Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’і Бандарэнкі пакуль не аддаюць цела Рамана


Народны мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі ля амбасады Беларусі ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота.

Стрыечная сястра загінулага Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка паведаміла Свабодзе, што сямʼі пакуль не аддаюць цела Рамана. Таму пакуль невядомая і дата пахаваньня.

«Цяпер судова-мэдычная экспэртыза праходзіць. Справа, якой яшчэ афіцыйна няма, перададзеная ў пракуратуру. Толькі ў панядзелак мы пойдзем у Генэральную пракуратуру даведацца, калі нам будуць выдаваць цела — найбліжэйшым ці не найбліжэйшым часам. Калі судова-мэдычная экспэртыза будзе зробленая і будзе нейкае рашэньне па ёй, тады нам, напэўна, дадуць дазвол на выдачу цела. Пакуль мы ў няведаньні. Бліжэйшы пункт, якога чакаем, — панядзелак. Пра дзень і месца пахаваньня пакуль не вядома», — сказала стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.

Вольга Кучарэнка расказала, што вельмі шмат людзей прапануе сямʼі дапамогу ў арганізацыі і фінансаваньні пахаваньня: «Мы дзякуем і пішам, што будзем мець на ўвазе. Абавязкова паведамім, як толькі будзе пэўнасьць».

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня, расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG