Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік КДБ: экстрэмісцкія дзеяньні пратэстоўцаў можна кваліфікаваць як акт тэрарызму


Сілавікі разганяюць акцыю пратэсту сьвятлашумавымі гранатамі. Менск, 25 кастрычніка.

«Апошнімі днямі ў Беларусі сталі частымі выпадкі экстрэмісцкіх праяваў з боку пратэстава настроеных асобаў», — заявіў начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак, паведамляе БелТА.

У якасьці прыкладу ён прывёў «спробу захопу будынку Цэнтральнага РУУС» падчас маршу 25 кастрычніка ў Менску. Таксама, паводле Бычака, ноччу 25 кастрычніка ў Гомлі пад тронцам бел-чырвона-белага сьцяга нібыта выявілі «міну-пастку, якая павінна была спрацаваць пры спробе яго выманьня», і былі дзьве спробы падпаліць гандлёвыя шапікі з дапамогай бутэлек з запальнай сумесьсю.

Раніцай 26 кастрычніка на розных участках чыгункі нібыта выявілі «пяць выпадкаў наўмыснага замыканьня ланцуга, што пацягнула за сабой збоі ў працы праграмнага забесьпячэньня і прывяло б да шматлікіх чалавечых ахвяраў, тэхнагенных катастрофаў, буйной матэрыяльнай шкоды», калі б гэтыя дзеяньні не спынілі, заявіў Бычак.

«Гэтыя дзеяньні сплянаваныя і рэалізаваныя арганізаванымі злачыннымі групамі, якія перасьледуюць мэту дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, застрашваньня насельніцтва, гвалтоўнай зьмены існага канстытуцыйнага ладу. Такія дзеяньні, спалучаныя з учыненьнем выбухаў, падпалаў, іншых дзеяньняў, якія ствараюць небясьпеку гібелі людзей, нанясеньня ім цялесных пашкоджаньняў ці надыходу іншых цяжкіх наступстваў, у мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады або перашкоды палітычнай ці іншай грамадзкай дзейнасьці, кваліфікуюцца як акт тэрарызму», — заявіў прадстаўнік КДБ.

Канстанцін Бычак дадаў, што дзеяньням усіх датычных да гэтага асобаў дадуць адпаведную прававую ацэнку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG