Пры разгоне пратэстоўцаў ля Парку высокіх тэхналёгій адзін з супрацоўнікаў АМАП атрымаў траўму, паведамілі Tut.by чытачы. Інфармацыю пацьвердзілі ў ГУУС Менгарвыканкаму.
На кадрах відэа, на якім можна пазнаць мясцовасьць у раёне ПВТ, на газоне ляжыць чалавек у экіпіроўцы супрацоўніка АМАП, да яго падбягаюць іншыя сілавікі і выносяць на руках.
У прэс-службе ГУУС Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што адзін зь сілавікоў пацярпеў.
«Супрацоўнік АМАП атрымаў траўму, ён шпіталізаваны. Паводле папярэдняй інфармацыі, у яго пералом галёнкі са ссоўваньнем. Абставіны здарэньня высьвятляюцца», — сказалі ў ведамстве.
26 кастрычніка ў «ланцуг салідарнасьці» выстраіліся супрацоўнікі кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ. Іх было каля тысячы. Прыехаў АМАП, пачаўся разгон і затрыманьні, відавочцы паведамлялі аб выкарыстаньні спэцсродкаў.
Пасьля таго як сілавікі зьехалі, некалькі соцень удзельнікаў ланцуга вярнуліся на месца, а таксама перакрылі менскую кальцавую дарогу ў раёне Парку высокіх тэхналёгій. Тады сілавікі вярнуліся і зноў разагналі акцыю пратэсту.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com