Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто бастуе 26 кастрычніка


26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Вось хто далучыўся да страйку ў гэты дзень

Прадпрыемствы:

«Беларуськалій» — вядома сама меней пра 41 шахтара, што бастуюць, яшчэ 5 шахтароў сёньня далучыліся да страйку, у тым ліку Аляксандар Ільюшчыц з 1-га рудніка. На прахадных руднікоў дзяжураць аўтамабілі зь міліцыянтамі.

МТЗ — па тэрыторыі заводу прайшла калёна рабочых, якія заклікалі далучацца да страйку. Колькі працаўнікоў страйкуе, пакуль невядома. Каля галоўнай прахадной дзяжурыць аўтазак.

Менскі маторны завод. Па выніку сходу, у якім бралі ўдзел каля 50 працаўнікоў, сама меней адзін далучыўся да страйку, іншыя выказаліся за адстаўку Лукашэнкі і вызваленьне палітвязьняў.

Менскі электратэхнічны завод імя Казлова. З раніцы не працуюць сама меней 300 чалавек з 6, 9 і 16 цэхаў і філіі ў Калядзічах. Патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, кажуць, што законным прэзыдэнтам краіны лічаць Сьвятлану Ціханоўскую.

МАЗ. Прайшла сустрэча працаўнікоў, якія падтрымліваюць страйк, з намесьнікам гендырэктара. Больш за 50 чалавек пацьвердзілі патрабаваньне аб адстаўцы Лукашэнкі. Паводле апошніх зьвестах, 100 чалавек далучыліся да «італьянскай» забастоўкі.

МЗКЦ. На тэрыторыі заводу раніцай прайшоў сход працаўнікоў, якія меркавалі далучыцца да страйку. Колькасьць тых, хто страйкуе, невядомая. Каля заводу з раніцы дзяжурыў аўтазак.

«Атлант». На заводзе лядоўняў «Атлант» прайшоў марш з заклікамі далучацца да страйку. Колькі працаўнікоў бастуе, невядома.

Рэчыца. Да 10 супрацоўнікаў управы прамыслова-геафізычных работ «Беларусьнафты» заявілі празь відэазварот, што далучаюцца да страйку.

БелОМА. Некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў прайшлі па праспэкце Незалежнасьці з плякатам: «„БелОМА“ супраць гвалту».

Прыватны бізнэс: «інвэнтарызацыя», «тэхнічныя прычыны», зрэдку — «забастоўка»

Некаторыя невялікія фірмы, прадпрыемствы, аб’екты гандлю і сфэры паслуг просяць іх не называць — апасаюцца наступстваў, шматлікіх праверак і перасьледу.

Некаторыя адкрытым тэкстам пішуць: не працуем у сувязі з рэспубліканскім страйкам. (Да прыкладу, Velosiped studio).

Сярод тых, хто не працаваў 26 кастрычніка, — крамы, рамонтныя майстэрні, інтэрнэт-крамы, службы дастаўкі, кавярні, цырульні, прыватныя школы і моўныя курсы, турыстычныя кампаніі, індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя.

Imaguru Startup HUB паведамляе:

«Дарагія нашы сябры, мы далучаемся да народнага страйку і не працуем 26 кастрычніка. Мы разьвівалі Imaguru як месца вальнадумных, сьмелых і таленавітых дзелавых людзей, прадпрымальнікаў і стартапаў... Imaguru ўжо больш за 10 тыдняў зьяўляецца хабам салідарнасьці зь беларускімі прадпрымальнікамі і стартапамі, мы назіраем, як стартапы і прадпрымальнікі зьяжджаюць з краіны, каб захаваць свой бізнэс і людзей, а некаторыя зьнікаюць, многія вымушаны прымаць бізнэс-рашэньні пад гукі стрэлаў і выбухаў. І мы салідарныя з народным страйкам!» — апублікавана ў фэйсбуку.

Не працуюць некаторыя афіцыйныя дыстрыбутары буйных замежных кампаній. Да прыкладу, ААТ «Сота Імпэкс» — афіцыйны дыстрыбутар Kingston, Transcend, Silicon Power. «Разумны дом» у Беларусі, які пастаўляе кампутарныя камплектуючыя і пэрыфэрыю, паведамляе, што «26 кастрычніка не працуе з тэхнічных прычын».

Не працуюць крамы New Balance, Sport Nutrition, Vetka Kvetka.

У сталіцы не працуе каля чатырох дзясяткаў рэстарацый, кавярняў, піцэрый

Закрыта знакамітая кавярня O’Petit, у якой хаваліся пратэстоўцы пасьля маршу пратэсту, а начальнік ГУБАЗіК Карпянкоў разьбіў дзьверы.

З буйных піцэрый і службаў дастаўкі закрытыя Domino’s, Underdog, «Піца Лісіца», Wok.by, Tokiny.

Шмат рэстарацый, бараў і кавярняў не працуе на тусовачнай Кастрычніцкай вуліцы — ENZO, «Лаўка», «Дэпо», «Хуліган».

Некаторыя пішуць пра санітарны дзень, дэзынфэкцыю, рамонт выцяжкі. Некаторыя адкрытым тэкстам намякаюць: «If you know what we mean» («Калі вы ведаеце, што мы маем на ўвазе»).

«З тэхнічных прычын» немагчыма забраць заказы ў OZ.by

Гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі абвясьціла выходны з прычыны «дэзынфэкцыі». Прыватная школа Stembridge пераносіць заняткі з 26 кастрычніка. Таксама пераносіць заняткі і моўная школа Streamline.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG