Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зьявілася беларуская дыстанцыйная школа. Як яна будзе працаваць


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларуская дыстанцыйная школа пасьля тыдня працы ў тэставым рэжыме пачне паўнавартаснае функцыянаваньне. Яе мэта — навучаць ва Ўкраіне дзяцей тых беларусаў, хто быў вымушаны пакінуць радзіму праз палітычны перасьлед і ціск за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў.

«Ад сёньня школа працуе ў тэставым рэжыме. У ёй двое вучняў, гэта мае дзеці, і на іх мы ўсё адпрацоўваем, каб ужо з панядзелка (9 лістапада) маглі далучыцца астатнія вучні. Але, па сутнасьці, мы ўжо працуем», — паведаміла Свабодзе ініцыятарка стварэньня ва Ўкраіне дыстанцыйнай беларускай школы, акторка і сьпявачка Анастасія Шпакоўская.

Наста Шпакоўская
Наста Шпакоўская

Паводле яе, юрыдычна беларуская школа прымацаваная да дзьвюх прыватных украінскіх школ, настаўнікі якіх будуць выкладаць асноўную праграму. Такая юрыдычная арганізацыя дазволіць атрымліваць атэстат дзяржаўнага ўзору. У школе будуць сфармаваныя клясы ад 4-й да 10-й з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі, ангельскай мовы і праграмаваньня.

«Мы прымацаваныя да дзьвюх прыватных украінскіх школ — ліцэю „Греміум“ і школы Gios, якая праводзіць вельмі цікавыя заняткі па матэматычным кірунку, і яны пагадзіліся выкладаць для нашых дзетак па-расейску. Яны працуюць зь дзяржаўнай ліцэнзіяй», — паведаміла ініцыятарка праекту.

«Я адразу хачу патлумачыць, бо ў мой бок ужо ляціць каменьне, чаму дзеці не навучаюцца па-беларуску па ўсіх прадметах: немагчыма знайсьці ва Ўкраіне ўкраінскага настаўніка, які будзе выкладаць прадмет паводле ўкраінскай адукацыйнай праграмы, ды яшчэ па-беларуску. Усе беларускія прадметы — мова, літаратура, гісторыя — будуць выкладацца толькі па-беларуску. Па іншых прадметах у нас толькі два варыянты — або расейская, або ўкраінская мова навучаньня. Мы выбралі расейскую, бо дзеці ўжо вучыліся па-расейску ў Беларусі», — патлумачыла Анастасія Шпакоўская.

Паводле яе, адукацыйны працэс прадуманы дэталёва. «Наш праект дабрачынны. Разьлічаны пэўны фінансавы ўнёсак, але будуць вялікія зьніжкі для тых людзей, якія апынуліся ў вельмі складаным фінансавым становішчы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы дзеці працягвалі вучыцца і вывучалі беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Гэта ў першую чаргу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG