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопец зь відэа, дзе сілавікі жорстка затрымліваюць людзей у краме на Чарвякова, расказаў, што адбылося


«Мы былі на „плошчы Перамен“, а пасьля вырашылі пайсьці ў „Гіпа“ ў прыбіральню і пагрэцца. Там хвілін 15 ужо стаялі ў чарзе, калі пачулі гукі сьвятлашумавых гранат на вуліцы, — апавядае ён. — Я выйшаў, і там ужо было мора сілавікоў у чорным. Людзі стаялі каля крамы і грукалі па мэталічнай паверхні. Калі сілавікі пабеглі ў бок гіпэрмаркета, людзі запанікавалі, сталі забягаць у краму. І я таксама зайшоў».

Далей, кажа хлопец, ужо адбывалася тое, што відаць на відэа.

«Заляцеў спачатку адзін у чорным, як ашалелы, пачаў біць і круціць хлопца. А пасьля забеглі яшчэ чалавек шэсьць, наляцелі на мяне, на мужчыну побач, — згадвае хлопец. — Пачалася нейкая сеча, у якой не разумеў нічога, я хапаў мужчыну за руку, каб быць разам, чапляўся за мэталічную агароджу, а яны працягвалі дручкамі біць мяне і людзей побач. Мяне схапілі за каўнер, і я ўжо недзе ўнутры адчуваў, быццам хана будзе, быццам мяне ўжо амаль нясуць у пекла.

Але я трымаўся да апошняга, людзі дапамагалі, жанчыны, здаецца, крычалі „Ня біце, спыніцеся“. Пасьля памятаю, што я на падлозе, мяне адзін з нападнікаў цягне за нагу, я чапляюся за ногі людзей, за што трапляецца».

Хлопцу пашанцавала — сілавікі пайшлі з крамы, не затрымаўшы яго. Але на галаве засталіся раны. Яму на дапамогу прыйшлі мэдыкі, якія апынуліся побач, — прынесьлі бінты, прамылі параненую галаву.

Хлопец зьвярнуўся ў шпіталь. Кажа, што давялося доўга сядзець у чарзе. Яму наклалі 3 швы і паставілі дыягназ ЧМТ. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

Яшчэ кажа, што ў яго моцна баліць нага — «уся сіняя, і хадзіць цяжка».

«Пакуль я сядзеў тры гадзіны ў шпіталі, прывозілі іншых людзей у дрэнным стане, зламанымі і пабітымі, — кажа хлопец. — А вахтарка, жанчына пажылога веку, увесь час чаплялася да людзей і лаялася, казала, што на месцы прэзыдэнта страляла бы іх на месцы ўсіх».

15 лістапада, на 99-ы дзень пратэстаў супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і гвалту, у Менску і іншых гарадах Беларусі праходзілі акцыі ў памяць забітага актывіста 31-гадовага Рамана Бандарэнкі.

Падчас нядзельных акцый пратэсту ў Беларусі затрымалі ня менш за 25 журналістаў, у тым ліку афіцыйных расейскіх СМІ.

У менскім двары ў раёне вуліцы Чарвякова, які назвалі «плошчай Пераменаў», пасьля разгону акуцыі памяці забітага актыівста Рамана Бандарэнкі і затрыманьня сотняў людзей, камунальнікі разабралі народны мэмарыял.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG