Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Потым здарыўся эпізод, які перавярнуў усё маё ўяўленьне пра жыцьцё». Доктарка Маркелава пра дзень катаваньняў


Лекарка Ірына Маркелава

Ірына Маркелава працуе эндаскапісткай у мэдычным цэнтры «Ладэ». Яе затрымалі ў нядзелю каля Нямігі, калі яна гуляла зь сяброўкамі.

«Пачаўся дождж, я раскрыла чырвона-белы парасон. Да нас пад’ехалі аўтазакі, і „людзі ў чорным“ загрузілі туды каля 32 чалавек. Каля Палацу спорту нас перамясьцілі ў аўтазакі з камэрамі.

Потым здарыўся эпізод, які перавярнуў усё маё ўяўленьне пра маё жыцьцё. Мы адчулі нейкі пах — нібы пусьцілі газ. Усе пачалі кашляць. Я адчула, што не магу дыхаць. У мяне здарыўся лярынгаспазм — гэта калі галасавыя зьвязкі змыкаюцца цалкам — немагчыма зрабіць ні ўдых, ні выдых. Гэта такі стан, калі ты разумееш: ты гінеш. Вельмі лёгка можна памерці ад асьфіксіі — і ўсё. Мае суседкі пачалі крычаць, што чалавеку дрэнна. Але там ніхто ня чуў, бо дзьверы былі зачыненыя. Да таго ў калідорчык паміж камэрамі кідалі хлопцаў і білі. Магчыма, газ распылілі на кагосьці, і ён трапіў да нас.

Нас прывезьлі ў Заводзкі РУУС. На вуліцы мы прастаялі тварам да сьцяны 10-15 хвілін, а потым нас перавялі ў актавую залю, дзе было шмат пабітых хлопцаў. У некаторых твар быў пазначаны фарбай, валасы выстрыжаныя, яны кульгалі».

У Ірыны арыштавалі ланцужок з крыжыкам і завушніцы. Пасьля затрыманых перавезьлі ў Жодзіна.

«На ўваходзе ў турэмны корпус, як і ў аўтазаку, ляжаў бел-чырвона-белы сьцяг. Адна жанчына старалася не наступаць на сьцяг — за гэта яе ўдарылі дручком. Па калідорах нас прымушалі ісьці, як гусі, упрысядку. Пэнсіянэркі, якім было па 60-70 гадоў, таксама вымушаныя былі ісьці гусіным крокам. У адной жанчыны не атрымлівалася, у яе былі праблемы з суставамі. На гэта супрацоўнік турмы крычаў: „Так, паднялася! Празь цябе ўсе пойдуць гусямі да канца“. Ніяк інакш, як катаваньні, гэта не назавеш.

Нас разьдзелі дагала і аглядалі нават прамежнасьць. Пасьля завялі ў камэру. На 12 чалавек было 6 паверхняў з мэталічных пласьцін. Ляжалі па двое. На мне быў лыжны касьцюм, таму ляжаць было ня так балюча, як іншым. Уначы прывялі яшчэ жанчын — у камэры на 6 чалавек стала 27. Дыхаць рабілася немагчыма. Бракавала кіслароду. Больш за суткі нас не кармілі.

Увечары мяне прывялі на суд. У выніку маю справу адправілі на перагляд і далі позву ў суд на 23 лістапада».

Ірына Маркелава выхоўвае 8-гадовага сына. Яе муж Дзьмітры Маркелаў, хірург Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі, цяпер знаходзіцца за кратамі і адбывае пакараньне за акцыю салідарнасьці мэдыкаў з адлічанымі студэнтамі БДМУ, якая прайшла 2 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG